Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што з пачатку расейскага ўварваньня і захопу расейскімі войскамі горада Энэргадар у Запароскай вобласьці і Запароскай АЭС, тройчы спрабавалі высадзіць свой дэсант на акупаваныя тэрыторыі.
«Такіх спроб было тры ― байцы Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны перасякалі Кахоўскае вадасховішча на гумавых лодках і дэсантаваліся на акупаваны левы бераг, але замацавацца не змаглі», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай выведкі.
Згодна з паведамленьнем, пасьпяховай рэалізацыі трох «энэргадарскіх» апэрацый перашкодзілі як кіроўныя, так і выканаўчыя недахопы, аднак гэтыя рэйды, а таксама дзеяньні таемнай агентуры ўрэшце перашкодзілі плянам расейцаў падключыць Запароскую АЭС да сваёй энэргасыстэмы.
Ва ўкраінскай выведцы падкрэсьлілі, што «энэргадарскія» апэрацыі дапамаглі адпрацаваць практычныя навыкі дзеяньняў на вадзе для ўсіх — ад камандзіраў да байцоў. Цяпер, паводле Кірыла Буданава, гэты досьвед выкарыстоўваецца пры высадках у Крым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заявіў, што бясьпека ўкраінскіх АЭС застаецца сярод асноўных выклікаў вайныМасква: Украіна пацьвердзіла свае атакі на Запароскую АЭС
Афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных спраў Украіны Марыя Захарава заявіла, што гэтае прызнаньне ўкраінскай выведкі «павінна стаць халодным душам для ААН, прадстаўнікі якой усе гэтыя месяцы заяўлялі, што ня могуць вызначыць кірункі ўдару па станцыі».
«МЗС Расеі неаднаразова заяўляла аб тым, што рэжым Зяленскага выкарыстоўвае атамную станцыю ў якасьці „бруднай ядзернай зброі“ і шантажуе ёй эўрапейцаў. Расея на ўсіх спэцыялізаваных пляцоўках давала зьвесткі аб пацьвярджэньні абстрэлаў ЗАЭС з боку Ўзброеных сіл Украіны», — заявіла Марыя Захарава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАГАТЭ заклікала Расею вывесьці войскі з Запароскай АЭС і ўключыла Ўкраіну ў склад сваёй рады кіраўнікоўЗапароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.
Запароская АЭС папаўняла аб’ём вады, неабходнай для сыстэм бясьпекі, з Кахоўскага вадасховішча. Раніцай 6 чэрвеня стала вядома аб разбурэньні дамбы Кахоўскай ГЭС. У яе падрыве ўкраінскія ўлады абвінавацілі расейскія акупацыйныя войскі, якія захапілі і кантралявалі ГЭС з 24 лютага 2022 года. Расейскія акупацыйныя ўлады, наадварот, заяўлялі, што менавіта ўкраінскія вайскоўцы абстралялі і пашкодзілі дамбу Кахоўскай ГЭС.
Расея неаднаразова заяўляла, што Ўкраіна абстрэльвае станцыю. Але экспэрты МАГАТЭ гэтага не пацьвярджалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты МАГАТЭ знайшлі супрацьпяхотныя міны на вонкавым пэрымэтры Запароскай АЭС