У апошнія гады нараджальнасьць у Беларусі штогод падае на 10%. Сёлета магчымы антырэкорд

Ілюстрацыйнае фота, Shutterstock

У Беларусі ў апошнія гады нараджальнасьць штогод зьніжаецца на 10%, заявіла 3 кастрычніка ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ намесьніца дырэктара РНПЦ «Маці і дзіця» Алена Гашкевіч.

«Мы маем штогод падзеньне нараджальнасьці прыблізна на 10%. І ў 2019-м, і ў 2020-м, і ў 2021-м, і ў 2022-м. І ў 2023-м мы чакаем тыя ж мінус 10%», — сказала яна.

Прадстаўніца РНПЦ «Маці і дзіця» агучыла пэўную інфармацыю пра дэмаграфічную сытуацыю ў Беларусі ў апошнія гады, якую ўлады дагэтуль не агучвалі — Белстат перастаў публікаваць адпаведную статыстыку з 2020 году, з пачаткам пандэміі каранавірусу і палітычнага крызісу ў краіне.

Калі зыходзіць з агучаных чыноўніцай зьвестак пра тое, што нараджальнасьць з 2020 году зьніжаецца прыкладна на 10% штогод, хутчэй за ўсё, летась па гэтым паказчыку быў устаноўлены антырэкорд з моманту незалежнасьці Беларусі: атрымліваецца, што ў 2022 годзе ў Беларусі нарадзіліся менш за 64 тысячы дзяцей, падлічыла «Зеркало».

Як зьніжалася нараджальнасьць у Беларусі ў апошнія гады, зыходзячы з інфармацыі аб зьмяншэньні нараджальнасьці на 10% штогод:

  • 2019 — 87 602 чалавекі,
  • 2020 — 78 842 чалавекі,
  • 2021 — 70 957 чалавек,
  • 2022 — 63 861 чалавек,
  • 2023 — 57 475 чалавек.

Але і гэты сумны паказчык сёлета будзе пабіты з паказчыкам менш за 57,5 тысячы нованароджаных — гэта ўжо антырэкорд сама меней з 1950 году, падлічылі журналісты. Такімі тэмпамі нараджальнасьць не зьніжалася нават у 1990-х: тады самае вялікае падзеньне паказчыка было ў 1995-м — на 8,6%.

Варта падкрэсьліць, што падлікі ў сытуацыі, калі чыноўнікі засакрэцілі дадзеныя, — арыенціровачныя. Як адзначаюць журналісты выданьня, у заяве чыноўніцы зьвяртае на сябе ўвагу пэўная неадпаведнасьць статыстыцы: паводле зьвестак Белстату, у 2019-м зьніжэньне нараджальнасьці было меншае — 6,9%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 23,5% жыхароў — пэнсіянэры, і толькі 17,8% — моладзь. Тлумачым, як гэта зьвязана з палітыкай

Сукупны каэфіцыент нараджальнасьці ў сучаснай Беларусі пачаў зьніжацца з 1990-х гадоў, гэта адбывалася з прычыны эканамічных праблем і агульнай няпэўнасьці. Пасьля ён крыху вырас. Пік нараджальнасьці быў у 2016 годзе, калі на адну жанчыну прыпадала 1,73 дзіцяці. У 2020 годзе гэты каэфіцыент быў 1,38.

Вайна, эканамічныя цяжкасьці, палітычныя рэпрэсіі апошніх гадоў — усё гэта не спрыяе пазытыўнай ацэнцы сьвету, таму людзі не сьпяшаюцца заводзіць дзяцей, адзначаюць экспэрты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 2020 году з краіны выехалі дакладна больш за 100 тысяч чалавек». Эканаміст раіць, што рабіць з дэмаграфічным крызісам у Беларусі