У Беларусі назіраецца пастаянны рост колькасьці зноў выяўленых выпадкаў злаякасных пухлін, піша «Мэдыцынскі весьнік». Гэтую праблему напярэдадні абмеркавалі мэдыкі і чыноўнікі ў Берасьці.
Павялічваецца сярод іншага колькасьць выпадкаў анкалёгіі галавы і шыі. Напрыклад, у Берасьцейскай вобласьці ў першым паўгодзьдзі ўдзельная вага такіх захворваньняў склала 4,7 працэнта аб агульнай колькасьці анкалягічных хвароб (у 2022 годзе — 4,4 працэнта). Сярод пухлін галавы і шыі 67% прыпадае на паражніну рота і глоткі. Пра гэта паведаміла загадчыца арганізацыйна-мэтадычнага адзьдзела Берасьцейскага абласнога анкадыспансэра Вольга Скаромнік.
У 2022 годзе ў Берасьцейскай вобласьці ў структуры сьмяротнасьці мужчынскага насельніцтва ад злаякасных новаўтварэньняў рак паражніны рота і глоткі заняў трэцяе месца, а сярод працаздольнага мужчынскага насельніцтва — другое.
Актуальнай для вобласьці застаецца праблема раку паднябенных міндалін: з усіх выяўленых у 2022 годзе выпадкаў раку гэтай лякалізацыі 22 працэнты прыпадае на Берасьцейскую вобласьць. Аднагадовая лятальнасьць пры такой паталёгіі складае больш за 35%, 5-гадовая выжывальнасьць каля 50%. Вольга Скаромнік паведаміла, што па выніках 2022 года і першага паўгодзьдзя 2023-га ў Берасьцейскай вобласьці каля 40 працэнтаў злаякасных новаўтварэньняў паражніны рота і глоткі былі выяўленыя на позьніх стадыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я б параіла больш пазытыўных эмоцыяў». Беларуска расказвае, як вылечылася ад раку чацьвёртай ступені ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здароўе ня варта ўспрымаць як дадзенасьць, а хваробу як кару». Карысныя парады анколяга ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы ўсё яшчэ не дайшлі да культуры догляду сябе». У Вільні адкрыўся праект пра жаночую анкалёгію