У ліпені Паўла Мажэйку асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу. Журналіст віны не прызнаў і абскардзіў прысуд. Прызначаны судом тэрмін ён пракамэнтаваў у адным зь лістоў, які нядаўна атрымалі сваякі журналіста.
«Тэрмін, безумоўна, вялікі. Так доўга асобна мы яшчэ не былі. Але тое, што нас не зьнішчае, ператварае нас у кінцугі», — зазначыў Павал Мажэйка. «Кінцугі» — старажытнае японскае майстэрства склейваньня разьбітай керамікі, пасьля якога адноўленая рэч можа выглядаць яшчэ прыгажэй. Гэтым майстэрствам захапляліся ў сям’і Паўла Мажэйкі.
У тым жа лісьце на волю журналіст Мажэйка напісаў пра матывы сваіх паводзінаў на судовым працэсе.
«Для мяне было важным захаваць гонар і годнасьць, не змаладушнічаць. Мне ня сорамна ні за адну сэкунду свайго жыцьця».
Сваякі Паўла Мажэйкі кажуць, што ў апраўдальны вынік апэляцыі ён ня верыць і ўжо рыхтуецца да этапаваньня ў калёнію.
«Папрасіў брытву з патрэбнымі характарыстыкамі. Таксама рэчы з адзеньня, якія прыдадуцца ў калёніі. Яшчэ прасіў лекі, але перадача, якую мы сабралі, „завісла“. Пакуль не прынялі, сказалі, што нібыта не было ад яго заявы», — падзяліліся сваякі палітвязьня.
Паводле сваякоў палітвязьня, на ўмовы ўтрыманьня ён ня скардзіцца. Сваякі назвалі тое, што, на іх думку, дапамагае журналісту захоўваць у зьняволеньні аптымістычны настрой.
«Шмат чытае кніг. Удалося падпісаць яго на некаторыя пэрыядычныя выданьні, прыкладам, на часопіс „Мастацтва“. Таксама перадаваў, што рэгулярна гуляе ў дворыку, стараецца не прапускаць прагулак нават у дрэннае надвор’е. На харчаваньне ня скардзіцца, яму рэгулярна прыходзяць харчовыя перадачы з волі. Піша, што фізычна адчувае сябе нармальна. Лістуецца зь сям’ёй, шле малюнкі дзецям і атрымлівае ад іх лісты», — расказалі сваякі пра палітвязьня Паўла Мажэйку.
Разгляд скаргі Паўла Мажэйкі адбудзецца 17 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі.
Паўла Мажэйку затрымалі ў жніўні 2022 году па вяртаньні ў Беларусь з Польшчы і абвінавацілі ў перадачы інфармацыі тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны экстрэмісцкім.
У горадзенскай турме № 1 у журналіста бачылі сьляды пабіцьця, пра якія ён тлумачыў, што гэта наступствы затрыманьня.
У Паўла Мажэйкі было пашкоджаньне над вокам і сьляды ад кайданкоў на руках, якія захаваліся ў журналіста і празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня. Таксама крыніцам вядома, што ў першыя месяцы знаходжаньня ў горадзенскім СІЗА Павал Мажэйка пабываў у карцары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў зьняволеньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем