Кабінэт міністраў Украіны ўхваліў рашэньне аб спыненьні дзеяньня дамовы аб супрацы дзяржаў-удзельніц Садружнасьці Незалежных Дзяржаў (СНД) у барацьбе са злачыннасьцю.
Адпаведнае рашэньне ўкраінскі ўрад ухваліў на пасяджэньні 6 кастрычніка.
Краіны СНД падпісалі дамову аб супрацы ў барацьбе са злачыннасьцю ў Маскве (Расея) 25 лістапада 1998 году.
Дамова вызначала парадак супрацы праваахоўных органаў і рэгулявала працэдуру ўзаемнай дапамогі на падставе запытаў, зьвязаных з пошукам злачынцаў або кантраляванымі пастаўкамі рэчываў або прадметаў, абарачэньне якіх рэгулююцца спэцыяльнымі правіламі, каб выявіць грамадзян, якія ўдзельнічаюць у незаконных пастаўках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі ўрад цяпер будзе не дэнансаваць пагадненьні зь Беларусьсю і Расеяй, а спыняць іх дзеяньне. Юрыст патлумачыў, што гэта азначае24 лютага 2022 году Расея пачала поўнамаштабную ваенную агрэсію супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі адмаўляе непасрэдны ўдзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку Расеі, але расейскае войска актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.
Цягам 2022 і на пачатку 2023 году Ўкраіна дэнансавала (выйшла або спыніла дзеяньне) больш за 30 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах, у тым ліку:
- аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
- аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
- аб паветраных зносінах;
- аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
- аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году,
- аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
- аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
- аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
- аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
- аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
- аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
- аб супрацы ў сфэры кіналёгіі і абмену інфармацыяй;
- аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- міжведамаснага пагадненьня зь Беларусьсю аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў;
- аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь праз чатыры месяцы пасьля Ўкраіны спыніла дзеяньне пагадненьня аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі