Расейская армія як мінімум наступныя паўгода ня здольная на сур’ёзны контранаступ, — украінскі вайсковы экспэрт Грабскі

Падбіты расейскі бранявік у Харкаўскай вобласьці, сакавік 2023

Сяргей Грабскі, вайсковы экспэрт, палкоўнік запасу, былы супрацоўнік Мінабароны Ўкраіны, ацэньвае хаду і пэрспэктывы ўкраінскага контранаступу, вызначае, што варта лічыць «перамогай Украіны», і заяўляе, што Ўкраіна ня мае права зьмяншаць колькасьць войскаў на сваёй паўночнай мяжы.

Сьцісла:

  • Расея як мінімум паўгода нават тэарэтычна ня можа разглядацца як краіна, якая можа праводзіць сур’ёзныя наступальныя апэрацыі.
  • Расейскі бок, які абараняецца, нясе страты ў 2-3 разы большыя за страты ўкраінскага боку, які атакуе.
  • Заявы заходніх лідэраў гучаць адназначна: дапамога павінна давацца да поўнай перамогі Ўкраіны ў вайне.
  • Пра «стомленасьць ад дапамогі» мы ня чулі ад ніводнай афіцыйнай асобы нашых саюзьнікаў.
  • Ні пра якае зьмяншэньне ўкраінскага кантынгенту на мяжы зь Беларусьсю ня можа ісьці гаворкі.

— Як цяпер можна агульна ацаніць стратэгічную сытуацыю вакол украінскага контранаступу?

— Калі мы гаворым пра правядзеньне наступальнай апэрацыі — то яна яшчэ ня скончылася, і рабіць нейкія высновы заўчасна. Мы маем падставы з асьцярожным аптымізмам заявіць, што мэты апэрацыі могуць быць дасягнутыя. А мэта гэтая, з улікам карэкцый, палягае ў тым, каб ліквідаваць пагрозу паўднёваму фронту.

Сяргей Грабскі, архіўнае фота

Размова ідзе пра тое, каб стварыць сытуацыю, у якой праціўнік ня здолее праводзіць наступальныя апэрацыі ў якой-небудзь пэрспэктыве. На сёньня ўкраінскія войскі насуперак усім нарматывам, усім канонам апэратыўнага мастацтва працягваюць вядзеньне баявых апэрацыяў дастаткова пасьпяхова.

Гэтыя дзеяньні прывялі да таго, што Расея як мінімум паўгода нават тэарэтычна ня можа разглядацца як краіна, якая можа праводзіць сур’ёзныя наступальныя дзеяньні апэратыўнага маштабу. І стварыць пагрозу сур’ёзнага наступу на нейкіх участках фронту расейцы ня могуць. Гэта само па сабе калясальны посьпех украінскіх сілаў, зыходзячы з таго, што магчымасьці ўкраінскіх узброеных сілаў былі дастаткова абмежаваныя. Тым часам наступ Украіны працягваецца, прычым не на адным кірунку, а на некалькіх.

— Як на ваенныя дзеяньні можа паўплываць сэзонны чыньнік надвор’я?

— Чыньнік надвор’я стаў гэткім інфармацыйным трэндам, які часам абсмоктваецца ў СМІ без разуменьня таго, як і што адбываецца на лініі фронту. Тэарэтычна надвор’е ў нейкі прамежак часу можа ўплываць на дзеяньні войскаў. Наступальныя дзеяньні ўкраінскіх узброеных сілаў працягваюцца ўжо 4 месяцы, а так званы «мокры» пэрыяд, пэрыяд бездарожжа можа цягнуцца максымум 3–4 тыдні — так што гэта непараўнальны чыньнік.

І ўсе чамусьці забываюць, што пасьля бездарожжа надыходзіць пэрыяд халадоў, калі зямля замярзае і тэхніка зноў можа выкарыстоўвацца. У тым фармаце, у якім цяпер вядуцца баявыя дзеяньні Ўкраінай — а менавіта дзеяньні малых манэўровых штурмавых групаў пры падтрымцы артылерыі — чыньнік надвор’я ня грае вялікай ролі. Неабходнасьць выкарыстаньня цяжкай баявой тэхнікі амаль мінімальная ў такім фармаце баявых дзеяньняў.

Так што надвор’е ня можа стаць крытычным чыньнікам, які здольны зьмяніць сытуацыю на полі бою. Сытуацыю можа зьмяніць стан войскаў з абодвух бакоў. Украінскім сілам будзе неабходны перапынак для ўкамплектаваньня, рэарганізацыі, аднаўленьня запасаў, тэхнікі, боепрыпасаў. Напружаньне ў баявых дзеяньнях зараз настолькі высокае, што даваць нейкія адназначныя прагнозы будзе няправільным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна стварае міжнародны альянс абаронных індустрый

— З ваеннай навукі (калі браць нейкую абстрактную, а не канкрэтную сытуацыю) вядома, што бок, які наступае, звычайна нясе страты ў 2–3 разы большыя, чым бок, які абараняецца. Наколькі востра стаіць пытаньне стратаў для Ўкраіны? І ці магчыма назваць прапорцыі паміж украінскімі і расейскімі стратамі?

— Расейская ваенная навука істотна не зьмянілася з савецкіх часоў, чыньнік стратаў там ня вельмі ўлічваўся, зыходзячы зь вялікай рэсурснай базы, якая была ў СССР. Зараз расейскія войскі нясуць на фронце ўсё большыя страты ў выніку масаванага прымяненьня заходніх узбраеньняў і баявой тэхнікі, большай дакладнасьці і далёкасьці сродкаў зьнішчэньня.

Таму ў нашай канкрэтнай сытуацыі расейскі бок, які абараняецца, нясе страты ў 2–3 разы большыя за ўкраінскі бок, які атакуе. І гэта выходзіць за ўсе рамкі канонаў ваеннай навукі.

Безумоўна, чыньнік стратаў вельмі адчувальны і балючы для нашай краіны і грамадзтва. Украіна нарошчвае свае групоўкі, тысячы салдат і афіцэраў праходзяць працэс падрыхтоўкі ў навучальных цэнтрах, як украінскіх, так і заходніх.

Расея таксама спрабуе нарасьціць сваю групоўку, штомесяц запаўняе свае страты прыблізна на 25 тысяч чалавек. Але гэтай колькасьці дастаткова толькі для таго, каб залатаць дзіркі ў існуючых пазыцыях. На стварэньне моцных ударных груповак, якія могуць скласьці нейкую пагрозу, у іх рэсурсаў не хапае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імавернасьць таго, што беларусаў пашлюць ваяваць, наблізілася да нуля», — ізраільскі вайсковы экспэрт Гендэльман

— Наколькі на ваенную сытуацыю могуць паўплываць даволі рэзкія ўзаемныя заявы, якія прагучалі з вуснаў украінскіх і польскіх палітыкаў? Альбо праблемы ў амэрыканскім кангрэсе з зацьвярджэньнем фінансавай дапамогі Ўкраіне? Ці можна гаварыць пра нейкую «стомленасьць ад дапамогі», «стомленасьць ад украінскага пытаньня»?

— Пра «стомленасьць» мы ня чулі ад ніводнай афіцыйнай асобы нашых саюзьнікаў. Гэтая тэма разганяецца СМІ альбо нават расейскімі прапагандыстамі.

Магчыма, могуць адбыцца нейкія зьмены ў фармаце дапамогі, але стратэгічнай зьмены сытуацыі мы не прадбачым. Бо цудоўна разумеем — і заявы заходніх лідэраў гучаць адназначна, — што дапамога Ўкраіне павінна давацца да поўнай перамогі Ўкраіны ў гэтай вайне. Іншых варыянтаў не прадугледжваецца.

Нашы польскія сябры выдатна разумеюць, што калі Ўкраіна прайграе ў гэтай вайне, то Польшчы давядзецца плаціць жыцьцямі сваіх грамадзян, абараняючы сваю краіну, спрабуючы спыніць акупантаў. Параза Ўкраіны толькі ўзбудзіць агрэсараў, яны ўжо цяпер заяўляюць пра неабходнасьць разабрацца з Польшчай, Славаччынай, Румыніяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея заявіла пра напад 6 украінскіх дронаў на аб’екты на поўдні і захадзе краіны, Украіна — пра атаку 30 расейскіх беспілётнікаў

— Я ўсё ж хацеў бы ўдакладніць: а што вы маеце на ўвазе пад поўнай перамогай Украіны ў гэтай вайне?

— Выхад на межы Ўкраіны 1991 году і атрыманьне практычных, а ня толькі палітычных, гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны.

— Зараз, калі з тэрыторыі Беларусі не ляцяць ракеты ў бок Украіны, фактычна няма расейскіх войскаў, калі ўсім экспэртам зразумела, што ў дадзены момант агрэсіі з тэрыторыі Беларусі ня можа быць — ці мае сэнс для Украіны трымаць даволі вялікія войскі каля беларуска-ўкраінскай мяжы?

— Мы нават не разглядаем варыянт аслабленьня ўвагі да нашых паўночных межаў. Бо разумеем, што ў любы момант можа адбыцца нарошчваньне сілаў і сродкаў акупантаў на тэрыторыі Беларусі. Тая групоўка вайскова-касьмічных сілаў Расеі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, уяўляе для нас сталую пагрозу. Тыя мерапрыемствы баявой падрыхтоўкі, якія праводзіць беларускае войска, ня сьведчаць пра тое, што нейкія правакацыі з тэрыторыі Беларусі катэгарычна немагчымыя.

Таму мяжа ўмацоўваецца, сытуацыя маніторыцца. Нельга выключаць і магчымасьць актыўнага заходу на тэрыторыю Ўкраіны дывэрсійна-выведных групаў. Таму Ўкраіна вымушаная трымаць тут мінімальна неабходны рэсурс, які будзе гарантаваць бясьпеку нашых паўночных межаў. Ні пра якае зьмяншэньне кантынгенту на нашай паўночнай мяжы ня можа ісьці і гаворкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: пагроза расейскіх ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі ўсё яшчэ застаецца

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.