Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) на сваёй генэральнай канфэрэнцыі ў Вене (Аўстрыя) ухваліла рашэньне аб уключэньні на наступныя два гады яшчэ 11 краін у склад рады кіраўнікоў арганізацыі.
На афіцыйным сайце МАГАТЭ адзначаецца, што разам з Украінай у раду кіраўнікоў МАГАТЭ ўвайшлі таксама Армэнія, Альжыр, Банглядэш, Буркіна-Фаса, Эквадор, Інданэзія, Рэспубліка Карэя, Нідэрлянды, Парагвай і Гішпанія.
Рада кіраўнікоў МАГАТЭ зьяўляецца адным з двух кіроўных органаў арганізацыі. Яна займаецца фінансавымі пытаньнямі, нормамі бясьпекі, а таксама прызначае генэральнага дырэктара агенцтва. У склад рады ўваходзяць 35 краін.
Радыё Deutsche Welle (Нямецкая хваля) паведаміла, што на штогадовай канфэрэнцыі таксама ўхвалілі рэзалюцыю з патрабаваньнем да Расеі тэрмінова вывесьці свае войскі з Запароскай АЭС і вярнуць станцыю пад кантроль Украіны.
У рэзалюцыі таксама адзначаецца аб неабходнасьці забесьпячэньня вольнага доступу для інспэктараў МАГАТЭ да ўсіх памяшканьняў станцыі. Рэзалюцыю падтрымалі 69 дзяржаў, супраць прагаласавалі шэсьць краін, у тым ліку Расея, Кітай і Іран, 32 краіны, уключна з Пакістанам і ПАР, устрымаліся.
Аднак тэкст гэтай рэзалюцыі пакуль адсутнічае на афіцыйным сайце арганізацыі.
Пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну і захопу ў сакавіку 2022 году Запароскай АЭС Кіеў заклікаў МАГАТЭ выключыць Расею са складу арганізацыі. Як неаднаразова заяўляў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі, украінскую ініцыятыву падтрымалі яшчэ некалькі краін, аднак ён іх не называў.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.
Запароская АЭС папаўняла аб’ём вады, неабходнай для сыстэм бясьпекі, з Кахоўскага вадасховішча. Раніцай 6 чэрвеня стала вядома аб разбурэньні дамбы Кахоўскай ГЭС. У яе падрыве ўкраінскія ўлады абвінавацілі расейскія акупацыйныя войскі, якія захапілі і кантралявалі ГЭС з 24 лютага 2022 года. Расейскія акупацыйныя ўлады, наадварот, заяўлялі, што менавіта ўкраінскія вайскоўцы абстралялі і пашкодзілі дамбу Кахоўскай ГЭС.
Расея неаднаразова заяўляла, што Ўкраіна абстрэльвае станцыю. Але экспэрты МАГАТЭ гэтага не пацьвярджалі.