Буйная расейская авіякампанія з прычыны санкцый паставіла «на прыкол» 20 працэнтаў сваіх самалётаў

Агляд самалёта Boeing. Ілюстрацыйнае фота

Ва ўмовах санкцый немагчыма рамантаваць сучасныя авіярухавікі.

Другая па памеры расейская авіякампанія S7 скароціць асеньне-зімовы расклад на 10–15% адносна мінулага году з прычыны праблем з рамонтам амэрыканскіх рухавікоў, устаноўленых на самалётах Airbus A320/А321neo.

Гэта адбываецца пасьля ўвядзеньня санкцый у адказ на ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

Як піша газэта «Коммерсант», цяпер каля 20% парку S7, у якім 103 паветраныя судны, ня лётае і знаходзіцца на абслугоўваньні, у тым ліку 14 з 39 самалётаў А321neo.

Адна з крыніц газэты сьцьвярджае, што S7 хацела пазбавіцца ад самалётаў Airbus neo і запытаць дазвол Мінтранса на вываз за мяжу як мінімум 22 бартоў. Аднак у авіякампаніі заявілі, што не падавалі заявак на вываз самалётаў за мяжу і знаходзяцца «ў пошуках рашэньня па рамонце рухавікоў P \u0026 W (Pratt \u0026 Whitney)».

Чакаецца што праблемы з Airbus neo могуць зьявіцца і ў іншых авіякампаній, бо рухавікі Pratt & Whitney апошняга пакаленьня не рамантуюць ні ў Расеі, ні ў Іране, куды з прычыны санкцый расейскія авіякампаніі адпраўляюць самалёты на тэхнічнае абслугоўваньне.

Расейскія авіякампаніі навучыліся абыходзіць санкцыі пры ўвозе запчастак, але рухавікі новага пакаленьня «чыпаваныя», іх перамяшчэньне кантралюецца. Абслугоўваць рухавікі гэтых самалётаў без афіцыйнай падтрымкі і абнаўленьня праграмнага забесьпячэньня немагчыма, як і ўвозіць іх па шэрых схемах, адзначаюць экспэрты.

У канцы лютага 2022 году, пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны, абмежаваньні на палёты расейскіх авіякампаній увялі ЗША, Эўразьвяз і іншыя краіны. ЭЗ забараніў экспарт у Расею тавараў і тэхналёгій, якія выкарыстоўваюцца ў авіяцыйным і касьмічным сэктарах, а таксама забараніў страхаваньне і тэхнічнае абслугоўваньне тавараў, зьвязаных з гэтымі галінамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі «Аэрофлот» упершыню адправіў самалёт на рамонт у Іран праз антываенныя санкцыі Захаду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць авіякампаніі «Белавія»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турэцкая кампанія адмовілася абслугоўваць самалёты зь Беларусі, Ірану і Расеі