Гэта вынікі новага дасьледаваньня, закліканага дапамагчы знайсьці мэтады лячэньня для тых, хто месяцамі ня можа вярнуцца да нармальнага жыцьця пасьля заражэньня Covid-19, піша ВВС.
ВВС спасылаецца на дасьледаваньне, апублікаванае ў часопісе Lancet, у рамках якога навукоўцы ўпершыню вывучылі МРТ-здымкі пацыентаў з Covid-19, якія доўгі час пасьля заражэньня вірусам не маглі пазбавіцца ад нядужаньня.
Аналіз здымкаў паказаў, што ў людзей з «зацяжным ковідам» утрая часьцей былі пашкоджаныя лёгкія, мозг і ныркі ў параўнаньні з кантрольнай групай, якая не хварэла Covid-19.
Пацыэнтаў, якія прынялі ўдзел у дасьледаваньні, было 259. Ва ўсіх цяжкая форма хваробы прывяла да шпіталізацыі. МРТ асноўных органаў ім зрабілі праз пяць месяцаў пасьля выпісу. Гэтыя здымкі навукоўцы параўналі з МРТ кантрольнай групы з 52 чалавек.
Пашкоджаньні лёгкіх назіраліся амаль у 14 разоў часьцей сярод пацыентаў з працяглым цягам Covid, тады як анамаліі, зьвязаныя з ныркамі і мозгам, былі ў іх утрая і ўдвая вышэй адпаведна, чым у чальцоў кантрольнай групы.
Навукоўцы адзначаюць, што ступень паразы органаў залежала ад цяжару інфэкцыі, веку і наяўнасьці іншых захворваньняў.
Вынікі дасьледаваньня падаюць «канкрэтныя доказы зьмяненьняў у шэрагу органаў» пасьля таго, як людзі трапляюць у бальніцу з Covid-19, лічыць суаўтар дасьледаваньня Крыстафэр Брайтлінг, прафэсар рэсьпіраторнай мэдыцыны з Лестэрскага ўнівэрсытэту.
Пры гэтым ён заклікае калегаў і насельніцтва не лічыць гэтую інфармацыю падставай для трывогі, а разглядаць яе як магчымасьць зрабіць крок наперад і распрацаваць мэтады лячэньня для людзей з «зацяжным ковідам».
Паводле ацэнак спэцыялістаў, мільёны людзей у сьвеце працягваюць ім хварэць, ня маючы магчымасьці вярнуцца да нармальнага жыцьця праз тыдні ці месяцы пасьля заражэньня вірусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ нават завод не дабудавалі». Як у Беларусі тры гады рабілі вакцыну ад каранавірусу і патрацілі на гэта 27 мільёнаў даляраў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра новы варыянт каранавірусу, які імкліва распаўсюджваецца па сьвеце