У паведамленьні гаворыцца, што цела без прыкмет жыцьця знаходзілася паблізу брамкі ў агароджы, устаноўленай на латвійскай тэрыторыі. У мёртвага — меркавана, грамадзяніна Шры-Лянкі — знайшлі грошы і пасьведчаньне кіроўцы.
Адзначаецца, што з пачатку году гэта ўжо сёмая сьмерць уцекача на мяжы з Латвіяй, зафіксаваная беларускімі памежнікамі.
Латвія, як Польшча і Літва, абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў наўмысным і сыстэматычным падвозе мігрантаў да зьнешняй мяжы ЭЗ для стварэньня палітычнай напружанасьці. Гэтыя краіны ў адказ умацавалі межы зь Беларусьсю, пабудавалі высокі плот.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 100 мігрантаў штурмавалі мяжу Эўразьвязу з боку БеларусіНа пачатку кастрычніка начальнік памежнай службы Латвіі Гунтыс Пуятс паведаміў Латвійскаму тэлебачаньню, што латвійскія памежнікі заводзяць у сярэднім ад васьмі да дзесяці крымінальных спраў на тыдзень за арганізацыю нерэгулярнай міграцыі — як за перавод людзей празь мяжу, так і за далейшы перавоз у іншыя эўрапейскія краіны.
Акрамя таго, зь лета тыя, хто спрабуе перасекчы мяжу, сталі больш агрэсіўнымі, сказаў Пуятс. Аднаго разу быў напад на памежніка, а ў чатырох выпадках афіцэрам прыйшлося выкарыстоўваць агнястрэльную зброю, каб спыніць аўтамабілі. Да таго ж, паводле Пуятса, зь беларускага боку ў латвійскіх памежнікаў неаднаразова кідаліся камянямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі генэрал: Пакуль Пуцін будзе кантраляваць Лукашэнку, ніякія санкцыі і эмбарга не дадуць плёну