Зяленскі: «ААН ня здольная спыніць расейскую агрэсію і мае патрэбу ў рэформе»

Уладзімір Зяленскі на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН

Уладзімір Зяленскі на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН заявіў, што краіны сьвету ня могуць больш давяраць ААН у сувязі зь няздольнасьцю арганізацыі вырашаць канфлікты.

«Трэба прызнаць: Арганізацыя ў тупіку адносна агрэсіі. Чалавецтва ўжо не ўскладае надзеяў на ААН, калі гаворка ідзе пра абарону сувэрэнных межаў нацыяў... Але гэта ня толькі расейская агрэсія супраць Украіны. Дзяржава-тэрарыст мае на мэце падарваць сваёй агрэсіяй усе дамбы міжнародных нормаў, якія павінны абараняць мір ад войнаў. І я ўдзячны ўсім у сьвеце, хто прызнаў агрэсію Расеі парушэньнем Статуту ААН», — сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім выступе на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН.

Паводле яго, Масква займае месца ў Радзе бясьпекі незаконна і атрымлівае дзякуючы гэтаму прывілею права вэта на ўсе рашэньні арганізацыі. «Ідзе 574 дзень вайны ва Ўкраіне, — сказаў Зяленскі. — Гэта 574 прычыны памяняць нешта ў арганізацыі».

Ён лічыць, што арганізацыя мае патрэбу ў рэформе. Радзе Бясьпекі, паводле яго, патрэбнае пашырэньне, а ў краін павінна зьявіцца права пераадолець вэта існых пастаянных сяброў. Сярод меркаваных новых пастаянных сяброў ён прапанаваў Афрыканскі Зьвяз, Японію, Нямеччыну і Індыю.

Ён лічыць агульназразумелым, штó менавіта робіць ААН недзеяздольнай: «Вэта ў руках агрэсара — вось тое, што загнала ААН у тупік».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі ў ААН: Расея амаль паглынула Беларусь

Зяленскі заявіў аб неабходнасьці вывесьці расейскія войскі з тэрыторыі Ўкраіны на межы 1991 году: «Толькі выкананьне гэтых умоваў забясьпечыць спыненьне агню».

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў выступаў пазьней за Зяленскага, які ўжо пакінуў залю пасяджэньняў Рады бясьпекі, і пракамэнтаваў гэта такім чынам:

«Калі мы чуем заклікі вярнуць Украіну ў межы 1991 году, узьнікае пытаньне, ці знаёмыя гэтыя людзі з плянамі Кіева ў дачыненьні да насельніцтва названых тэрыторый? Гучаць заклікі да фізычнага зьнішчэньня гэтых людзей».

Лаўроў таксама заявіў, што Расея не адмаўляецца ад перамоваў па Ўкраіне — маўляў, «калі ЗША хацелі б, яны маглі даць каманду Зяленскаму адмяніць дэкрэт аб забароне дыялёгу з Масквой».

  • Пастаянны прадстаўнік Расеі ў арганізацыі Ўладзімір Нябензя быў супраць выступу Зяленскага, аднак прэм’ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама, які старшынюе на пасяджэньні, у адказ заявіў, што калі Масква ня хоча выступаў Зяленскага на пасяджэньнях Рады Бясьпекі, яна павінна спыніць вайну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заклікаю Раду Бясьпекі ўключыць у парадак дня Беларусь». Сустрэчы і выступы Ціханоўскай і міністра Алейніка на Генасамблеі ААН