Аліеў адмовіўся ўдзельнічаць у сустрэчы з Пашыньянам у Гранадзе

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў, старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян у Брусэлі, жнівень 2022.

Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў адмовіўся ўдзельнічаць у пяцібаковай сустрэчы з прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам, паведамляе азэрбайджанскае агенцтва APA. Яна павінна прайсьці 5 кастрычніка ў гішпанскай Гранадзе.

У сустрэчы таксама маюць узяць удзел старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, паведамляе «Настоящее время».

Паводле інфармацыі APA, рашэньне Аліева зьвязана з тым, што ён настойваў на ўдзеле ў сустрэчы прадстаўнікоў Турэччыны, але атрымаў адмову. Супраць гэтага, у прыватнасьці, выступілі Нямеччына і Францыя. Акрамя таго, Аліеў нібыта незадаволены ўдзелам у перамовах Мішэля. Раней той заявіў, што расчараваны рашэньнем Азэрбайджану пачаць ваенную апэрацыю ў непрызнаным Нагорным Карабаху.

Каля 100 тысяч армян пакінулі Нагорны Карабах. ФОТА


Пасьля чарговага абвастрэньня сытуацыі ў канцы верасьня 2020 году Азэрбайджан вярнуў пад свой кантроль раёны вакол Нагорнага Карабаху і ўзяў старажытны і сымбалічна значны горад Шуша (на армянскай мове Шушы). На наступны дзень пасьля ўзяцьця Шушы прэмʼер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян, прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісалі заяву аб спыненьні агню ў Нагорным Карабаху. Паводле дамовы, за Армэніяй і Азэрбайджанам былі замацаваныя тэрыторыі, на якіх знаходзіліся іхныя войскі на момант падпісаньня дакумэнту. Уздоўж лініі судакрананьня была разьмешчана міратворчая місія Расеі.

Пасьля гэтага Азэрбайджан пачаў блякаду раёнаў Карабаху, населеных этнічнымі армянамі: на адзінай дарозе былі ўстаноўленыя блёкпасты, якія не прапускалі ў рэгіён ніякія грузы, у тым ліку харчаваньне і гуманітарную дапамогу. Жыхары армянскіх раёнаў Карабаху ў апошнія тыдні паведамлялі пра голад.

19 верасьня 2023 году Азэрбайджан пачаў «антытэрарыстычную апэрацыю» ў раёнах Карабаху, населеных этнічнымі армянамі: яна скончылася капітуляцыяй уладаў самаабвешчанай рэспублікі. 28 верасьня кіраўнік непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі Самвэл Шахраманьян падпісаў указ аб спыненьні яе існаваньня з 1 студзеня 2024 году і аб роспуску дзяржаўных устаноў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ерэване заявілі аб амаль поўным перасяленьні армян з Карабаху, у Баку пераконваюць, што заклікаюць іх застацца
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Армэнія падала ў Міжнародны суд ААН пазоў супраць Азэрбайджану
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі заявіў, што Нагорны Карабах перажывае гуманітарны крызіс

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».