Юрыя Гараўскага апраўдалі ў справе аб выкраданьнях апанэнтаў Лукашэнкі, паведамляе DW з залі суду. Выданьне «Новы час» зь месца падзеі таксама піша, што судзьдзя Оляф Гумбэль апраўдаў Гараўскага па гэтай справе. Яго таксама прызналі невінаватым па артыкуле аб увядзеньні правасудзьдзя ў зман.
«Новы час» паведамляе, што грамадзянскія пазовы сваякоў зьніклых Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай будуць накіраваныя ў іншы суд.
Юры Гараўскі пасьля выраку заявіў, што прысуд яму зразумелы.
Грамадзянскі пазоў сваякоў зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі Алены Захаранкі і Валерыі Красоўскай на 200 тысяч франкаў будзе перанакіраваны ў грамадзянскі суд. Судовыя выдаткі на суму амаль 45 тысяч франкаў пакрые дзяржава.
Тлумачачы прысуд, судзьдзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя зьнікненьні». «Гэтыя факты не павінны выклікаць сумневаў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасьцях і ўхіляўся ад адказу», — растлумачыў сваё рашэньне судзьдзя.
Ён палічыў, што некаторыя з паказаньняў Гараўскі прыдумаў. Суд прыйшоў да высновы, што Юры Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданьнях застаецца няяснай. «Магчыма, ён чуў пра гэта ад калег», — перадае словы судзьдзі карэспандэнтка DW.
Суд у Швайцарыі
Справу разглядаў Акруговы суд Роршаха ў паўночна-ўсходнім швайцарскім рэгіёне Бодэнскага возера. З прычыны высокага ўзроўню грамадзкай зацікаўленасьці працэс праходзіў у вялікіх памяшканьнях суду кантону Санкт-Гален.
Юрыя Гараўскага судзілі ў межах унівэрсальнай юрысдыкцыі, згодна зь якой цяжкае злачынства, учыненае ў адной краіне, можа стаць прадметам расьсьледаваньня ў іншай краіне. Швайцарскае заканадаўства не дазваляе прыцягнуць Гараўскага да адказнасьці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанэнтамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасьць да «шматлікіх зьнікненьняў».
Юрыя Гараўскага прывозілі ў суд пад аховай швайцарскіх спэцслужбаў. Яго ахоўвалі вельмі пільна, падганяючы аўтобус літаральна да дзьвярэй суду. Сам Гараўскі быў пад капюшонам, хаваў твар. Ён гаварыў вельмі ціха, выбачыўся перад сваякамі зьніклых.
Беларуса абвінавацілі ва ўдзеле ў гвалтоўных зьнікненьнях трох асноўных палітычных апанэнтаў Лукашэнкі ў 1999 годзе: былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і ягонага блізкага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Захаранка прапаў у траўні 1999 году. Затым у верасьні таго ж году былі выкрадзеныя былы дэпутат Ганчар і яго сябар Красоўскі.
У 2019 годзе Гараўскі даў нямецкай тэлекампаніі DW сэнсацыйныя паказаньні, заявіўшы, што ўваходзіў у спэцпадразьдзяленьне САХР МУС Беларусі, якое, паводле яго, расстраляла трох чалавек.
У 2021 годзе, пацьвердзіўшы, што Гараўскі пасяліўся ў Санкт-Галене, TRIAL разам зь Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека (FIDH) і беларускай праваабарончай групай «Вясна» падалі крымінальную скаргу ў абласную пракуратуру. У той жа дзень семʼі загінулых падалі асобную скаргу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі ідзе першы суд аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Што важна ведаць аб справеШто сказаў Гараўскі пра зьнікненьні да суду і на ім?
- Перад выкраданьнем за Захаранкам прыблізна паўтара тыдня сачыла група з васьмі чалавек на вусны загад Паўлічэнкі.
- Чатыры байцы атраду спынілі Захаранку па дарозе дадому, назваўшыся супрацоўнікамі міліцыі. Захаранка быў без аховы, адзін, сказаў толькі: «Зрабіце так, каб не было балюча».
- Захаранку прывезьлі на вучэбную базу ўнутраных войскаў у раёне Валоўшчыны пад Менскам. Яго забілі са спэцыяльнага пісталета з глушыльнікам для выкананьня сьмяротных прысудаў у Беларусі. У тэкставым інтэрвію Гараўскі кажа, што страляў асабіста Паўлічэнка, было два стрэлы ў раён сэрца, Захаранку яшчэ ў машыне надзелі на галаву «балдахін», які закрываў вочы.
- Але на судзе Гараўскі сказаў, што Захаранку забілі стрэламі ў сьпіну. Ён дадаў, што думаў, што Захаранку проста завязуць за горад і зь ім «будзе гутарка», і ня ведаў, куды яго вязуць.
- Пасьля забойства цела Захаранкі адвезьлі ў Менск. На Менскай кальцавой аўтамабільнай дарозе машына завярнула ў бок Паўночных могілак. Камандзір атраду Дзьмітры Паўлічэнка завёз цела ў крэматорый. Што адбылося зь целам далей, невядома.
- Ганчара і ягонага сябра, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, выкралі 16 верасьня 1999 году каля лазьні на вуліцы Фабрычнай у Менску. Іх забілі ў лесе каля базы САХРу паміж Бегамляй і Докшыцамі. Па словах Гараўскага ўжо на судзе, Паўлічэнка па два разы стрэліў у сьпіну абодвум.
- Целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрону сьмерці» пасьля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку.
- Гараўскі ў судзе адмовіўся ад ранейшых сьведчаньняў, што пісталет быў у яго. Ён сказаў, што гэта вынік «кепскага перакладу», сьцьвярджаючы, што сам ня быў забойцам.
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Публікацыі па тэме:
Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла
Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых
Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА
«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА
Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў
«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага
Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі
Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?
Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца
Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа