«Уся Эўропа стамляецца дапамагаць». Прытулку для беларускіх уцекачоў у Варшаве пагражае закрыцьцё

Шэлтар для ўцекачоў у Варшаве

Шэлтар у Варшаве адкрылі ў красавіку 2022 году для жанчын зь дзецьмі, якія ўцякаюць ад вайны ва Ўкраіне і рэпрэсій у Беларусі. Зараз сродкі на яго ўтрыманьне канчаюцца.

Увесь час, які прайшоў з моманту адкрыцьця варшаўскага прытулку, ім кіруе Ганна Федаронак. Актывістку запрасіў сюды фонд «Краіна для жыцьця», да гэтага Ганна працавала ў «Народным антыкрызісным упраўленьні».

«Беларусы Італіі, фонд „Краіна для жыцьця“ знайшлі спонсараў — італьянскую кампанію Progetto Sud. У кампаніі былі свае ўмовы, што ў шэлтары могуць жыць украінскія мамы і дзеці, якія ўцякаюць ад вайны, у якіх тата загінуў ці цяпер ваюе. Таксама была прыпіска, што і беларускія мамы зь дзецьмі могуць тут жыць. Пазьней мы пачалі засяляць тых, хто ўцякаў ад рэпрэсій».

Ганна Федаронак

Італьянская кампанія працягвала праграму падтрымкі тры разы на паўгода. Цяпер жа дамову не падоўжылі, дзеліцца Ганна.

«Уся Эўропа стамляецца дапамагаць. Мы і так удзячныя кампаніі за тое, што мы столькі прабылі тут. Беларусы нават у Беларусі ведалі, што тут можна прытуліцца хоць на некалькі дзён, таму мы з Алегам Кулешам з „Беларускай асацыяцыі палітвязьняў“ вырашылі, што трэба працягваць гэтую справу, бо гэта вельмі патрэбна».

На арэнду і камуналку для трохпавярховага дома трэба шмат грошай, тлумачыць Ганна.

«Яшчэ знайсьці такі дом вельмі цяжка, бо не кожны ўласьнік падпіша ўмову, каб тут было нешта накшталт гостэлу. Таму мы вырашылі, што трэба неяк зьбіраць грошы. Мы хочам назьбіраць суму, каб ведаць, што шэлтар прапрацуе яшчэ хаця б год, каб разумець, што ў нас ёсьць заўтра. Каб не было такога, што чалавек кажа, што яго вывозяць зь Беларусі праз тыдзень, а мы ня ведаем, ехаць яму сюды ці не, ці будзем мы працаваць».

Шэлтар для ўцекачоў у Варшаве

Зараз шэлтар хочуць пакінуць выключна для беларускіх уцекачоў, якія пацярпелі ад рэпрэсій.

«У нас палітзьняволеныя ў першую чаргу, тыя, каго вывозяць з турмаў, рэпрэсаваныя, якія выяжджаюць проста з суду. У нас жыве жанчына, якая толькі прыехала, а на заўтра ў яе быў суд. Таму я лічу, што гэта вельмі патрэбная праца, і кожны беларус можа да яе далучыцца. Дапамога не бывае маленькай, асабліва калі яна аказваецца ў такі патрэбны час».

«Гэты шэлтар для людзей, якія трапілі ў апошні вагон»

Сама Ганна таксама прайшла праз тэрміновы вымушаны пераезд, бо адбыла арышт у жніўні 2020-га, а на пачатку 2021 году на яе завялі крымінальную справу.

«Маёй дачцэ прыйшлося пераехаць з унукамі, бо я працягваю барацьбу і я такая мама экстрэмісцкая, што проста не давалі жыцьця. Дык вось гэты шэлтар для людзей, якія патрапілі ў апошні вагон. Калі я выяжджала, я таксама нават ня мела ні бялізны, ні шкарпэтак, толькі дачка малая пад пахай. І таму шэлтар вельмі патрэбен людзям, якія выяжджаюць тэрмінова і ня маюць нічога».

Ганна Федаронак

Ганна таксама жыла ў шэлтарах — у Кіеве і Беластоку, таму з асабістай практыкі разумее, як гэта важна для тых, хто ўцякае з краіны.

У прытулку людзі гарантавана змогуць жыць два месяцы, асабліва мамы з дзецьмі, бо ім складаней знайсьці жытло.

«Але калі чалавек прыяжджае, я буду тлумачыць, што ня трэба сядзець два месяцы роўна, а варта шукаць працу, жытло, бо само на галаву нічога не зваліцца. Вядома, я дапамагу, патлумачу, як зрабіць картку ў банку, праязны, PESEL [ідэнтыфікацыйны нумар. — РС], як падацца на міжнародную ахову».

«Вельмі перажывала, куды ж я з дачкой паеду»

Беларуска Алена Каваленка апынулася ў прытулку праз перасьлед у Віцебску.

«На мяне пачалі моцна ціснуць, прыходзілі міліцыянты. Апошні раз мяне схапілі ў жніўні, калі я а 6-й раніцай выйшла гуляць з сабакам. Пасьля гэтага я прыняла рашэньне выяжджаць. Хавалася яшчэ тры тыдні ў Беларусі і вельмі перажывала, куды ж я з дачкой 12-гадовай паеду. Гэта ж новая краіна, жытло і працу цяжка знайсьці адразу».

Алена Каваленка

Праваабаронцы параілі шэлтар і дамовіліся з Ганнай, каб засяліць сюды Алену з дачкой, пакуль яны не ўладкуюцца ў Варшаве.

«Я ўжо два тыдні тут жыву. Для мяне зараз галоўнае — вывучыць мову. Бо я не плянавала ехаць з краіны, хацела там жыць, а выйшла ўсё так тэрмінова. Таму пакуль вучу мову і шукаю працу».

За час існаваньня шэлтар дапамог прыкладна 200 уцекачам

Для таго, каб прытулак працягваў існаваць, неабходная сума каля 5000 даляраў штомесяц, кажа Ганна Федаронак. Дапамагчы просяць як грашыма, так і неабходнымі ўцекачам рэчамі.

«У нас зараз ёсьць вялікі гараж. Нам патрэбна будзе мужчынскае і жаночае адзеньне. Дзіцячага адзеньня ў нас пакуль шмат, таму, калі беларусам патрэбна, то, калі ласка, прыходзьце і бярыце. Таксама трэба бытавая хімія: сродкі для мыцьця посуду і падлогі, пральны парашок і іншае. Вельмі патрэбныя і прадукты, напрыклад гарбата, макарона, рыс».

Шэлтар для ўцекачоў у Варшаве

Шэлтар для ўцекачоў у Варшаве

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Удзячная прасторы, сусьвету, Богу, што трапіла ў „Радзіславу“». Жыцьцё пасьля хатняга гвалту