У Курапатах абразьлівымі надпісамі апаганілі крыжы, у тым ліку і крыж памяці беларускага грамадзка-палітычнага дзеяча Вацлава Ластоўскага, расстралянага сталінскім рэжымам у 1938 годзе.
Падчас наведваньня мэмарыяльнага комплексу ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам 2 кастрычніка група каталіцкіх вернікаў заўважыла новыя выпадкі вандалізму — абразьлівымі надпісамі апаганеныя крыжы, паведамляе сайт Katolik.life.
Сярод іншага вандалы пашкодзілі асьвячоны крыж памяці Вацлава Ластоўскага, беларускага грамадзка-палітычнага дзеяча, публіцыста, этнографа, які быў расстраляны сталінскім рэжымам у 1938 годзе.
«На крыжы Ластоўскаму зноў зьявілася слова «упырь», а на крыжы ў памяць польскіх ахвяр савецкіх рэпрэсій напісана «Сидите в „Крэсах“ ляхи! Припоминайте плахи...», — расказалі Katolik.life вернікі.
- Курапаты апаганьваюцца цягам дзесяцігодзьдзяў зь сярэдзіны 90-х гадоў, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Апошні раз пра апаганьваньне крыжоў у Курапатах зрабілася вядома ў траўні 2023 году. Як і раней, пра пошук і пакараньне вінаватых улады не паведамлялі.
- Сёлета ў чэрвені Віцебскі РАУС адмовіўся распачынаць адміністрацыйныя або крымінальныя справы па фактах вандалізму ў Хайсах — «віцебскіх Курапатах». Зварот у міліцыю накіраваў праваабаронца Павал Левінаў. Ён прасіў даць прававую ацэнку дзеяньням невядомых, якія паламалі крыжы, шыльды і паказальнікі да расстрэльных ямаў на мэмарыяле, створаным ініцыятывай «Хайсы — віцебскія Курапаты». Але аддзел міліцыі Віцебскага раёну адмовіўся шукаць вінаватых у вандалізьме, пасьля праверкі там не знайшлі «падстаў для ацэнкі дзеяньняў» невядомых асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З архіву Свабоды: Анатоль Вярцінскі расказвае, як выйшла ў сьвет праўда пра Курапаты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах сьпілоўваюць дрэвы, яны падаюць на крыжы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя адмовілася шукаць вінаватых у вандалізьме на мэмарыяле ў Хайсах