Навошта сілавікам гэты працэс, чаго спалохаўся КДБ і як усё гэта паўплывае на дзейнасьць Рады? На гэтыя пытаньні ў эфіры Свабоды Premium адказвае сябра Прэзыдыюму Рады БНР Алесь Чайчыц.
«Яны бачаць актыўнасьць Рады БНР, бачаць значэньне Рады як гістарычнага дзяржаўнага інстытуту і спрабуюць чыніць супраціў так, як яны могуць. На дзейнасьць Рады гэта ніяк не паўплывае. А ацэнку дзейнасьці гэтых людзей у будучыні дадуць законныя беларускія ўлады. Відавочна, што гэта паклёпніцкія і ілжывыя абвінавачаньні, пачынаючы з таго, што Рада БНР не была заснаваная ў 1948 годзе. Яе заснавалі ў 1917 годзе», — кажа Алесь Чайчыц.
Сілавікі Лукашэнкі называюць Раду БНР «пранацысцкім фармаваньнем». Чайчыц кажа, што арганізацыя шматкроць асуджала і нацысцкія, і савецкія злачынствы на Беларусі. Ён нагадвае, што ў часы ІІ сусьветнай вайны Рада не пайшла на кантакты з нацыстамі. Ён таксама дадае, што радны БНР Кляўдуш Дуж-Душэўскі ў вайну ратаваў габрэяў і быў за гэта арыштаваны нацыстамі. Чайчыц называе заяву Генпракуратуры сьвядомай фальсыфікацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы заўсёды будзем яму ўдзячныя». Як стваральнік бел-чырвона-белага сьцяга ўратаваў габрэйскую дзяўчынку ад Галакосту«Распальваньнем варажнечы ў Беларусі займаецца рэжым Лукашэнкі, які перасьледуе і нацыянальныя меншасьці, і рэлігійныя супольнасьці, акрамя Расейскай праваслаўнай царквы, якая зьяўляецца цэнтральным элемэнтам шавіністычнай лукашэнкаўскай палітыкі. Таму людзі, якія ўсім гэтым займаюцца, ствараюць сабе матэрыял для будучага крымінальнага перасьледу або люстрацыйнага разбору», — дадае Чайчыц.
Сябра Рады БНР сказаў таксама, што гэтым перасьледам пракуратура толькі даказвае, што дзейнасьць Рады важная і што яе ні ў якім разе нельга спыняць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі завялі некалькі крымінальных спраў супраць Рады БНР. Рада адказалаШто такое Рада БНР
- Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
- Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і станам на 2022 год застаецца самым старым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні».
- Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе.
Рада БНР — найстарэйшы беларускі палітычны і дзяржаўны інстытут, захавальнік традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 году.
Пасьля таго як у 1918-м бальшавікі пакінулі Менск, дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэту Рады Ўсебеларускага зьезду абвясьцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да скліканьня Устаноўчага сойму. 21 лютага 1918 году Выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале зь Язэпам Варонкам.
Урад БНР прыкладаў шмат намаганьняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асьветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газэты, вялася праца па адкрыцьці ў Менску Беларускага ўнівэрсытэту, зьявіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпляматычны, была ўзаконеная дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краінаў Эўропы адкрыліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР.
Аднак з прычыны складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны. Шэраг гісторыкаў лічаць, што менавіта пэрыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўленьня беларускай нацыі.
З таго часу Рада БНР дзейнічае на эміграцыі.
У 2020 годзе Рада БНР падтрымала пратэставы рух супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, пасьля нападу Расеі на Ўкраіну з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі выступіла супраць расейскай агрэсіі.
Заснаваны летась Радай БНР мэдаль «Пагоня» ўручылі сваякам актывіста Вітольда Ашурка, які загінуў у турме, былой палітзьняволенай, журналістцы Дарʼі Чульцовай, сваякам і сябрам асуджанага з палітычных матываў журналіста Дзяніса Івашына, а таксама загінулых пратэстоўцаў і актывістаў Мікіты Крыўцова і Рамана Бандарэнкі, беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Эдуарда Лобава.