Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўшанавалі памяць абаронцаў. За тэрытарыяльную цэласнасьць краіны загінулі 10 беларусаў


Помнік у Кіеве загінулым беларусам
Помнік у Кіеве загінулым беларусам

Ва Ўкраіне ўшанавалі памяць абаронцаў краіны, якія загінулі ад 2014 году ў часе баявых дзеяньняў на ўсходзе краіны.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паклаў кветкі да Сьцяны памяці каля Міхайлаўскага сабору, а мэр Кіева Віталь Клічко адкрыў мэмарыял памяці кіеўлян, якія загінулі, абараняючы тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны.

У баях за Ўкраіну загінулі 10 ураджэнцаў Беларусі — яны ваявалі ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў і ва Ўзброеных сілах Украіны.

Помнік загінулым за Ўкраіну беларусам быў адкрыты 28 сакавіка на Беларускай вуліцы, 22 у Кіеве
Помнік загінулым за Ўкраіну беларусам быў адкрыты 28 сакавіка на Беларускай вуліцы, 22 у Кіеве

Будзько Аляксандар Анатолевіч, нарадзіўся ў Гомлі, загінуў 17 лістапада 2014 году ў раёне Дэбальцава Данецкай вобласьці. Пахаваны ў Чарнігаве.

Вярэніч Алег Уладзімеравіч (псэўданім «Лешы»), нарадзіўся ў Лунінцы, загінуў 9 верасьня 2016 году пад Мар’інкай Данецкай вобласьці. Пахаваны ў вёсцы Новая Парафіеўка, Харкаўская вобласьць.

Ганчарэнка Васіль Уладзімеравіч (псэўданім «Вагон»), нарадзіўся ў Наваградку, памёр 31 жніўня 2014 году ў «выніку захворваньня і фальшывага дыягназу». Пахаваны ў горадзе Белая Царква, Кіеўская вобласьць.

Зюзь Уладзiмiр, нарадзіўся ў Берасьці, загінуў 14 жніўня 2014 года ў баях у Краснадонскім раёне Луганскай вобласьці. Пахаваны ў вёсцы Асіпенка, Бярдзянскі раён, Запароская вобласьць.

Ільін Мікола, нарадзіўся і жыў у Магілёве да 2006 году. Потым пераехаў у Эстонію і атрымаў там грамадзянства. У 2016 годзе вярнуўся ва Ўкраіну і паступіў на службу ў 137-ы асобны батальён марской пяхоты. Загінуў 13 ліпеня 2020 году.

Казачонак Дзьмітры Валер’евіч, нарадзіўся ў вёсцы Засьценкі Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці, загінуў 7 траўня 2015 году пад паселішчам Луганскае, Арцёмаўскі раён, Данецкая вобласьць. Пахаваны ў вёсцы Куразваны, Гашчанскі раён, Ровенская вобласьць.

Падароўскі Алег Генадзевіч (псэўданімы «Сьняжок» і «Анубіс»), нарадзіўся ў Берасьці, памёр 3 лістапада 2016 году ў выніку цяжкага захворваньня. Пахаваны ў Дняпры.

Сокалачка Юры Іванавіч, нарадзіўся ў вёсцы Ластаўкі, Кобрынскі раён, Берасьцейская вобласьць, загінуў 28 верасьня 2014 году падчас абароны Данецкага аэрапорту. Пахаваны ў Закарпацкай вобласьці.

Туркоў Ігар Леанідавіч (псэўданім «Партызан»), нарадзіўся ў Наваполацку, загінуў 12 лютага 2015 году падчас «зачысткі» тэрыторыі ад рэшткаў незаконных узброеных фармаваньняў каля вёскі Логвінава, на трасе Дэбальцава — Арцёмаўск, Данецкая вобласьць. Пахаваны ў Дняпры. ​

Чаркашын Аляксандар Мікалаевіч (псэўданім «Тарас»), нарадзіўся ў Берасьці, памёр 28 жніўня 2015 году ад раненьняў, атрыманых у баі каля вёскі Белая Камянка, Данецкая вобласьць. Пахаваны ў Берасьцейскім раёне.

  • Дзень памяці абаронцаў Украіны, якія загінулі ў барацьбе за незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, заснаваны ў 2019 годзе ўказам прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG