ІТ-кампаніі працягваюць атрымліваць сьпісы супрацоўнікаў, якія рабілі данаты ў пратэставыя фонды. Пра гэта піша Dev.by.
Першыя такія сьпісы ІТ-кампаніі атрымалі на пачатку 2023 году.
Крыніцы выданьня сьцьвярджалі, што такія сьпісы нібыта рассылала адміністрацыя Парка высокіх тэхналёгій. У поле зроку сілавікоў трапілі, сярод іншых, EPAM і Wargaming/Lesta. Сьпісы, у залежнасьці ад кампаніі, налічвалі ад дзясяткаў да сотняў чалавек.
Тым, хто данаціў, прапаноўвалі прыйсьці ў КДБ. Пазьней высьветлілася, што ў КДБ выклікаюць ня толькі айцішнікаў, але і работнікаў банкаў і іншых кампаній.
У поле зроку сілавікоў трапілі, у прыватнасьці, тыя, хто рабіў данаты праз Facebook Pay у канцы лета — восеньню 2020 году. Вядома, што інфармацыю аб транзакцыях сілавікі атрымалі зь беларускіх банкаў.
На думку заснавальніка аднаго з фондаў Андрэя Стрыжака, сілавікі таксама мелі магчымасьць атрымліваць інфармацыю пра данаты празь беларускія крыптабіржы, бо ўсе яны пад кантролем уладаў.
Пасьля пацьверджаньня факту даната супрацоўнікі КДБ просяць зрабіць новы данат у дзяржарганізацыі (дзіцячыя дамы, бальніцы, госьпісы) або дабрачынныя фонды. Часьцей за ўсё гаворка ішла пра суму ў 10 разоў большую за суму даната. Пазьней айцішнікі, якія пабывалі ў КДБ, расказвалі, што мінімальная сума ахвяраваньняў, у прыватнасьці ў Менску, складае 1000 даляраў.
Пасьля выплаты «кампэнсацыі» сілавікі абяцаюць даслаць пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне аптымістычны погляд на будучыню». Айцішніца расказвае пра сваё жыцьцё і працу ў НідэрляндахКаго затрымалі за данаты
Не ўсім айцішнікам (і ня толькі), якія данацілі ў фонды, удалося пазьбегнуць крымінальнага перасьледу. Невядома, ці зьвязана гэта са «сьпісамі» з ПВТ і адмовай/згодай паразмаўляць з КДБ і зрабіць «пакаянны» данат у дзяржфонды.
- У студзені сёлета сілавікі затрымалі праграміста кампаніі Netcracker Руслана Завадзіча. Яго абвінавацілі ў фінансаваньні дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня (за данаты ў памеры 50 даляраў) і пакаралі 3 гадамі калёніі агульнага рэжыму.
- У сакавіку праваабаронцы паведамілі пра суд над айцішнікам зь Ліды Віталём Чарнавусавым. Яго затрымалі яшчэ ўлетку 2022 году. За данаты айцішніка прыгаварылі да 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 16 тысяч рублёў.
- У сакавіку ў Менску затрымалі экс-супрацоўніцу Wargaming Ксенію Алькенаву за данаты. Па дадзеных праваабаронцаў, суд над дзяўчынай адбыўся яшчэ 10 ліпеня, але яго вынік невядомы. Пры гэтым на 29 верасьня прызначаны разгляд апэляцыі Ксеніі ў Вярхоўным судзе.
- Таксама ў сакавіку стала вядома пра арышт з-за данатаў супрацоўніка EPAM Андрэя Баранава. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у канцы траўня крымінальную справу супраць айцішніка закрылі з прычыны адсутнасьці доказаў, а самога яго вызвалілі зь СІЗА.
- Гэта ня ўсе вядомыя выпадкі. Інфармацыя пра шмат якія іншыя, верагодна, ня трапіла ў публічную прастору.