Сузаснавальнік BYSOL Андрэй Стрыжак расказаў сайту Zerkalo.io пра першы выпадак затрыманьня чалавека, які вырашыў вярнуцца ў Беларусь, каб памяняць пашпарт. Па ягоных словах, такія выпадкі пакуль ня масавыя.
«Нам ужо вядома пра выпадак, калі чалавек заяжджаў на тэрыторыю Беларусі і быў затрыманы з-за таго, што ён перасек мяжу і быў ці то ў базах, ці то пад крымінальным перасьледам, пакуль яшчэ нам гэта невядома, — расказаў Андрэй Стрыжак. — На жаль, як мы гэта і прагназавалі, навіна пра ўказ Лукашэнкі аб забароне на абмен пашпартоў за мяжой стала трыгерам для тых людзей, у якіх заканчваюцца дакумэнты, і яны паехалі ў Беларусь. Гэта дадатковы выклік для нас, таму што людзі, на жаль, не ўспрымаюць магчымую небясьпеку пры паездцы ў Беларусь і чамусьці думаюць, што іх гэтая сытуацыя ня тычыцца».
Падрабязнасьцяў пра асобу затрыманага і дэталі яго затрыманьня кіраўнік BYSOL не паведамляе.
Па словах Андрэя Стрыжака, на сёньняшні дзень нельга казаць, што выпадкі затрыманьня беларусаў, якія вярнуліся для атрыманьня пашпарта, масавыя. Але яны могуць стаць такімі, калі людзі ня будуць клапаціцца аб сваёй бясьпецы.
«Мінімум раз на тыдзень мы атрымліваем інфармацыю пра чарговае затрыманьне тых, хто вярнуўся ў Беларусь, — расказаў Стрыжак. — Хтосьці едзе на лячэньне, хтосьці — да сваякоў або абмяняць дакумэнты. Часам вяртаюцца людзі, якім гэтага зусім нельга рабіць, — напрыклад, былыя сілавікі, якія звольніліся на знак пратэсту ў 2020 годзе. Я не разумею, чым усе яны кіруюцца, як плянуюць сваё жыцьцё і чаму думаюць, што ўсё скончылася і зь імі нічога ня здарыцца».
7 верасьня набыў моц указ Лукашэнкі, паводле якога беларусы больш ня могуць атрымаць новыя пашпарты ў дыпляматычных установах за мяжой, а таксама аформіць некаторыя іншыя дакумэнты. Зрабіць гэта можна толькі ў органах унутраных спраў на тэрыторыі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стварылі сайт для беларусаў замежжа, якія ня могуць памяняць пашпарт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Кавалеўскі: Ім мала рэпрэсій унутры Беларусі, спрабуюць рэпрэсаваць беларусаў і за мяжой ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашпарт за мяжой зрабіць нельга, пажаніцца можна. Але ёсьць нюанс. Разьбіраем новы ўказ Лукашэнкі па пунктах