За два гады па «справе Зельцара» 125 чалавек затрымалі, зь іх 124 — асудзілі

На акцыі памяці Андрэя Зельцара, Кіеў, 2021

Два гады таму ў перастрэлцы ў менскай кватэры загінулі IT-спэцыяліст Андрэй Зельцар і супрацоўнік КДБ Дзьмітрый Федасюк.

У наступныя дні па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманьняў за камэнтары ў сацыяльных сетках пра гэты інцыдэнт.

У хуткім часе Сьледчы камітэт заявіў, што супраць 136 затрыманых былі ўзбуджаныя крымінальныя справы паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу.

На гэты момант праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозьвішчы 125 затрыманых па справе, не менш як 124 зь іх асудзілі. Абсалютная большасьць зь іх была пазбаўленая волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не выбіваюць дзьверы, а спрабуюць трапіць у кватэру». Як на судзе ў «справе Зельцара» судзьдзя і пракурорка дапытвалі абвінавачанага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады калёніі за камэнтар пад відэа зь Зельцарам

Перастрэлка Андрэя Зельцара з групай КДБ. Што вядома

28 верасьня каля другой гадзіны дня супрацоўнікі КДБ у цывільнай вопратцы ўзламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе быў Андрэй Зельцар і ягоная жонка Марыя Ўсьпенская.

Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў аднаго з групы КДБ. Супрацоўнікі КДБ застрэлілі яго ў адказ.

Жонку, якая здымала здарэньне на тэлефон, затрымалі за дапамогу ў забойстве.

Андрэю Зельцару быў 31 год.

У 2008 годзе ён скончыў тэхнікум бізнэсу і права. З 2016-га працаваў у Epam кіраўніком групы (team lead).

Захапляўся фэхтаваньнем, бегам па прыродным рэльефе, трыятлёнам.

Вядома, што ён плаціў дзяржаўнае мыта на права паляваньня. Гэта можа значыць, што стрэльбу ён меў законна, і пра гэта было вядома адпаведным службам. Мяркуючы па фота ў інстаграме Зельцара, марка стрэльбы — «ИЖ-27».

17 жніўня 2020 году ў сваім інстаграме ён заклікаў да ўсеагульнай забастоўкі і «ісьці да канца».

Ягоная жонка Марыя Ўсьпенская працавала ў сетцы крамаў побытавай хіміі, ёй 40 гадоў. У іх ёсьць сын, які нарадзіўся ў 2012 годзе.

Пра загінулага супрацоўніка КДБ спачатку афіцыйна паведамілі толькі пазыўны «Нірвана». У дзень разьвітаньня зь ім, 1 верасьня, з паведамленьня БелТА стала вядома, што яго імя Дзьмітры Федасюк, ён афіцэр групы «А» КДБ. Раней гэтыя зьвесткі неафіцыйна паведаміў ByPol. Федасюку быў 31 год. У яго засталіся жонка і малое дзіцё.

Дзьмітры Федасюк

Праўладныя СМІ апублікавалі відэа зь месца здарэньня каля восьмай гадзіны вечара. Яно было змантаванае з запісаў дзьвюх камэр — з боку сілавікоў і з боку Зельцара. Сілавікі патлумачылі запіс з пакою Зельцара ягоным жаданьнем «хайпануць».

Некаторыя карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі відэа пастаноўкай. У іншых на падставе паказаных кадраў узьніклі сумненьні ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня. Выказваліся розныя меркаваньні: і што байца КДБ маглі сьмяротна параніць свае ж, і што Зельцар страляў траўматычнымі, а не паляўнічымі, кулямі (якія, аднак, зблізку таксама маглі нанесьці сьмяротнае раненьне).