Мінабароны Беларусі заявіла, што польскі верталёт двойчы парушыў мяжу. Польшча абвяргае

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін

Міністэрства абароны Беларусі заявіла, што 28 верасьня польскі верталёт двойчы парушыў паветраную мяжу.

«Каля 15.20 паветранае судна перасекла мяжу Рэспублікі Беларусь, паглыбіўшыся на далёкасьць да паўтара кілямэтра.

У 16.22 верталёт паўторна парушыў дзяржаўную мяжу, паглыбіўшыся на 300 мэтраў», — заяўляюць у Мінабароны і сьцьвярджаюць, што гэта інфармацыя, «пацьверджаная дадзенымі аб'ектыўнага кантролю».

У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Яму заявілі «рашучы пратэст», запатрабавалі неадкладна правесьці расьсьледаваньне інцыдэнту і інфармаваць беларускі бок аб яго выніках. Таксама Вайцяхоўскаму ўказалі на тое, што «замоўчваньне і адмаўленьне відавочнага факта будзе выглядаць адкрыта недарэчна з боку кіраўніцтва Польшчы».

У Польшчы адмаўляюць факт перасячэньня польскім верталётам беларускай мяжы

«Паведамляем, што сёньняшняя заява беларускага боку аб нібыта перасячэньні мяжы польскім верталётам зьяўляецца ілжывай. Гэта пацьвярджаюць запісы кіраваньня палётамі і радыёлякацыйнай станцыі — такога не было», — заявілі ў апэратыўным штабе Ўзброеных сіл Польшчы.

У ведамстве падкрэсьліваюць, што Войска Польскае «нязьменна паважае і выконвае ўсе палажэньні і правілы адносна непарушнасьці межаў», а таксама адзначаюць, што да інфармацыі, прадстаўленай беларускімі рэжымнымі СМІ, «трэба падыходзіць асьцярожна і разважліва, бо яна часта зьяўляецца элемэнтам правакацыі і дэзынфармуе грамадзкасьць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС запатрабавала ад Польшчы тлумачэньняў адносна вэрталёта, які нібыта заляцеў на беларускую тэрыторыю. Польскія вайскоўцы адпрэчваюць
  • 1 жніўня Польшча заявіла, што ў паветраную прастору Польшчы заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24. Пра інцыдэнт паінфармавалі NATO. Часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў МЗС Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі верталётамі.
  • Міністэрства абароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі». У МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы і заклікалі «не нагнятаць сытуацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасада Польшчы дала МЗС Беларусі доказы парушэньня паветранай прасторы беларускімі верталётамі
  • 1 верасьня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што польскі вайсковы верталёт Мі-24 парушыў паветраную прастору Беларусі: ён нібыта «на гранічна малой вышыні перасек дзяржаўную мяжу, заляцеў на глыбіню 1200 мэтраў» на тэрыторыю Беларусі, а потым вярнуўся ў Польшчу. Прадстаўніка польскай амбасады выклікалі ў МЗС Беларусі.
  • Афіцыйная Варшава адмаўляла факт парушэньня мяжы. Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі назваў беларускія заявы «спробай адказаць на наш вельмі рэзкі пратэст на палітычным і дыпляматычным узроўнях у сувязі з парушэньнем нашай прасторы беларускімі верталётамі», якое адбылося 1 жніўня.