Паводле Лукашэнкі, «падштурхоўваюць да гэтага апошнія падзеі ў рэгіёне і сьвеце».
«Яшчэ з савецкіх часоў у Беларусі працуюць над сыстэмамі радыёэлектроннай барацьбы і сувязі. А сёньня, як паказваюць падзеі, гэта адзін з галоўных складнікаў пры вядзеньні баявых дзеяньняў. Акрамя таго, у рэспубліцы займаюцца ракетабудаваньнем», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
Спачатку партнэрам тут выступіў Кітай, цяпер жа Беларусь выкарыстоўвае расейскія тэхналёгіі, прызнаў Лукашэнка.
«Мы з нашым старэйшым братам дамовіліся [15 верасьня на сустрэчы ў Сочы] пра тое, як мы будзем дзейнічаць у Беларусі. Вядома, публічна гэта не агучваем. Апошнія нашыя перамовы на вашай зямлі былі прысьвечаныя абароне і бясьпецы», — заявіў ён.
Лукашэнка падкрэсьліў «важнасьць сумесных дзеяньняў», каб «зьнізіць імавернасьць нарастаньня выклікаў і пагрозаў».
«Украіна — гэта толькі пачатак, гэта кветачкі. Ягадкі могуць нас чакаць наперадзе, калі мы не змабілізуемся і не пакажам ім, што мала не падасца», — сказаў Лукашэнка.
Больш за ўсё Менск і Маскву, паводле яго, «насьцярожвае Польшча», за якой «стаіць Амэрыка».
«Яны вырашылі разбурыць усё, што тут ёсьць, перш за ўсё Эўразьвяз. Галоўны пункт апоры — гэта Польшча. У 2020 годзе нас хацелі туды далучыць, каб мы былі разьдзяляльнай лініяй паміж Расеяй, Усходам і Захадам. Але не ўдалося. Таму мы зараз надаем вялікую ўвагу абароннай галіне. Ува ўсіх кірунках спрабуем разьвівацца», — рэзюмаваў ён.
15 верасьня адбылася шостая сустрэча Лукашэнкі з Пуціным ад пачатку 2023 году.
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Пуціну разьвіваць супрацу з Паўночнай Карэяй «на траіх».
«Назіраў уважліва за апошнімі вашымі цяжкімі працоўнымі днямі. Прыемна было бачыць вас з Кім Чэн Ынам на касмадроме «Ўсходні». Бо сам бываў там. Мы з вамі наведвалі гэты касмадром раней. Я думаю, што мы можам падумаць і аб супрацы недзе на траіх. Паўночная Карэя, Расея… Ведаю, што цікавасьць вялікая ў карэйцаў да нас. Я мяркую, кавалак працы і Беларусі там знойдзецца. З улікам тых праблем, якія існуюць», — працытавала БелТА Аляксандра Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа, яшчэ два, ну тры гады...». Ці магчымае вяртаньне Беларусі ў сытуацыю «да 2020-га» і ці хоча гэтага Лукашэнка? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павел Латушка заявіў, што Лукашэнка і Пуцін абмяркоўвалі ў Сочы транзыт улады ў Беларусі