За пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года і да канца верасьня 2023 году ў Беларусі зьліквідавана ня менш як 1441 некамэрцыйная арганізацыя (НКА) — аб’яднаньні, прафсаюзы, фонды, недзяржаўныя ўстановы і асацыяцыі, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.
На канец жніўня было зьліквідавана 1407 НКА, ліпеня — 1372, чэрвеня — 1337, траўня — 1315, красавіка — 1283, сакавіка — 1249. Пасьля заканчэньня сьнежня 2022 года налічвалася 1173 закрытыя некамэрцыйныя арганізацыі, лістапада — 1102, кастрычніка — 1057, верасьня — 1020.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец верасьня ня менш як 923 некамэрцыйныя арганізацыі знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі (900 — на канец жніўня, 880 — ліпеня, 854 — чэрвеня, 845 — траўня) з улікам пададзеных пазоўных заяў аб прымусовай ліквідацыі ў суд, прымусовага выключэньня з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Як піша Bpn-info.online, колькасьць арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, таксама павялічваецца. На канец верасьня такіх было 518, жніўня — 507, ліпеня — 492, чэрвеня — 483, траўня — 470, красавіка — 459, сакавіка — 470; сьнежня 2022-га — 416.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі ліквідуюць дабрачынную арганізацыю «Дзеці Чарнобыля»Адзначаецца, што рашэньне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным празь ціск на сяброў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльных прававога асяродзьдзя і грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне.
Lawtrend канстатуе, што ў Беларусі па стане на 30 верасьня засталіся чатыры палітычныя партыі: Беларуская партыя «Белая Русь», Ліберальна-дэмакратычная партыя, Камуністычная партыя Беларусі, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Астатнія альбо зьліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі.
Праваабаронцы адзначаюць зьяўленьне ў справаздачным пэрыядзе ўказу № 278 «Аб парадку выдачы дакумэнтаў і зьдзяйсьненьня дзеяньняў», які яны расцэньваюць як чарговы «ў сэрыі іншых рэпрэсіўных актаў (такіх як закон аб магчымасьці пазбаўленьня грамадзянства Беларусі па нараджэньні, нормы аб спэцыяльным (завочным) крымінальным вядзеньні і да т.п.), накіраваных супраць грамадзян Рэспублікі Беларусь, вымушаных пакінуць сваю краіну, у тым ліку супраць актывістаў і прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці».
Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод зьліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)
2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.