У Менску праграміста судзяць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу

Суд у Менску, архіўнае фота

Сталі вядомыя падрабязнасьці справы праграміста Максіма Мнацаканава, якога пачалі судзіць 20 верасьня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе.

Як паведамляе «Вясна», судовы працэс вядзе Дзіна Кучук.

Максіма Мнацаканава абвінавачваюць адразу паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), ч. 1 арт. 130 («Распальваньне варожасьці ці звады»), ч. 2 арт. 366 («Гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы»), ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»), арт. 389 («Стварэньне ўмоваў для зьдзяйсьненьня пагрозы ў дачыненьні да судзьдзі»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), арт. 391 («Абраза судзьдзі»), арт. 364 («Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў адносінах супрацоўніка ўнутраных спраў»), ч. 3 арт. 361 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»).

Вядома, што ў віну яму ставяць 5-10 камэнтароў, якія ён пісаў цягам 2020-2021 гадоў, у тым ліку ў адрас судзьдзі Аляксандра Ваўка, які вядомы прысудамі ў палітычных справах. Дома яго затрымаў ГУБАЗіК, які пагражаў узламаць кватэру, калі Мнацаканаў не адчыніць дзьверы.

Максім Мнацаканаў — праграміст. Адразу пасьля затрыманьня ў сьнежні 2022 году яго ўтрымлівалі ў ІЧУ Менскага раёну і жодзінскай турме. Яго ўнесьлі ў сьпіс асобаў, якія нібыта «маюць дачыненьне да тэрарэстычнай дзейнасьці». Вядома, што ён выплочвае крэдыт за кватэру, мае 10-гадовага сына.

Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-1 Менску, па вуліцы Валадарскага, 2.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 21 верасьня: Прадпрымальніка затрымалі па вяртаньні з-за мяжы; менчуку прысудзілі 5 гадоў калёніі за данат у 20 даляраў