Зь Беларусі ў самаабвешчаную і анэксаваную Расеяй «Луганскую народную рэспубліку» перадалі аўтамабіль УАЗ «буханку», паведамляецца ў тэлеграм-канале прарасейскіх валянтэраў. Па зьвестках «Хрысьціянскай візіі», гэта ўжо дзявятае аўта, перададзенае расейскім вайскоўцам Сьвята-Лізавецінскім манастыром у Менску.
«Раней мы змаглі высьветліць куплю ня менш як 7 аўтамабіляў, аднак менскі манастыр нарошчвае свой удзел у гэтай справе. І хоць у самім манастыры імкнуцца гэтага не афішаваць, знайсьці сьляды яго ўдзелу нескладана», — гаворыцца ў тэлеграм-канале «Хрысьціянскай візіі».
«Хрысьціянская візія» ў публікацыі расейскага тэлеграм-канала «Волонтерская группа „Помощь братьям“ и мать Евгения» заўважыла «чарговую падзяку расейскай манахіні Яўгеніі (Цыўцівадзе) за збор грошай „жыхарамі Беларусі для пакупкі „буханачкі“». У якасьці адрасатаў падзякі ўказаны протаярэй Андрэй Лемяшонак і манашка Аляксандра (Ляхава).
Па падліках «Хрысьціянскай візіі», на працягу апошняга паўгодзьдзя менскі манастыр аплаціў ужо 9 аўтамабіляў расейскім вайскоўцам.
Што вядома аб Сьвята-Лізавецінскім манастыры
У жніўні 2022 году на базе менскага манастыра адкрылі праект падтрымкі расейскіх вайскоўцаў «Дапамога братам» «па ініцыятыве і дабраславеньні духоўніка манастыра протаярэя Андрэя Лемяшонка». Сёстры зьбіраюць рэчы салдатам на фронт ва Ўкраіну, таксама пішуць ім лісты, арганізавалі збор ахвяраваньняў. Кіраўніца групы заяўляла выданью Zerkalo, што гэта толькі гуманітарная дапамога, але журналісты знайшлі факты, якія пацьвярджаюць, што на сабраныя грошы закуплялі ў тым ліку амуніцыю і тэхніку.
З боку ўладаў рэпрэсій у дачыненьні да манашак ці кіраўніцтва манастыра не было, як і асуджэньня. Наадварот, 7 студзеня 2023 года туды прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка і пахваліў усіх за дапамогу расейскім вайскоўцам. У адказ духоўнік Лемяшонак таксама пахваліў Лукашэнку. Палітыку камплімэнты дасталіся за тое, што той «не закрыў храмы і вытворчасьці» падчас пандэміі, што пры ім у 2020-м «краіна засталася незалежнай і цэласнай». Яшчэ сьвятар адзначыў «адважнасьць» Лукашэнкі ў ягоным рашэньні адкрыта падтрымаць Расею ў вайне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны зарабляюць на ўсім». Як менскі Сьвята-Лізавецінскі манастыр стаў вялізнай бізнэс-імпэрыяй і асяродкам «русского мира»