«Гісторыя на Свабодзе». За «залаты век» у ХХ стагодзьдзі беларусы заплацілі сваёй ідэнтычнасьцю і мовай — Павел Церашковіч

Фотакаляж. Пётр Машэраў, Кірыла Мазураў, Павел Церашковіч.

Што не дазволіла беларусам стварыць сваю паўнавартасную дзяржаву ўжо на пачатку ХХ стагодзьдзя? Што замінала і што дапамагала беларусам на шляху іх нацыянальнага высьпяваньня? Чаму, нягледзячы на войны, эміграцыю, рэпрэсіі і высылкі, Беларусь і беларусы ня зьніклі з мапы сьвету?

Працягваем размову з гісторыкам, аўтарам кнігі «Этнічная гісторыя Беларусі. ХІХ — пачатак ХХ ст.» Паўлам Церашковічам.

0:00 — што не дазволіла беларусам стварыць сваю незалежную дзяржаву ўжо ў 1918 годзе, так, як гэта ўдалося палякам і літоўцам.

2:40 — што замінала беларускаму нацыянальнаму будаўніцтву ў БССР.

6:14 — як ставіцца да 17 верасьня 1939 году.

10:12 — як Другая сусьветная вайна спыніла беларускі нацыянальны рух, а Беларусь страціла 400 тысяч патрыётаў.

12:09 — калі Беларусь страціла сотні тысяч носьбітаў гарадзкой культуры.

13:23 — калі ў Беларусі адбылося трэцяе выданьне прыгону.

16:32 — ці можна разглядаць эпоху Мазурава-Машэрава як новы «залаты век» Беларусі.

23:18 — чаму ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя адбыўся фэнамэнальны нацыянальны ўздым, а пасьля спад.

24:55 — чаму, нягледзячы на рэпрэсіі, высылкі і русыфікацыю, беларусы ня зьніклі.

Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Паўлам Церашковічам:

— Давайце пагаворым пра беларускі рух пачатку ХХ стагодзьдзя. Якія яго асаблівасьці? Што не дазволіла Беларусі стаць такой жа незалежнай краінай, як Польшча і Літва, ужо ў 1918 годзе? Нехта з гісторыкаў кажа — фронт, які праходзіў па тэрыторыі Беларусі, зь яго мільёнам расейскіх салдат. А што скажаце вы?

— Фронт, вядома, гэта істотны фактар. Гэта можна доўга абмяркоўваць. Але галоўная прычына была ўсё ж такі ня ў тым.

Галоўная прычына заключалася ў тым, што сацыяльна-эканамічныя ўмовы ў Беларусі былі вельмі неспрыяльныя для разгортваньня нацыянальнага руху. Беларусы ў некаторых выпадках спазьняліся ў параўнаньні са сваімі суседзямі літаральна на адзін-два-тры гады.

Можна параўнаць вынікі выбараў у Заканадаўчы сход у 1917 годзе, калі беларускія нацыянальныя партыі набралі ўсяго некалькі дзясяткаў тысяч галасоў. А ва Ўкраіне гэтыя галасы ішлі ўжо на сотні тысяч і на мільёны. Гэта было зьвязана з тым, што ва Ўкраіне пасьпелі адбыцца працэсы нацыяналізацыі мясцовых аддзяленьняў агульнарасейскіх партыяў. Там склаліся мясцовыя філіі, якія набылі выразны нацыянальны характар. У Беларусі гэтыя працэсы былі трохі запозьненыя.

У той час, калі была патрэбная масавая мабілізацыя, беларускі нацыянальны рух яшчэ да гэтага ўзроўню не дасьпеў.

— У пасьляваенныя часы Мазураў і Машэраў фактычна сталі першымі беларусамі на пасадзе кіраўніка БССР з 1930-х гадоў. Як іх кіраваньне адбілася на гісторыі Беларусі?

— Каб усьвядоміць, што адбылося ў эпоху Мазурава-Машэрава, трэба зьвярнуць увагу на калгасны лад у СССР, які меў у БССР свае асаблівасьці. Шмат хто з гісторыкаў называе калгасны лад трэцім выданьнем прыгону.

І сапраўды, становішча беларускіх сялян нагадвала становішча, у якім яны былі ў XVIII–XIX стагодзьдзях. Самае галоўнае, што гэтыя людзі былі пазбаўленыя ня толькі сацыяльнай мабільнасьці, але і звычайнай — яны ня мелі нават магчымасьці перасяліцца ў іншае месца. Да эпохі Хрушчова ў сялян не было пашпартоў, а бяз пашпарту пераехаць некуды было немагчыма. Старшыня калгасу або дырэктар саўгасу вырашаў, каму гэты пашпарт даць. І часьцей за ўсё пашпартоў не давалі. Дый самі ўмовы працы нагадвалі тую ж паншчыну, за якую сяляне амаль нічога не атрымлівалі — толькі працадні, што раўназначна нічому.

Пры рабаўласьніцтве гаспадар павінен раба забясьпечваць, а тут раб сам сябе карміў на дараваных дзяржавай сотках. Часта калгас ці саўгас ствараўся на базе былых маёнткаў, толькі замест пана зьяўляўся прадстаўнік дзяржавы.

І вось што адбылося пры Мазураву і Машэраву. Я б назваў гэта «залатым векам» у гісторыі Беларусі, натуральна, у двукосьсі. Чаму? Таму што ў гэты час быў зроблены неверагодны па сваёй значнасьці мадэрнізацыйны скачок.

Яшчэ ў канцы 50-х гадоў ХХ стагодзьдзя гарадзкое насельніцтва Беларусі налічвала менш за 30% ад усёй колькасьці. А пасьля на працягу 30 гадоў павялічылася, калі не памыляюся, да 65%. На працягу жыцьця аднаго пакаленьня адбыліся неверагодныя зьмены. І зьвязаныя гэтыя зьмены былі з тым, што Мазураў і асабліва Машэраў здолелі прыцягнуць фантастычныя, як бы мы сёньня сказалі, інвэстыцыі ў Беларусь. Я сустракаўся з рознымі лічбамі, але ад 1960 да 1975 году гэтая лічба склала каля 40 мільярдаў савецкіх рублёў. Я жыў у тую савецкую эпоху, таму магу сказаць, што гэта прыкладна эквівалентна 40 мільярдам даляраў ЗША. Каб сёньня такія грошы трапілі ў Беларусь, гэта была б зусім іншая краіна.

Гэта адбылося пры Мазураву і Машэраву. Прамысловая вытворчасьць павялічылася амаль у 9 разоў. У Беларусі была пабудаваная новая сельская гаспадарка з гэтымі славутымі жывёлагадоўчымі комплексамі.

І яшчэ важна, што прамысловасьць уяўляла сабой тэхналягічна новую індустрыю — яна была створаная на падставе замежных тэхналёгій. Напрыклад, Беларускі мэталюргічны камбінат у Жлобіне будавалі аўстрыйцы, таму гэта было адно з самых перадавых прадпрыемстваў ня толькі ў СССР, але і ў сьвеце.

І вось уявіце сабе. Людзі, якія жылі ў калгасным прыгоне, фактычна ва ўмовах ХІХ стагодзьдзя, у драўляных хатах, пазбаўленых звычайных для ХХ стагодзьдзя выгод, раптам з гэтага прыгону вырываюцца, становяцца вольнымі. Яны трапляюць на прадпрыемствы, дзе 8-гадзінны працоўны дзень, празь некалькі гадоў яны з інтэрнатаў перасяляюцца ў кватэры, якія дзяржава дае бясплатна, у кватэрах зьяўляецца тэлевізар, лядоўня, сучасная мэбля, а пасьля і звычка езьдзіць у адпачынак у Крым ці ў Юрмалу. Гэта абсалютна іншае жыцьцё, і людзі ўспрымалі гэта як сапраўдны цуд.

Але за гэты цуд прыйшлося заплаціць сваёй мовай і сваёй ідэнтычнасьцю.

Я не магу быць упэўнены, што тое, пра што я зараз раскажу, так і было. Бо гэта вядома збольшага па чутках. Але сама такая падзея была. На пачатку 60-х гадоў Хрушчоў наведваў Менск і выступаў у БДУ. Перад ім быў выступ Мазурава, які выступаў на беларускай мове. Хрушчоў мацюкнуўся і сказаў, што нічога не зразумеў. І наступны яго выступ меў такі мэсыдж: тая нацыя, якая першая адкіне сваю нацыянальную мову і культуру і пяройдзе на расейскую, першая прыйдзе да камунізму.

А камунізм жа абяцалі пабудаваць да 1980 году, і Машэраў, які неўзабаве замяніў Мазурава, успрыняў гэты мэсыдж літаральна. На працягу 60-х гадоў зьніклі ўсе беларускія школы ў гарадах. І было адпаведнае нэгатыўнае стаўленьне да культуры. Напрыклад, пасьля вайны ў Менску не будавалі тэатральных будынкаў. Усе тыя, што былі, пабудаваныя або да рэвалюцыі, або ў міжваенны пэрыяд. І яшчэ будынак аднаго з клюбаў быў рэканструяваны ў тэатар музкамэдыі. Улады лічылі, што культура — далёка ня самае галоўнае. Для Машэрава галоўным былі індустрыя і сельская гаспадарка.

Былі гады, калі Менск паводле прыросту насельніцтва апярэджваў Мэхіка. У год прыяжджала па 100–120 тысяч чалавек, якія вырваліся з калгаснага прыгону і трапілі ў той «залаты век». І яны лічылі, што каб стаць сучасным чалавекам, трэба адмовіцца ад гэтай калгаснай мовы. І да гэтага дадавалася ідэалёгія — сапраўды, хутка будзе камунізм і ўсе будуць размаўляць на адной расейскай мове.

— У 90-я гады ХХ стагодзьдзя адбыўся кароткі нацыянальны ўздым і затым спад, адкат назад. Чаму так адбылося?

— Так, той уздым быў, канечне, абсалютна фэнамэнальны. Здавалася, што пасьля Другой сусьветнай вайны, пасьля сталінскіх рэпрэсій у Беларусі ўжо ніколі ня будзе нацыянальнага руху. І тое, што ён зьявіўся ў канцы 1970-х гадоў у гарадзкім асяродзьдзі, гэта абсалютна фэнамэнальная рэч.

А тое, што пэрыяд нацыянальнага ўздыму быў такі нядоўгі, зноў жа зьвязана з тым умоўным «залатым векам». Бо на пачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь здабыла незалежнасьць, адбылося проста шалёнае падзеньне ўзроўню жыцьця. І шмат для каго ўзьнікла ўстойлівая асацыяцыя той галечы, якая раптоўна абрынулася на людзей, з дэмакратыяй і нацыянальнай культурай. І калі Лукашэнка паабяцаў вярнуць Беларусь у «залаты век», «запусьціць заводы», людзі яму паверылі. Таму ён і прыйшоў да ўлады.

Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:

Your browser doesn’t support HTML5

Што замінала беларусам у БССР. Аўдыё

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Расея не навязала беларусам назву, яе выбраў нацыянальны рух ХІХ стагодзьдзя, — Павел Церашковіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Мова Вялікага Княства Літоўскага дае беларусам права на спадчыну гэтай дзяржавы — Павел Церашковіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Князі ВКЛ не цікавіліся літоўскай мовай і культурай, — Павел Церашковіч

«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць

Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».

Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.