Стваральнік праграмы для дальнабойнікаў «AntiBAG Тахограф» навучыў яе гаварыць па-беларуску

Фуры на трасе. Ілюстрацыйнае фота

Максім — беларускі IT-прадпрымальнік, вядомы таксама як блогер Злы Дальнабой. 7 гадоў таму ён стварыў праграму «AntiBAG Тахограф» для кантролю рэжыму працы і адпачынку кіроўцаў. А нядаўна стварыў і агучыў як беларускую вэрсію, якая карыстаецца посьпехам.

Як піша выданьне MOST, ідэя стварыць «AntiBAG Тахограф» узьнікла ў Максіма, калі ён сам працаваў кіроўцам-міжнароднікам. Сутнасьць мабільнай праграмы ў тым, што галасавы асыстэнт у фонавым рэжыме гаворыць кіроўцу, што трэба рабіць. Акрамя таго, аплікацыя паказвае маршрут, пройдзеную адлегласьць і хуткасныя рэжымы, як GPS-трэкер. Кіроўца заўсёды можа паглядзець, дзе і зь якой хуткасьцю ён праяжджаў нават год таму. Цяпер, як адзначае распрацоўнік, гэта ўжо вялікі шматфункцыянальны мэханізм. Да таго ж у яго дадалі галасавы пакет на некалькіх мовах. Агучваньне і пераклад асыстэнта рабілі з дапамогай нэўрасеткі.

Сёньня колькасьць карыстальнікаў мабільнай праграмы складае 117 тыс. па ўсёй Эўропе.

Да нядаўняга часу карыстальнікі маглі выбраць з чатырох моў: расейскай, украінскай, ангельскай і польскай. А цяпер праграма стала і беларускамоўнай.

Першы час стваральнік спрабаваў знайсьці прафэсыйнага актора для агучваньня, але пасьля просьбаў падпісантаў вырашыў, што ўсе 57 галасавых блёкаў агучыць сам. І не памыліўся — продажы аплікацыі значна вырасьлі, адзначае MOST.

Максім расказаў, што беларуская агучка карыстаецца папулярнасьцю нават сярод носьбітаў іншых моў. Ён спадзяецца, што іншыя праграмісты возьмуць зь яго прыклад і зробяць беларускую лякалізацыю мабільных праграм.

Цяпер каманда Максіма з трох чалавек рыхтуе новае абнаўленьне з навігацыяй. Ён кажа, што за 7 гадоў існаваньня «AntiBAG Тахограф» каманда выпусьціла больш за 150 абнаўленьняў, кожнае зь якіх каштуе ад 1 да 10 тысяч эўра. Але зарабілі больш, каля мільёна, хоць цяпер заробленыя грошы ўкладваюцца ў мадэрнізацыю праграмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Расейцы не чакалі ад нас такой пазыцыі». Гісторыі здабыткаў і стратаў беларускага бізнэсу за мяжой
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая праца не прыносіць мне нічога, акрамя асалоды». Як мэнэджар з ІТ-сфэры ўзяўся рабіць беларускамоўныя праекты