Ігару Аліневічу 40 гадоў. У Варшаве сёньня зьявіцца мурал зь ягонай выявай

Ігар Аліневіч, архіўнае фота

24 верасьня спаўняецца 40 гадоў вядомаму беларускаму анархісту, палітвязьню Ігару Аліневічу.

Аліневіча, засуджанага на 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, летась этапавалі з мазырскай калёніі ў жодзінскую турму. Пасьля гэтага яго неаднаразова зьмяшчалі ў ШЫЗА. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку.

Апякунка анархіста Ігара Аліневіча ў кампаніі «Пакуль усе не будуць вольныя» Аліна Коўшык ініцыявала стварэньне муралу, прысьвечанага Ігару.

Мурал зьявіцца ў дзень народзінаў Ігара Аліневіча – на ўваходзе ў варшаўскі бар «Карма». Маляваць мурал пачнуць а 18:00. Таксама там можна будзе пакінуць ахвяраваньні на падтрымку Ігара і іншых зьняволеных, паведамляе АЧК-Беларусь.

  • У часе пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў беларускія памежнікі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 затрымалі ў Ельскім раёне ля беларуска-ўкраінскай мяжы Ігара Аліневіча і яшчэ трох анархістаў – Дзьмітрыя Дубоўскага, Дзьмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава. Іх абвінавацілі паводле артыкула 289 КК «Тэрыразм», а таксама паводле артыкула 295 «Незаконнае абарачэньне зброі». Анархістаў абвінавацілі ў падпале чатырох аўтамабіляў каля будынка пракуратуры ў Салігорску і мясцовага аддзяленьня Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз.
  • У 2013 годзе за кнігу «Еду ў Магадан» Ігар Аліневіч атрымаў галоўную ўзнагароду і стаў першым ляўрэатам Прэміі імя Францішка Аляхновіча Беларускага ПЭН-цэнтра.
  • У 2016 годзе Аліневіч стаў ляўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча за 2015 год у намінацыі «За асабістую мужнасьць». Штогадовая нацыянальная прэмія ў абароне правоў чалавека была заснаваная Хартыяй'97 у 1998 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Аліневіч зноў трапіў у ШЫЗА Жодзінскай турмы