Пракуратура Парыжа запатрабавала расьсьледаваньня ў дачыненьні да былой старшыні францускай ультраправай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Лё Пэн і яшчэ 26 чалавек па падазрэньні ў крадзяжы сродкаў Эўразьвязу. Аб гэтым піша Le Monde.
Па вэрсіі пракуратуры, з 2004 па 2016 год у партыі «Нацыянальны фронт» (цяпер — «Нацыянальнае аб’яднаньне») існавала схема крадзяжу грошай, якія выдзялялі на заробкі памочнікам дэпутатаў Эўрапарлямэнту, абраных ад гэтай партыі. Пры гэтым памочнікі «часткова ці цалкам» працавалі на партыю.
Эўрапарлямэнт ацаніў свае страты ў сама меней 6,8 мільёна эўра. У выпадку доказу віны Лё Пэн можа пагражаць штраф у мільён эўра, дзесяць гадоў турмы і шматгадовая забарона на заняцьце дзяржаўных пасадаў, піша Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маленькая культурная рэвалюцыя»: на чале францускіх ультраправых больш не сям'я Лё ПэнМарын Лё Пэн, якая ўзначальвала партыю з 2011 па 2021 год, а ў 2022 годзе балятавалася ад яе на пасаду прэзыдэнта Францыі, заявіла, што абвінавачаньні носяць «перш за ўсё палітычны характар» і будуць аспрэчаныя ў судзе.
Правапапулістку Марын Ле Пэн называлі «сябрам Пуціна»: яна падтрымлівала міжнародную палітыку Расеі па Ўкраіне і Сырыі, а таксама неаднаразова выказвалася супраць антырасейскіх санкцый. Поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну Ле Пэн асудзіла, аднак адзначыла, што ня хоча, каб французы цярпелі ад санкцыяў у дачыненьні да нафты і газу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лё Пэн выступіла супраць забароны энэргарэсурсаў з Расеі