Азэрбайджанскія сілавікі затрымалі трох былых прэзыдэнтаў Нагорнага Карабаху

Зьлева направа: былыя прэзыдэнты Нагорнага Карабаха Аркадзь Гукасян, Бако Саакян, Араік Аруцюнян. Каляж

Азэрбайджанскія афіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць затрыманьне былых прэзыдэнтаў Нагорнага Карабаха Араіка Аруцюньяна, Аркадзя Гукасьяна, Бако Саак'яна і старшыні парлямэнту НК Давіда Ішханьяна.

Паводле гэтых крыніц, апошніх трох ужо перавезьлі ў Баку, а Араіка Аруцюньяна перавозяць туды цяпер.

Дзяржміністар (кіраўнік ураду) Нагорнага Карабаха Артур Аруцюньян паведаміў армянскай службе Радыё Свабода, што ён, дырэктар Службы нацыянальнай бясьпекі (СНБ) Нагорнага Карабаха Арарат Мелкум'ян, міністар унутраных спраў Карэн Саргсьян і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта НК Карэн Шахраманьян сёньня праз азэрбайджанскі КПП прыбылі ў Армэнію.

Ён ня стаў камэнтаваць затрыманьне былых прэзыдэнтаў і сьпікера парлямэнту, толькі сказаў, што, калі іх праводзілі, тыя яшчэ знаходзіліся ў Стэпапанакерце.

Раней Азербайджан арыштаваў чатырох былых палітычных і вайсковых кіраўнікоў Нагорнага Карабаха: былога дзяржміністра Рубена Варданьяна, былога міністра замежных спраў Давіда Бабаяна, былога камандуючага Арміяй абароны Лявона Мнацаканьяна і былога намесніка камандуючага Арміяй абароны Давіда Манук'яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Місія ААН прыбыла ў Нагорны Карабах пасьля таго як 100 тысяч чалавек уцяклі з рэгіёну
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баку і Ерэване агучылі розныя вэрсіі затрыманьня былога кіраўніка Нагорнага Карабаху

Амаль усе армяне выехалі з Нагорнага Карабаху

У Армэнію з Нагорнага Карабаху, які Баку абвясьціў азэрбайджанскай тэрыторыяй, выехалі 100 625 жыхароў армянскага паходжаньня.

Аднак, як паведаміла дзяржаўнае агенцтва ArmenPress, для атрыманьня сацыяльнай дапамогі пакуль зарэгістраваліся 91 918 чалавек.

Місія ААН, якая ўпершыню за 30 гадоў наведала рэгіён, паведаміла, што ў Карабаскім раёне могуць яшчэ заставацца ад 50 да 1000 этнічных армян.

«Місія была ўражаная тым, як раптоўна мясцовае насельніцтва пакінула свае дамы, і тымі пакутамі, якія гэта, імаверна, выклікала», — адзначаецца ў заяве місіі.

Азэрбайджанскі бок не паведамляе пра колькасьць грамадзян, якія выехалі з Нагорнага Карабаху. Афіцыйныя асобы працягваюць заяўляць, што гарантуюць армянскаму насельніцтву ягоныя правы і гатовыя да інтэграцыі іх у азэрбайджанскую дзяржаву.