Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) апублікавала вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці Генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ў сувязі зь ягонымі паездкамі на акупаваны Расеяй Данбас. Шаўцоў на фота з Данбасу быў у камуфляжнай вопратцы з выявай літары Z, якая стала сымбалем расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
У выніку расьсьледаваньня Фэдэрацыя прыйшла да высновы, што Шаўцоў парушыў Асноўныя прынцыпы руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, правілы выкарыстаньня яго эмблем і Палітыку добрасумленнасьці. Раней на пытаньне Свабоды аб паводзінах Шаўцова ў Чырвоным Крыжы адказвалі, што не валодаюць інфармацыяй пра яго паездкі на акупаваныя тэрыторыі.
Міжнародная фэдэрацыя заклікала Беларускі Чырвоны Крыж вызваліць Шаўцова ад пасады генэральнага сакратара. Іначай фінансаваньне Беларускага Чырвонага Крыжа спыніцца.
Свабода расказвае, што вядома пра Дзьмітрыя Шаўцова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная фэдэрацыя запатрабавала адстаўкі кіраўніка «Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» ШаўцоваСа Жлобіна ў Менск
Дзьмітрыю Шаўцову 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Жлобіне Гомельскай вобласьці. Казаў, што ў дзяцінстве пад уплывам дзядзькі марыў быць лётчыкам. Потым хацеў паступаць у Днепрадзяржынскі мэталюргічны каледж, каб быць мэталюргам. Менавіта ў Жлобіне знаходзіцца Беларускі мэталюргічны завод.
Аднак бацькі ўгаварылі яго зрабіць выбар на карысьць мэдыцыны. Так хлопец паступіў у Мэдычны інстытут (цяпер унівэрсытэт) у Менск, а празь нейкі час перавёўся ўжо ў гомельскі мэд.
У Менску Шаўцоў вучыўся на стаматоляга, а паколькі ў Гомлі такой спэцыяльнасьці не было, там перакваліфікаваўся на «Лячэбную справу». У выніку стаў анэстэзіёлягам-рэаніматолягам.
Па разьмеркаваньні трапіў у родны Жлобін. Там спачатку працаваў лекарам у рэанімацыі, а потым стаў намесьнікам галоўнага лекара шпіталя. У адным з інтэрвію прызнаваўся, што на той час (канец 1990-х) меў заробак эквівалентам у 36 даляраў ЗША.
У 2005 годзе Шаўцоў пераяжджае ў Менск. Яму прапанавалі працу ў 34-й цэнтральнай раённай паліклініцы, што на вуліцы Кульман, недалёка ад Камароўскага рынку. Літаральна праз год ён ужо стаў галоўным лекарам гэтай паліклінікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія дыпляматы адмовіліся ехаць у беларускія санаторыі да вывезеных з Данбасу ўкраінскіх дзяцей, а амбасаду Ўкраіны і не запрашаліКватэра ў Менску і дамок у Лагойскім раёне
Шаўцоў расказваў, што адразу, як прыехаў у Менск, яму зь сям’ёй даводзілася жыць у камуналцы. Але праз тры гады ўдалося пабудаваць кватэру.
Паводле дадзеных «Кібэрпартызанаў», ва ўласнасьці Шаўцова знаходзіцца кватэра на вуліцы Шпілеўскага ў менскім мікрараёне Лошыца.
Таксама ён мае дамок у садовым таварыстве «Телепашня» ў Лагойскім раёне. Шаўцоў езьдзіў на белым BMW 320 D XDrive GT 2014 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя». UNICEF адказаў на абвінавачаньні ва ўдзеле ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь«Я іх здабываю, а не забіваю»
У сваім фэйсбуку Дзьмітры Шаўцоў часта выстаўляе здымкі зь вечаровых прабежак якраз у Лагойскім раёне. Прычым бегае ён і зімой, і летам.
Яшчэ адно захапленьнем Шаўцова — паляваньне. Вельмі часта ён посьціць фота з упаляванымі зайцамі і птушкамі. Калі падпісчыкі пачыналі абурацца такім здымкам з «трафэямі», то Шаўцоў адказваў: «Я іх здабываю, а не забіваю».
«Птушку не шкада?» — спыталіся ў Шаўцова на здымак з застрэленым вальдшнэпам. «Шкада, што толькі адна, на цудоўны суп патрэбна дзьве», — адказвае лекар.
«Я дарослы хлопчык і зь дзяцінства люблю есьці смачнае і здаровае мяса», — адказаў Шаўцоў на іншы камэнтар.
Трэцяе значнае хобі ў жыцьці Шаўцова — бадмінтон. Ён трэніруецца з заслужаным трэнэрам Беларусі Анатолем Скрыпко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў, які носіць літару Z і пагражае ядзернай зброяйАдзін з самых частых гасьцей прапагандысцкіх шоў
У 2003 годзе Шаўцова абралі дэпутатам мясцовага савету ў Жлобіне. А ў 2012 ён упершыню стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Потым трапіў у парлямэнт яшчэ раз.
У 2014 годзе прапаноўваў уводзіць хаця б сымбалічную плату за наведваньне паліклінік. У 2018 казаў: калі адпускаць салдата тэрміновай службы на выходныя да маці, то як ён можа выйграць вайну? (https://nashaniva.com/?c=ar&i=218055).
За час дэпутацтва Дзьмітры Шаўцоў стаў адным з самых частых гасьцей прапагандысцкіх шоў на БТ і АНТ. Паводле рэйтынгу выданьня «Наша Ніва», ён займаў чацьвёртае месца па частаце зьяўленьня ў дзяржСМІ.
Паводле зьвестак «Кібэрпартызанаў», ад 2009 году Шаўцоў пачаў падпрацоўваць на тэлеканале АНТ, дзе вёў перадачу пра здароўе.
Па заканчэньні дэпутацкай кадэнцыі Шаўцоў узначаліў 1-ю гарадзкую клінічную бальніцу ў Менску. Гэта якраз прыпала на ковідны час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Ўкраіны пачала расьсьледаваньне ў сувязі з удзелам Беларускага Чырвонага Крыжа ў перамяшчэньні дзяцейПадтрымаў Лукашэнку ў 2020 годзе
У 2020 годзе Дзьмітры Шаўцоў зь першых дзён пратэстаў падтрымаў Лукашэнку. У адным са сваіх выступаў ён у маніпулятыўнай форме казаў пра Ціханоўскую, якую прымусілі зьехаць за мяжу:
«Асабіста я расчараваўся б у сваім кандыдаце, калі б ён паступіў так. Яна кінула свой электарат, зьехала. [...] Вамі скарысталіся і вам здрадзілі».
«Падтрымаем нашага прэзыдэнта Лукашэнку, падтрымаем наша заўтра», — напісаў Шаўцоў 18 жніўня 2020 году.
У 2020 годзе Шаўцоў узначальваў Менскі гарадзкі выбаркам.
«Я з Шаўцовым пазнаёміўся на прыёме ў адным эўрапейскім пасольстве, куды ён часта хадзіў, — расказваў Свабодзе адзін апазыцыянэр, які не захацеў публікаваць сваё імя. — Было ўражаньне, што ён зусім ня хоча ніякіх рэпрэсій, больш жорсткага курсу. Увогуле рабіў уражаньне недурнога чалавека. Але пасьля 2020 году ён злавіў хвалю, што настроі ва ўладзе зьмяняюцца, таму і сам узмацніў рыторыку».
Заклікаў Шаўцоў і да ўзмацненьня рэпрэсій. У 2021 годзе камэнтатараў, якія нібыта насьміхаліся са сьмерці лётчыкаў пад Баранавічамі, ён называў «падонкамі» і дзякаваў сілавікам, што іх арыштоўваюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Чырвонага Крыжа Шаўцоў пра выкарыстаньне ядзернай зброі: трэба намякнуць, што мы гэта канкрэтна можам зрабіцьГомасэксуалы і ядзерная зброя
За ўдзел у фальсыфікацыі выбараў 2020 году Шаўцова ўнесьлі ў санкцыйныя сьпісы Літвы, Латвіі і Эстоніі. Пры гэтым ён працягвае вандраваць па Эўропе.
У верасьні 2021 году ён стаў генэральным сакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа і ў гэтай якасьці наведаў Вугоршчыну, Грузію, Швайцарыю, Гішпанію.
З Вугоршчыны ён посьціў фота, на якім глядзіць у гатэлі выступ Лукашэнкі. «Нават знаходзячыся за мяжой, не магу прапусьціць адну з самых важных падзей у жыцьці краіны — пасланьне Лукашэнкі».
У адным з тэлеэтэраў Дзьмітры Шаўцоў параўноўваў людзей, што пратэставалі ў 2020 годзе, з паліцаямі Другой сусьветнай. Маўляў, яны таксама павінны адкупіць віну зьняволеньнем і потым інтэгравацца ў грамадзтва.
Пры гэтым як генэральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа ён казаў, што галоўны прынцып працы арганізацыі — гэта нэўтралітэт, і на палітычныя погляды ніхто не глядзіць.
У ліпені 2023 году ў адной зь перадач на тэлеканале АНТ Дзьмітрый Шаўцоў сказаў, што прысьпеў час нагадаць Захаду, што «мы гатовыя выкарыстаць ядзерную зброю».
Пра гомасэксуалаў доктар Шаўцоў сьцьвярджае, што гэта «псыхічнае захворваньне, якое трэба лячыць».
«Нетрадыцыйныя каштоўнасьці прапагандуюцца праз мультфільмы і фільмы для падлеткаў. Гэта робіцца для зьнішчэньня цэлых цывілізацый, краін, грамадзтваў», — казаў лекар.
Шмат на дзяржаўным тэлебачаньні Шаўцоў выступаў падчас мігранцкага крызісу, абвінавачваў у ім Польшчу і Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зьвярнуліся ў міжнародны Чырвоны Крыж пасьля прапановы кіраўніка беларускага аддзелу арганізацыі «лячыць» гомасэксуальнасьцьСын — актывіст БРСМ
Што тычыцца асабістага жыцьця Дзьмітрыя Шаўцова, то вядома, што ён жанаты. Жонка Натальля працуе лекарам-гінэколягам у санаторыі «Юнацтва».
У пары двое дзяцей. Малодшы яшчэ школьнік. Старэйшы Максім скончыў Міжнародны дзяржаўны экалягічны ўнівэрсытэт імя Сахарава па спэцыяльнасьці «Імуналёгія і экалягічная эпідэміялёгія». Вядома, што раней ён працаваў інжынэрам на прадпрыемстве «Менгаз». Цяпер працуе на «Менскэнэрга».
На сваім прадпрыемстве Максім Шаўцоў — сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ і намесьнік старшыні «Рады моладзі». У 2023 быў арганізатарам спаборніцтваў па кібэрспорце, у дысцыплінах «Counter Strike:Global Offensive» і «Dota:2».
Таксама Максім ладзіць паходы «Моладзевай рады» на месца працы бацькі. На сваім пінжаку носіць значок зь дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам.
Міжнародны Чырвоны крыж даў для звальненьня Дзьмітрыя Шаўцова тэрмін да 30 лістапада. Беларускія ўлады гэта пакуль ніяк не камэнтавалі.