Паводле дасьледчага цэнтру BEROC, зь Беларусі толькі ў краіны Эўразьвязу за апошнія некалькі гадоў выехалі каля 172 тысяч чалавек. Дасьледаваньне Свабоды сьведчыць, што гэтыя лічбы могуць быць яшчэ большымі. Людзі працягваюць выяжджаць зь Беларусі з палітычных прычын цэлымі сем’ямі, уладкоўваюцца на новым месцы, знаходзяць працу і адкрываюць уласныя бізнэсы. Свабода спыталася ў беларусак, якія стварылі свае брэнды адзеньня і ўпрыгажэньняў у Літве, як яны працуюць за мяжой і зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца.
KARI MALI
Карына Маліноўская — стваральніца брэнду Kari Mali. Займаецца сацыяльнымі праектамі для жанчын, цяпер жыве ў Вільні. Расказвае, што ідэя брэнду нарадзілася ў цяжкі жыцьцёвы пэрыяд — праз праблемы з мэнтальным здароўем. Неяк Карына ў блогу ў Instagram напісала пра свае справы і ў канцы дадала: «Hu*va, алё жывая».
«Для мяне гэтая фраза пра тое, што мне бывае вельмі дрэнна праз праблемы са здароўем, вымушаную эміграцыю ў Літву, мне бывае цяжка спраўляцца з мацярынствам маіх выдатных малых, і наагул жанчыне ў нашым патрыярхальным і капіталістычным сьвеце бывае вельмі складана. Але трэба памятаць, што я жыву і магу спраўляцца маленькімі крокамі».
Спачатку Карына захацела зрабіць сьвітшот з гэтым выразам для сябе, але калі падзялілася ідэяй у блогу, многія людзі адказалі, што і самі б такія купілі.
«Усё жыцьцё я неяк любіла вылучаць выразы самой для сябе, я іх пісала ці проста ў думках пракручвала. Прыдумала выраз „Ты шукай у жанчыне добрае, бо дрэннае кожны дурань знойдзе“, які таксама мяне вельмі падтрымліваў. Так назьбіралася некалькі выразаў, зь якімі сумесна з дызайнэркамі мы зрабілі сьвітшоты».
«У брэндзе працуюць толькі жанчыны»
Потым Карына знайшла майстрых, якія зрабілі дыван у форме вульвы, керамічныя кубкі з надпісамі, а зараз рыхтуюць срэбраныя кулёны на ланцужках з выразам «That’s me and thatʼs my super power».
У камандзе на пастаяннай аснове працуе сама Карына, якая прыдумляе ідэі, чатыры дызайнэркі, швачка, майстрыха ў вязаньні і керамістка.
«У нас няма такога, што я бос і гэта мае наёмныя супрацоўніцы. Я ідэйная майстрыха, а ёсьць і іншыя майстрыхі і мы разам нешта прыдумляем. Мне важна своечасова і годна аплачваць іх працу і мець беражлівыя зносіны, каб было ўсім камфортна ў камандзе. У брэндзе працуюць толькі жанчыны. Для мяне важна ствараць працу для майстрых, бо жанчынам складаней прасунуцца ў прафэсійным пляне, чым мужчынам».
Складанасьцяў у рэалізацыі брэнду не было, кажа Карына, але папярэджвае, што на гэта трэба шмат часу, сілаў і грошы.
«Я не хачу быць той, хто кажа: „Ня важна, галоўнае рабіць і ўсё атрымаецца“. Але гэта ў маім выпадку, калі я сама рукамі нічога не раблю. Я проста арганізую, прыдумляю ідэі і тады, вядома, дадаткова патрэбныя грошы. Калі ты майстрыха, якая нешта робіць, то сапраўды трэба сілы, час — і ўсё атрымаецца».
«Пішуць, што ў фэміністак няма мазгоў і кунілінгус выклікае рак горла»
Карына дадае, што адзіная складанасьць у разьвіцьці брэнду ў Літве ў тым, што ўсе закупкі матэрыялаў, дакумэнтацыя мусіць быць на літоўскай ці ангельскай мовах, а пераклады займаюць шмат часу. Суразмоўца кажа, што ёй прыдае сілы працаваць далей, калі жанчыны-пакупніцы пішуць, што рэчы іх натхняюць і дадаюць моцы.
«Міла, калі пакупніца з Амэрыкі прысылае фота ў маім сьвітшоце, дзе яна корміць сваё дзіця. І гэта таксама пра тое, як цяжка жанчынам у дэкрэце, бо гэта вялікая праца, якая абясцэньваецца».
Пакупніцы Kari Mali — жанчыны, але ад мужчынаў таксама ёсьць рэакцыя на рэчы брэнду.
«Я нядаўна ўдзельнічала ў кірмашы, і мужчыны падыходзілі, клікалі сваіх жонак ці партнэрак, казалі: „Глядзі, які клясны сьвітшот“. У асноўным мужчыны моцна рэагуюць на сьвітшот з надпісам „Кунілінгус у кожную хату“. Кагосьці ён вельмі моцна трывожыць, пішуць, што ў фэміністак няма мазгоў, што кунілінгус выклікае рак горла, што я няслаўлю беларускую мову такімі выразамі. А хтосьці сьмяецца шчыра, бо падабаецца».
Карына са сваёй камандай працуе над стварэньнем прасторы, дзе будзе галерэя, крама з таварамі ад майстрых (адзеньнем, керамікай, упрыгажэньнямі), кавярня і кветкавая крама.
«Цяпер у мяне складанасьці са здароўем, таму ўсё робім павольна. Але вялікая колькасьць майстрых адгукнуліся і хочуць выстаўляць свае працы ў краме. Многія майстрыхі — мамы. І я б хацела даць магчымасьць ім і сабе быць бачнымі і зарабляць на жыцьцё сваёй любімай справай».
RABI PILNA
Беларускі брэнд Rabi pilna працуе трэці месяц. У камандзе дзьве жанчыны — Аліцыя (стваральніца візуальнай часткі брэндаў, дызайнэрка) і Тацяна (экс-мэнэджарка сацыякультурных праектаў, нядаўна ўвайшла ў ІТ).
Аліцыя кажа, што ідэя брэнду доўга высьпявала. А назву яна прыдумала, яшчэ калі дапамагала ствараць брэнд сваім сваякам.
«Я ўспомніла прымаўку „Рабі пільна, і тут будзе Вільня“ і прапанавала як назву, але яна была ня вельмі зразумелая сваякам. Празь нейкі час мы зь сябрам пілі джын, ішлі дамоў і размаўлялі аб усім. Ён творчы чалавек, таму нешта прыдумляў на хаду. І ў нейкі момант я падумала, што ягоную прыдумку можна было б разьмясьціць на майцы ці байцы. І мы пачалі разьвіваць гэтую тэму», — кажа Аліцыя.
Потым Аліцыя прыгадвала цытаты, думкі і тэксты і зрабіла візуалізацыю. Кажа, што яе вельмі падтрымлівалі сябры ў ідэі стварыць свой брэнд. А Тацяна, зь якой яны знаёмыя больш за 15 гадоў, пагадзілася рабіць брэнд разам.
«Аднойчы Тацяна напісала мне, і я жартам прапанавала ёй зрабіць разам брэнд. Паслала свае напрацоўкі колераў брэнду, ідэі маек. На дзіва для мяне, яна падтрымала ідэю!»
Тацяна кажа, што апошнім часам стала складаней знайсьці сапраўды ідэальную майку, а тут зьявіўся шанец зрабіць яе самім.
Аліцыя і Тацяна стварылі калекцыю маек з цытатамі Кастуся Каліноўскага.
«Сёлета 160 гадоў паўстаньню. Нібы ўсім вядомая дата, але цяпер у сьвеце такое робіцца, што ўжо не да адзначэньня гадавін. Але мы зьдзівіліся, што ніхто не зрабіў нічога з адзеньня са словамі Каліноўскага, — кажа Аліцыя. — Перачыталі „Мужыцкую праўду“ і знайшлі шмат добрых цытат. У Каліноўскага дазволу браць ня трэба было, таму зь яго і пачалі».
Тацяна дадае, што Каліноўскага ведаюць усе беларусы, але хацелася нагадаць нейкія невідавочныя цытаты.
«Хацелася таго, што б адпавядала настрою. То носім „А будзе ў нас вольнасьць, якой не было нашым дзядам і бацькам“. І нумар „Мужыцкай праўды“. Спадзяюся, некага гэта заматывуе яе пачытаць — заўжды ж цікава, што ў цябе на майцы напісана», — усьміхаецца Тацяна.
Тацяне і Аліцыі дае сілы тое, што яны робяць модны дызайн клясычных беларускіх рэчаў і словаў.
«Што можам даставаць натхняльныя для нас рэчы і шырока пускаць у вопратку, каб беларуская ідэя ў эміграцыі жыла і не згасала», — кажа Аліцыя.
«У літоўцаў куды лепей з балянсам жыцьця і працы»
Цяжкасьці ў працы брэнду ў асноўным тэхнічныя, кажа Аліцыя.
«Мы трохі разбалаваныя менскім сэрвісам. У Вільні ўсё робіцца марудней. Спачатку гэта моцна раздражняла: якія тут усе павольныя работнікі! Шокам было, што друкарня ў 20 чалавек можа пайсьці ў адпачынак поўным складам. Пасьля заўважаеш, што гэта не яны павольныя, а мы мітусьлівыя. У літоўцаў куды лепей з балянсам жыцьця і працы. Такі мясцовы дзэн».
Дастаўка, пакаваньне, размовы з пакупнікамі, стварэньне кантэнту, постынг — пакуль усім займаюцца Аліцыя і Тацяна.
«Ёсьць дапамога сяброў з фота і мадэлінгам — гэта вялікі кавалак клопатаў. А мы яшчэ працуем па сваіх асноўных працах. Тысяча дробязяў і магчымасьцяў стаць лепей — ня ведаеш, за што сьпярша хапацца», — кажа Аліцыя.
Тацяна дадае, што яшчэ адной нечаканай складанасьцю стала публічнасьць.
«Мы настолькі звыкліся быць за кадрам, а пасьля 2020-га — яшчэ і надзейна хаваць добрыя справы, што цяпер у Вільні вучымся зноў быць сабой. Паводле старой звычкі, ня хочам прыцягваць увагу. У сэнсе да маек хочам, але да сябе — не».
Тацяна кажа, што яшчэ першы час складана разьбірацца ў тым, як аформіць дзейнасьць, як плаціць падаткі, як правільна ўсё зрабіць. Аліцыя дадае, што для яе працаваць у Літве адназначна прасьцей.
«Як мінімум таму, што над табой ад пачатку не вісіць сякера штрафаў ці камень падаткаў, якія ты мусіш выплаціць, нават калі нічога не заробіш. Няма зьменаў задняй датай. Тут можна нечага ня ведаць, рабіць памылкі і іх выпраўляць, таму і пачынаць ня страшна. Але ў нас абдуманая рызыка: укладаем столькі, колькі не шкада страціць».
«У нас балянс паміж жаданьнем зарабіць і самарэалізацыяй»
Пакуль Тацяна і Аліцыя не зарабляюць на брэндзе, а ўкладаюць, бо працуюць усяго трохі больш за два месяцы.
«Мы натхняемся водгукамі і тым, што добрае робім. Гэта патасна гучыць, можа, але гэта істотны фактар матывацыі. Прынамсі, напачатку. З Тацянай мы каманда, нам досыць камфортна разам», — кажа Аліцыя.
«Мы ня ў мінусе, але і прыбытку адчувальнага пакуль няма. Пакуль працуем за ідэю! Зрэшты, мы ж гэта як асноўны занятак і не плянавалі, так што сытуацыя „каля нуля“ не бянтэжыць і не дэматывуе. Мне здаецца, у нас вельмі здаровае ўспрыманьне рэчаіснасьці, балянс паміж жаданьнем зарабіць і самарэалізацыяй», — дадае Тацяна.
У плянах брэнду пакуль — выпусьціць тры калекцыі, бо для іх ідэі ўжо ёсьць. Таксама хочуць працаваць зь нестандартнымі мадэлямі маек, адшываць свае фасоны.
DROBNY MAK
Стваральніца брэнду Drobny mak Кацярына кажа, што, паколькі яе мама была швачкай, яна зь дзяцінства цікавілася рукадзельлем.
«Да 24 лютага 2022 году я жыла ва Ўкраіне, мне вельмі там спадабалася, мяне зацікавіла ўкраінская гісторыя, я пэрыядычна бачыла, як украінцы свае нацыянальныя касьцюмы адаптуюць да сучаснага жыцьця. Потым, калі пачалася вайна, я прыехала ў Вільню, засталася тут і празь некаторы час падумала, што хачу нечым такім займацца».
Кацярыне вельмі падабаліся ўпрыгажэньні зь бісэру, але купіць яна іх тады не магла, таму вырашыла паспрабаваць рабіць для сябе.
«Потым неяк яно так пайшло і я пачала іншым рабіць. Я ацэньваю працу як маё хобі. І калі людзям таксама падабаецца, што я раблю, то я вельмі радая. І шукала нейкую назву для інстаграму з маімі вырабамі. Я падгледзела, што ў нейкіх выразах пацеркі называюць „дробны мак“. Ну і вырашыла, што так і будзе».
«Хачу пераасэнсаваць беларускі традыцыйны строй на сучасны лад»
Кацярыне прыходзяць пазытыўныя водгукі на яе працу.
«Часьцей за ўсё людзі казалі, што падабаецца, што вельмі прыгожа. Я была неяк на кірмашы са сваімі вырабамі. І тады нечакана ў мяне амаль усе мае вырабы купілі. Я ня думала, што так будзе. Мне здавалася, што я цікаўлюся гэтым, і ёсьць яшчэ невялікае кола людзей, якім таксама падабаюцца ўпрыгажэньні зь бісэру, а тут усё разабралі!»
На кожнае ўпрыгажэньне Кацярына траціць каля 8-10 гадзін, але, улічваючы тое, што яна мае асноўную працу, то выраб можа заняць і некалькі дзён.
«У мяне быў цікавы заказ. Неяк дзяўчына прыслала кавалачак вышыўкі зь беларускай традыцыйнай кашулі. Ён быў вельмі дрэннай якасьці. Дзяўчына папрасіла зрабіць нешта з гэтым узорам. Я сядзела і перамалёўвала гэта на паперы, думала, як зрабіць упрыгажэньне. Было такое, што прысылалі кашулі з вышыўкай і казалі, што хочуць таксама такі малюнак на ўпрыгажэньнях».
Кацярына дадае, што ёй вельмі цікава рабіць рэчы для канкрэтнага чалавека, каб яны адпавядалі яго поглядам і пасавалі яму.
«Яшчэ мяне натхняе тое, калі ў цябе спачатку ёсьць матэрыялы, ты траціш сілы — і зьяўляецца нешта вельмі прыгожае, і ты такі: „Ух ты, я так магу!“».
Зараз Кацярына марыць зрабіць вялікі брэнд са сваімі вырабамі.
«Я хачу пераасэнсаваць беларускі традыцыйны строй на сучасны лад. І гэта выглядала б вельмі цікава, як мастацтва, якое было 100 гадоў таму, як яго можна ператварыць у жыцьцё, якое ёсьць сёньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі я вышываю беларускі арнамэнт, адчуваю сябе супэрвумэн». Вялікая размова са стваральніцай праекту «Этыка» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі я раскісну, хто за мяне падтрымае 40 беларускіх сем’яў?». Што адбываецца з «модным» бізнэсам падчас вайны і санкцый