Спэцслужбы Латвіі падазраюць беларуса ў парушэньні санкцый

Рыга, ілюстрацыйнае фота

На акцыі ягонай кампаніі наклалі арышт. Няма ніякіх прыкмет таго, што фірма вядзе сваю дзейнасьць.

Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі падазрае ў магчымым парушэньні санкцый беларускага бізнэсоўца, які прыехаў сюды пры падтрымцы Латвійскага агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця (LIAA) пасьля пратэстаў у 2020 годзе, піша Delfi.lv.

Пра пачатак крымінальнага працэсу інфармацыі пакуль няма.

На акцыі кампаніі Ігара Мядзведзя наклалі арышт. У LIAA заяўляюць, што кампаніі беларускага прадпрымальніка аказалі толькі мінімальную падтрымку, а кантактаў зь ёй не было ўжо год.

Фірма Ігара Мядзьведзя Sia Nordwoc зарэгістраваная ў Старой Рызе, дзе мае агульную паштовую скрыню зь дзясяткамі іншых кампаній. Пры гэтым няма ніякіх прыкмет таго, што кампанія цяпер вядзе сваю дзейнасьць — зь ёй немагчыма зьвязацца, а сайт не працуе ўжо некалькі тыдняў. З рэгістру прадпрыемстваў можна даведацца, што ўсе долі капіталу sia Nordwoc арыштаваныя службай дзяржаўнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі ўнесьлі законапраект аб забароне аўтамабіляў зь беларускімі нумарамі

Журналістам стала вядома, што ўладальнік кампаніі Мядзьведзь падазраецца ў парушэньні санкцый, вызначаных Эўразьвязам, і ў незаконным перамяшчэньні тавараў стратэгічнага значэньня празь мяжу Латвіі, што зьдзяйсьнялася ў вялікай колькасьці і ў групе па папярэдняй змове.

У LIAA заявілі, што фірме Norwdoc давалі падатковую зьніжку ў памеры больш за 20 тысяч эўра па праграме падтрымкі стартапаў. Але кампанія ня выканала патрабаваньняў закону і таму не атрымала падтрымкі.

У лістападзе мінулага году дзяржава прыкладна за 8000 эўра аплаціла фірме SIA Norwdoc магчымасьць разьмясьціць рэкляму на выставе Smart City Expo ў Барсэлёне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Літве вырашыў, што дацкі банк ня верне замарожаныя грошы санаторыю «Беларусь» у Друскеніках