У Расеі зацьвердзілі асаблівы парадак уезду для грамадзян Украіны

Урад Расеі зацьвердзіў асаблівы парадак уезду на тэрыторыю краіны для грамадзян Украіны.

З 16 кастрычніка ўкраінцам часова будзе дазволена ўяжджаць у Расею толькі праз аэрапорт Шарамецьцева і аўтамабільны пункт пропуску «Лудонка» у Пскоўскай вобласьці. Такія меры ўлады растлумачылі «забесьпячэньнем бясьпекі расейцаў у геапалітычных умовах», паведамляе «Коммерсант».

Улады Ўкраіны з 1 ліпеня 2022 году ўвялі візавы рэжым для грамадзян Расеі. Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тады тлумачыў, што ўлады пайшлі на такі крок «у рамках супрацьдзеяньня беспрэцэдэнтным пагрозам нацыянальнай бясьпекі».

У лістападзе 2022 году стала вядома, што Ўкраіна прыпыніла афармленьне расейцам часовых і сталых дазволаў на жыхарства на пэрыяд, пакуль у краіне дзейнічае ваеннае становішча, і 30 дзён пасьля яго адмены.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даклад ААН: прызначаныя Расеяй адміністрацыі не дапускаюць назіральнікаў на акупаваныя тэрыторыі
  • З канца лютага 2022 году Расея вядзе поўнамаштабныя баявыя дзеяньні супраць Украіны. У верасьні таго ж году Расея абвясьціла пра анэксію ўкраінскіх тэрыторый у Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцях.
  • У нядаўняй справаздачы Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека пацьвердзіла гібель 9614 мірных грамадзян ва Ўкраіне з пачатку расейскага ўварваньня, а таксама раненьні яшчэ 17,5 тысяч чалавек. У ААН пры гэтым падкрэсьлілі, што гаворка ідзе толькі пра задакумэнтаваныя выпадкі і рэальная колькасьць ахвяраў можа быць значна вышэйшай. Прадстаўнікі ўладаў Украіны неаднаразова абвінавачвалі Расею ў тым, што шырокамаштабнае ўварваньне мае прыкметы генацыду. Масква абвінавачваньні адмаўляе.
  • Заходнія краіны, у тым ліку ЗША, дзяржавы ЭЗ, Вялікая Брытанія, сама Ўкраіна ўвялі супраць уладаў Расеі, яе абаронных і фінансавых структур некалькі пакетаў жорсткіх санкцый, абвінавачваючы Маскву ў вядзеньні агрэсіўнай і нічым не справакаванай вайны. Расейскія ўлады тлумачаць свае дзеяньні пагрозамі нацыянальнай бясьпецы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імавернасьць таго, што беларусаў пашлюць ваяваць, наблізілася да нуля», — ізраільскі вайсковы экспэрт Гендэльман