Цяперашні кніжны фэстываль «Прадмова» абуджае ў памяці жывыя карцінкі. У прасторны падвал маёй менскай школы мы прыносілі макулятуру. Гэта быў пачатак 1970-х. Газэты, часопісы, кнігі... Складалі ўсё гэта ў вялікую горку і не сыходзілі, а зараз жа пачыналі корпацца ў прынесеным іншымі, шукаючы кожны свой скарб.
Так у Беларусі пачынаўся кніжны бум, які напоўніцу разгорнецца ў 1980-я. Кніга — дэфіцытны тавар, у краме «Падпісныя выданьні» даўжэзныя чэргі. «Кніга — найлепшы падарунак», а «кватэра бяз кніг — гатэль». Чытаюць усе...
Цяпер быццам вяртаецца колішняе адчуваньне сакральнасьці кнігі, якое так упарта выкараняюць у Беларусі апошнія 30 гадоў. Чыноўнікі з разу ў раз зларадна, з адчуваньнем асабістай перамогі паўтараюць, што «папяровай кнізе канец». Для краіны, дзе галоўны герой гісторыі — першадрукар, гэтая фраза гучыць дзіка. Пагатоў нідзе ў сьвеце нічога такога не адбываецца. Таму кніжны фэст урэшце апынаецца за межамі краіны.
А яшчэ мне ўспамінаецца 2016 год, які афіцыйна быў абвешчаны ў Беларусі Годам культуры. Чыноўнікі захоплена рапартавалі пра першае мерапрыемства «культурнага» году: у краіне закрытыя 200 бібліятэк. Усё як у дзіцячым вершыку: «Што такое Новы год? Гэта ўсё наадварот».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 14 краін, чатыры выдавецтвы, зь Беларусьсю складана. Расказваем пра новую інтэрнэт-кнігарню «Кнігаўка» (+ сьпіс іншых крамаў)У той наш «культурны год», між іншым, у суседняй Польшчы адчынілі 250 новых бібліятэк. І гэта ўжо ня проста бібліятэкі, а мультыкультурныя цэнтры, абсталяваныя ўсімі сучаснымі носьбітамі інфармацыі — адзінае месца, куды ў вёсцы ці мястэчку можна «выйсьці на людзі». А яшчэ прачытаў, што ў чэскай Празе на месцы нейкага аўтасэрвісу адчынілася новая кнігарня. А ў суседняй Літве... Тут нават адмысловае сьвята ёсьць — Дзень кніганошы (16 сакавіка). Кніганошы — гэта кантрабандысты, якія ў ХІХ ст. дастаўлялі з-за мяжы забароненыя кнігі на літоўскай мове. Дастаўлялі, дарэчы, і беларусы — кнігі па-беларуску. Толькі ў літоўцаў гэтая зьява ў ХІХ ст. шчасьліва і завяршылася, а ў беларусаў, здаецца, толькі набірае абароты. Бо ў краіне зноў цэнзура, зноў сьпісы забароненай літаратуры, зноў спэцаддзелы ў бібліятэках, пагаворваюць пра спальваньне шкоднай літаратуры.
Гэта я да таго, што нідзе, апроч Беларусі, папяровая кніга не памерла і паміраць не зьбіраецца. Яна перажывае свой спаконвечны росквіт, які, можа, зьменшыўся ў памерах, саступіўшы месца электроніцы, але ён менавіта росквіт, бо нікуды не падзелася, а толькі павялічылася ўяўленьне пра сакральнасьць кнігі.
На першай і другой «Прадмовах» было такое адчуваньне і ў Беларусі — быццам усё ажывае і ў нас. І нават афіцыёз гатовы быў узрадавацца разам з намі. «В Минске стартовал фестиваль интеллектуальной книги „Прадмова“, во время которого пройдет около сотни мероприятий, сообщили БЕЛТА организаторы. Открыла форум встреча с авторами Ольгердом Бахаревичем, Людмилой Рублевской, Марией Мартысевич и Алесем Рязановым»...
Але так толькі здавалася. Выглядае, што шлях гэты будзе доўгі, як у тых прадаўніх кніганошаў. Зьнішчаныя ўсе незалежныя выдавецтвы, шмат спрычыненага да кнігі люду сядзіць у турмах, многія выціснутыя зь Беларусі, немагчымая ў Беларусі і «Прадмова».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У ягоных творах ёсьць тое, што робіць сухую гісторыю жывой, захапляльнай і запамінальнай». Уладзімеру Арлову — 70Але пішуцца кнігі, аднаўляюць працу выдавецтвы і праводзіцца фэстываль. Не ў Беларусі, дзе ўся незалежная культура афіцыйна прызнаецца за экстрэмізм, то бок за рызыку. А каму цікавая творчасьць бяз рызыкі...
Хто ад гэтага ўсяго страціў? Часткова аўтары, часткова выдаўцы, а татальна — людзі ў Беларусі і сама Беларусь, якая апынулася ў сфэры ўплыву «русского мира» і ня здольнага на пазытыўныя дзеяньні рэжыму, з моцна «падмочаным» сувэрэнітэтам.
Дакладна ня страціла жывая беларуская культура. У Эўропе яна — на сваім адвечным месцы. Яна не выглядае тут экзотыкай, як, напэўна, успрымалася б у Расеі, дзе цяжка ўявіць, напрыклад, прэзэнтацыю Сяргеем Шупам перакладаў расстралянага бальшавікамі Кульбака. Культура трапіла ў асяродзьдзе больш разьвітых функцыянальна культураў, цягнецца да іх і прымаецца імі ў сваё кола. Рэпрэсіі на бацькаўшчыне змусілі культуру да мабілізацыі. Ніхто тут ня стане халтурыць ці графаманіць, бо няма сэнсу, калі ты на кніжным рынку, дзе кніга мусіць прадацца, зацікавіць чытачоў, крытыкаў, перакладчыкаў, сцэнарыстаў... А яшчэ — якасная эўрапейская паліграфія.
«Прадмова» задумлялася арганізатарамі як зародак свайго кніжнага рынку. Ня проста гандаль, а сьвята кніжнага сакруму. Цяпер ужо цалкам у тым выглядзе, як гэта адбываецца на кніжных кірмашах у Эўропе.
Ідучы ў натоўпе такіх самых кніжнікаў на «Прадмову», я ўжо не ўспамінаю, а мару. Напрыклад, пра паўнавартасныя кнігарні. Пра славу нашых аўтараў у сьвеце, то бок пра пераклады беларускай кнігі на іншыя мовы. Пра салідныя выдавецтвы, натуральна. Пра часопіс літаратурнай крытыкі ці проста пра літаратурную крытыку на старонках іншых часопісаў — абавязковы атрыбут разьвітага кніжнага рынку.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наш асноўны чытач і слухач застаецца ў Беларусі». Размова з кіраўніком бібліятэкі «Камунікат»