Указам прадугледжана, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўваньне, абарот, эксплюатацыя і выраб цывільных БЛА дазволены толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафэсійнай дзейнасьці «з захаваньнем патрабаваньняў, устаноўленых гэтым указам». Для фізычных асобаў усё гэта ўказам забаронена.
Пра гэта паведамляе агенцтва БЕЛТА.
Для ўвозу арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі цывільных БЛА неабходна атрымаць адпаведны дазвол у дэпартамэнце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў. Гэты дэпартамэнт арганізуе ўлік БЛА, якія ёсьць у арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З аднаго боку — закрытае неба, з другога — зграі варожых бесьпілётнікаў. І як цяпер Лукашэнку лятаць?Таксама ўказам прадугледжана стварэньне аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы дзяржаўнага ўліку цывільных бесьпілётнікаў, якія належаць юрыдычным асобам і (або) ІП.
У частцы ўвозу, эксплюатацыі і вырабу БЛА фізычнымі асобамі забарона ўступае ў сілу пасьля афіцыйнага апублікаваньня ўказу, а ў частцы захоўваньня і абароту — праз шэсьць месяцаў.
На працягу шасьці месяцаў з моманту афіцыйнага апублікаваньня ўказу фізычныя асобы могуць прадаць свае БЛА арганізацыям або індывідуальным прадпрымальнікам або перадаць іх дзеля захоўваньня ва ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам.
- Раніцай 26 лютага 2023 году аб’яднаньне былых сілавікоў ByPol паведаміла пра два выбухі і пашкоджаньне пярэдняй і сярэдняй частак расейскага самалёта далёкай выведкі А-50, што стаяў на беларускім вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах. Таксама ў ByPol заявілі, што пашкоджана антэна радара на самалёце. Паводле былых сілавікоў, удзельнікі пляну «Перамога» скарысталі для гэтага два дроны кампаніі DJI, якія саматужна пераабсталявалі ў дроны-камікадзэ. Кожны дрон нібыта нёс выбуховае рэчыва — 200 грамаў у тратылавым эквіваленце. Для вырабу выбуховай прылады таксама скарысталі мэталічныя шары, прыблізна 200 штук на кожны дрон.