На новым месцы працы Віталь Бялкоўскі будзе курыраваць кадравую палітыку і, верагодна, вышукваць неляяльных да ўлады, як гэта робяць іншыя прызначаныя ў арганізацыі, установы і на прадпрыемствы сілавікі.
Зьмены ў кіраўніцтве РНПЦ заўважыў тэлеграм-канал «Белыя халаты». Асобу былога сьледчага пацьвердзілі і «Нашай Ніве».
Пры ўдзеле Бялкоўскага былі распачатыя ня менш як 72 крымінальныя палітычна матываваныя справы. У прыватнасьці, у калёнію адправіліся людзі, якія напісалі побач з месцам забойства Тарайкоўскага словы «Не забудзем».
Таксама, як піша «Наша Ніва», Бялкоўскі заяўляў, што пратэстоўцы нібыта нанесьлі вялікія страты Менску і «пашкодзілі маёмасьць».
Службу Бялкоўскі пачаў у 1996-м з пасады сьледчага ў Першамайскім РУУСе Менску. Пасьля стварэньня Сьледчага камітэту стаў начальнікам упраўленьня арганізацыі расьсьледаваньня злачынстваў і каардынацыі апэратыўна-службовай дзейнасьці УСК па Менску. Даслужыўся да намесьніка начальніка ўпраўленьня СК па Менску.