Параўноўваем узровень сустрэчаў на высокім узроўні лідэркі дэмакратычных сілаў Беларусі і дыпляматыі афіцыйнага Менску, а таксама абмяркоўваем рукапацісканьне Алейніка зь Вячоркам.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
«У Ціханоўскай прайшлі сустрэчы з 5 прэзыдэнтамі, 4 прэм’ер-міністрамі, 15 міністрамі замежных справаў»
— З 17 па 23 верасьня Сьвятлана Ціханоўская і яе каманда ў Нью-Ёрку, дзе праходзіць Генэральная асамблея ААН, падчас якой лідэрка зьвярнулася да краінаў – чальцоў ААН ад імя беларусаў, сустрэлася з прадстаўнікамі палітычных і бізнэс-колаў розных дзяржаваў, узяла ўдзел у закрытай сустрэчы міжнародных лідэраў і іншых сустрэчах на высокім узроўні. Валер, што б вы назвалі галоўнымі вынікамі сёлетняга ўдзелу беларускіх дэмакратычных сілаў у гэтай падзеі?
— Для нас крытычна важна быць у ААН, тут у Нью-Ёрку. Сытуацыя ў Беларусі даўно перарасла ўзровень проста крызісу правоў чалавека ці палітычнага крызісу. Гэта і крызіс бясьпекі. Тое, што рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай для міру і бясьпекі ў рэгіёне і ўва ўсім сьвеце, стала відавочна. Менавіта гэтыя пытаньні трэба выносіць на разгляд тут у Нью-Ёрку. Для гэтага і была створная Арганізацыя Абʼяднаных Нацыяў. Важна было падкрэсьліць ізноў, што ў Лукашэнкі няма манаполіі на прадстаўленьне інтарэсаў беларускага народу, пагатоў ён іх і не прадстаўляе. Ён прадстаўляе інтарэсы Крамля ці свае ўласныя. Наша роля і нашая прысутнасьць была крытычна важнай, каб там адчулі гэтае напружаньне, працяг крызісу ў Беларусі. Гэта адчуваюць і заходнія дэлегацыі, і дэлегацыі з краінаў Глябальнага Поўдню, разумеючы, што беларусы працягваюць змагацца і выступаюць на баку тых прынцыпаў, каштоўнасьцяў, якія закладзеныя ў Хартыю ААН.
— У суботу 23 верасьня мае адбыцца выступ міністра замежных справаў Сяргея Алейніка. Чаго вы чакаеце ад выступу, якой рэакцыі?
— Выступ будзе ў канцы. У параўнаньні з многімі іншымі дэлегацыямі ў Алейніка нізкі ўзровень, ён толькі міністар замежных справаў. Прыярытэт даецца прэзыдэнтам, потым прэмʼер-міністрам, пасьля міністрам замежных справаў. Вядома, не чакаю, што ў Алейніка будуць нейкія новыя пасылы, заклікі да дыялёгу зь беларускім народам. Ён гатовы працягваць руку краінам глябальнага поўдня ці іншым нейкім міжнародным арганізацыям, але маўчыць пра тое, што ў Беларусі цалкам адсутнічае дыялёг паміж рэжымам і грамадзтвам. Гэта абсалютна адрозьнівае рэжым Лукашэнкі ад таго, што гавораць дэмакратычныя сілы Беларусі. Мы выступаем за гэты дыялёг, мы бачым яго як той інструмэнт у мэханізьме, які дазволіць нам прыйсьці да вырашэньня ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі.
— Фармат удзелу ў Генэральнай асамблеі ААН прадугледжвае выступ прадстаўнікоў афіцыйных уладаў. Тым ня менш Ціханоўская, прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінэту другі год запар бяруць удзел у захадах на палях Генэральнай асамблеі. Ці маглі б вы параўнаць узровень сустрэчаў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў і міністра замежных справаў Лукашэнкі?
— Афіцыйныя дэлегацыі маюць поўны доступ да ўсіх падзеяў, выступаюць у залі Генэральнай асамблеі, у Радзе Бясьпекі. Алейнік выступаў у Радзе Бясьпекі падчас абмеркаваньня вайны супраць Украіны. Калі аналізаваць узровень сустрэчаў і геаграфію сустрэчаў, то відавочна, што ў Алейніка моцна зрушаны фокус на краіны глябальнага поўдня, Афрыку, Паўднёва-Усходнюю Азію, пэўныя краіны Лацінскай Амэрыкі. Тым часам у Сьвятланы Ціханоўскай сустрэчы пераважна зь лідэрамі заходніх краінаў, ЗША. У Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі сустрэчы зь пяцьцю прэзыдэнтамі, чатырма прэмʼер-міністрамі, у тым ліку Урзуляй фон дэр Ляен як кіраўніцай ураду — Эўрапейскай камісіі, з 15 міністрамі замежных справаў, з цэлым шэрагам дыпляматаў са Злучаных Штатаў, з эўрапейскім камісарам унутраных справаў Ільвай Югансан, зь якой мы абмяркоўвалі міграцыйную праблематыку на фоне консульскага ўказу Лукашэнкі. Відавочна, якасьць сустрэчаў была значна вышэйшая, і гэта краіны, якія могуць дапамагчы Беларусі пераадолець палітычны, сацыяльны, гуманітарны і эканамічны крызіс, дапамагчы нам стаць сапраўды сучаснай краінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала пытаньне ядзернай зброі ў Беларусі падняць у Радзе Бясьпекі ААН«Атрымліваецца ўнікальная сытуацыя, калі дзьве дэлегацыі прадстаўляюць адну краіну»
— Летась прадстаўнікі афіцыйнай Беларусі літаральна ўцякалі ад Ціханоўскай і ягонай каманды, сёлета Алейнік паціснуў руку старшаму дарадцу Ціханоўскай Франаку Вячорку. Як бы вы гэта патлумачылі? І што можа пагражаць міністру па вяртаньні на радзіму?
— Маё тлумачэньне такое, што Алейнік хацеў гэтым прадэманстраваць, што ён не баіцца, што ён адчувае сябе ўпэўнена, што гэта яго тэрыторыя. Пасьля ня раз за гэтыя дні мы сустракалі ў калідорах ААН дэлегацыю разам з Алейнікам, Глазам і некаторымі іншымі. Выглядала, што яны ўжо фактычна зьмірыліся з нашай прысутнасьцю ў будынку ААН. Калі раней яна заяўлялі пратэсты (магчыма, і гэтым разам такое будзе), але цяпер яны ўжо нічога не маглі зрабіць. Атрымліваецца ўнікальная сытуацыя, калі дзьве дэлегацыі прадстаўляюць адну краіну. Адна дэлегацыя на чале з Алейнікам прадстаўляла Лукашэнку і яго асабістыя інтарэсы. Сьвятлана Ціханоўская і яе дэлегацыя прадстаўлялі інтарэсы беларускага народу. Цікавая сытуацыя, якая ня вельмі часта здараецца ў будынку сакратарыяту ААН. Але зноў жа — дэлегацыя рэжыму зьмірылася, што яны страцілі манаполію на прадстаўленьне Беларусі ў ААН.
— Учора Ціханоўская заклікала падняць пытаньне ядзернай зброі ў Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН. Наколькі гэта рэальна?
— Ня раз гэтае пытаньне падымалася. Сёлета 31 сакавіка пасьля таго, як Пуцін заявіў пра намер разьмясьціць ядзерную зброю ў Беларусі, такая нарада ўжо праходзіла. Мы здолелі тады распаўсюдзіць заяву Ціханоўскай, у якой была выкладзеная пазыцыя беларускага народу — для нас гэта абсалютна непрымальна, гэта парушэньне і Канстытуцыі, і заканадаўства Беларусі, адступленьне ад міжнароднага права. Гэта стварае новыя пагрозы для нашай фізычнай бясьпекі, з увагі на тое, што выкарыстаньне ядзернай зброі з нашай тэрыторыі можа прывесьці да ўдару ў адказ па тэрыторыі Беларусі. Гэтае рашэньне будзе прымацца без уліку інтарэсаў беларускага народу.
Былі і кансультацыі з шэрагам місіяў тут у Нью-Ёрку. Ёсьць папярэдняя дамоўленасьць, што калі будзе пацьверджана разьмяшчэньне ядзернай зброі, то ў Радзе Бясьпекі будзе скліканая сустрэча для абмеркаваньня, якія наступствы могуць быць і якія крокі міжнародная супольнасьць можа зрабіць, каб мінімізаваць нэгатыўны эфэкт ад такой падзеі.
— Хто будзе выступаць ад Беларусі на трыбуне Генэральнай асамблеі ААН праз год, у верасьні 2024 году?
— Мы робім усё для таго, каб гэта быў прадстаўнік/ прадстаўніца беларускага народу, які будзе мець легітымнасьць, міжнароднае прызнаньне, але самае галоўнае — прызнаньне беларускага народу, каб мы ўрэшце аднавілі сваё імя і маглі аднаўляць рэпутацыю Беларусі перад міжнароднай супольнасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Нью-Ёрку заявіла, што ў беларусаў «адымаюць краіну», ім патрэбная падтрымка ўсяго сьвету ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Нью-Ёрку зьвярнулася да замежных лідэраў: «Беларусь не павінна дастацца Пуціну як суцяшальны прыз»