Украінская выведка заявіла аб імавернасьці супольнай правакацыі спэцслужбаў Расеі і Беларусі каля мяжы з Польшчай

Украінска-беларуская мяжа. Ілюстрацыйнае фота

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну розныя арганізацыі пэрыядычна паведамляюць аб намерах спэцслужбаў Расеі і Беларусі арганізаваць правакацыі на мяжы «пад чужым сьцягам». Пакуль што іх не было.

Цэнтар нацыянальнага супраціву, які зьвязваюць з вайсковай выведкай і Сіламі спэцыяльных апэрацыяў Украіны, заявіў аб нібыта дасягнутай дамоўленасьці між Фэдэральнай службай бясьпекі Расеі і Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі аб арганізацыі правакацыі «пад чужым сьцягам», каб ускласьці адказнасьць за яе на Ўкраіну.

«На цяперашні час як аб’ект для тэракту разглядаецца нафтабаза „Брэстаблнафтапрадукт“ паблізу населенага пункту Прылукі Берасьцейскай вобласьці, што месьціцца недалёка (2 кілямэтры) ад беларуска-польскай мяжы», — адзначаецца ў паведамленьні цэнтру.

Згодна з інфармацыяй украінскага боку, плянуецца скіданьне [выбухоўкі] зь бесьпілётніка. Аэравыведку імаверных аб’ектаў сёлета ў жніўні нібыта ажыцьцяўлялі вагнэраўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У СБУ заявілі, што Расея хоча выкарыстаць «вагнэраўцаў» для правакацыі на Мазырскім НПЗ

Сёлета ў жніўні Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што выведка атрымала зьвесткі аб рыхтаваньні расейцамі маштабнай правакацыі «пад чужым сьцягам» на стратэгічным аб’екце Беларусі — Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.

Паводле СБУ, правакацыю рыхтавала дывэрсійна-выведная групоўка з кадравых вайскоўцаў Расеі і супрацоўнікаў расейскіх спэцслужбаў, якіх адправілі на тэрыторыю Беларусі пад выглядам «вагнэраўцаў».

У якасьці доказаў СБУ апублікавала вайсковы білет палоннага расейца, а таксама нібыта знойдзеныя ў ягоным тэлефоне фатаздымкі Мазырскага НПЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Gulagu. net: У Беларусь перакінутае расейскае спэцпадразьдзяленьне высокааплатных наймітаў

У сакавіку 2023 году аб імаверных правакацыях «пад чужым сьцягам» заявіў расейскі праваабарончы праект Gulagu.net. Тады паведамлялі, што ў Беларусь перакінулі створаную ў сьнежні 2022 году пад кантролем ФСБ і Міністэрства абароны Расеі «групу высокааплатных наймітаў, гатовых да выкананьня ў іх разуменьні „творчых задач“, зьвязаных з пераапрананьнем (яўна ў форму УСУ) і ўчыненьнем ад імя Ўкраіны дывэрсіяў і тэрактаў на тэрыторыі Беларусі» з мэтай уцягнуць краіну ў вайну.

У лютым 2023 году аналягічныя папярэджаньні выказвалі экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW).

«Беларуская ці расейская атака на паўночныя рэгіёны Ўкраіны зусім малаімаверная, але Расея імкнецца прымусіць Лукашэнку [уступіць у вайну] і абвінаваціць Украіну ў пашырэньні вайны і падарваць [міжнародную] падтрымку Кіева. Такая апэрацыя пад „чужым“ сьцягам таксама можа быць накіраваная на замацаваньне ўкраінскіх сілаў на паўночнай мяжы, каб аслабіць украінскую абарону на ўсходзе і яе падрыхтоўку да контранаступу», — адзначалася ў адной з справаздачаў ISW.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны: Крэмль стварае ўмовы для правакацый на мяжы Ўкраіны і Беларусі, каб уцягнуць Лукашэнку ў вайну

З такімі ж папярэджаньнямі выступала і супольнасьць InformNapalm. Але ніводнае зь іх ня спраўдзіліся. Валянтэры InformNapalm заяўлялі, што публікацыя такіх папярэджаньняў можа сарваць пляны рэалізацыі апэрацыяў «пад чужым сьцягам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне папярэдзілі аб магчымых правакацыях Расеі ў Беларусі і на акупаваных украінскіх тэрыторыях на Каляды