Амэрыканскі бізнэсовец Ілан Маск апублікаваў мэм пра Зяленскага. Ва Ўкраіне яму адказалі

Уласьнік сацыяльнай сеткі Х (колішні Twitter), амэрыканскі бізнэсовец Ілан Маск. Архіўнае фота

Ілан Маск пасьлядоўна выступае за скарачэньне вайсковай дапамогі ЗША і NATO Ўкраіне і разьвязваньне канфлікту шляхам перамоў.

Уласьнік сацыяльнай сеткі Х (колішні Twitter), амэрыканскі бізнэсовец Ілан Маск на сваёй старонцы на гэтай плятформе апублікаваў фотакаляж з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім з напружаным тварам і зрабіў пад ім подпіс: «Калі прайшло ўжо 5 хвілін, а ты дагэтуль не папрасіў мільярд даляраў дапамогі».

Публікацыя Ілана Маска набрала за некалькі гадзін больш як 34 тысячы камэнтароў, пераважна нэгатыўных. Карыстальнікі пісалі пра неабходнасьць падтрымліваць Украіну і нагадвалі яму, што пакеты вайсковай дапамогі — гэта ўкладаньні ў амэрыканскі вайскова-прамысловы комплекс, то бок у эканоміку ЗША.

Карыстальнікі таксама пачалі публікаваць свае каляжы, на якіх Маск апрануты ў форму расейскай арміі, або ў выглядзе сабачкі на павадку ў прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, або такі ж партрэт амэрыканскага бізнэсоўца, але з подпісам: «Калі прайшло ўжо пяць хвілін, а ты дагэтуль не сказаў ніводнай бязглузьдзіцы».

Вярхоўная Рада Ўкраіны ў сетцы Х апублікавала аналягічны каляж з партрэтам Маска і подпісам: «Калі ты ўжо пяць хвілін не распаўсюджваеш расейскую прапаганду» (цяпер гэтую публікацыю ўжо выдалілі, але невядома, з чыёй ініцыятывы — кіраўніцтва парлямэнту ці адміністратараў сеткі).

BBC назвала публікацыю Ілана Маска мэмам, які мяжуе з абразай. Украінскі журналіст-расьсьледавальнік Міхайла Ткач зьвярнуўся да Маска з адкрытым лістом «Ратаваньне сьвету — ня бізнэс».

  • Ілан Маск пасьлядоўна выступае за скарачэньне вайсковай дапамогі Ўкраіне з боку ЗША і NATO і разьвязваньне канфлікту шляхам перамоваў.
  • Год таму ён прапанаваў уласны плян спыненьня вайны на падставе правядзеньня рэфэрэндумаў на акупаваных Расеяй тэрыторыях, прычым Украіна павінна захаваць нэўтральны статус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэзыдэнтка Эўракамісіі назвала сацсетку Х Ілана Маска «галоўнай плятформай расейскай дэзынфармацыі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маск сказаў, што не ўключыў Starlink у Крыме праз санкцыі ЗША