У Кіеве пашкоджаны мэмарыял беларусам, якія загінулі за Ўкраіну

З мэмарыялу беларускім абаронцам Украіны прыбралі «Пагоню» і надпісы «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне».

Мэмарыял беларусам, якія загінулі за Ўкраіну. Фота Сьвятаслава Верыжэнкі

На месца зьнятай «Пагоні» нехта павесіў ксэракопію з выявай герба. Мэмарыял месьціцца на фасадзе каледжу Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту тэхналёгій і дызайну па адрасе Беларуская, 22.

Беларуская валянтэрка Карына Пацёмкіна апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку фота мэмарыялу, зробленае ўкраінскім блогерам Сьвятаславам Верыжэнкам. Яна рэкамэндуе пісаць звароты ў Кіеўскую адміністрацыю з просьбай растлумачыць тое, што адбылося.

«Фізычныя асобы павінны атрымаць адказ цягам 30 дзён у выглядзе ліста», — піша яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўшанавалі памяць абаронцаў. За тэрытарыяльную цэласнасьць краіны загінулі 10 беларусаў

Мэмарыял, які ўрачыста адкрылі ў сакавіку 2016 году, ушаноўвае памяць Міхася Жызьнеўскага, які загінуў у 2014 годзе падчас «Рэвалюцыі годнасьці», а таксама тых беларусаў, якія загінулі падчас баявых дзеяньняў. Яшчэ да маштабнага ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, у баях на ўсходзе Ўкраіны загінулі 10 ураджэнцаў Беларусі — яны ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і ва ўкраінскіх Узброеных сілах.

Так мэмарыял выглядаў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцьця 28 сакавіка 2016 году