Галоўнай тэмай на перамовах Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна 15 верасьня ў Сочы быў транзыт улады ў Беларусі. Такое меркаваньне ў эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Кіеў» выказаў намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта (ОПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраваньня (НАУ) Павел Латушка.
Фрагмэнт інтэрвію палітык апублікаваў на сваім ютуб-канале.
Паводле слоў Латушкі, на тое, што ў Сочы абмяркоўваўся транзыт улады ў Беларусі, паказвае прысутнасьць на перамовах кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ Антона Вайно, які «наўрад ці займаецца пытаньнямі эканомікі».
Намесьнік кіраўніка АПК зьвярнуў увагу на тое, што ўпершыню за доўгі час менавіта кіраўнікі адміністрацый дамаўляліся аб сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна.
«Звычайна яны праз тэлефон самі ўсё ўзгаднялі, і гэта потым ішло ў прэс-рэлізах Крамля і Менску. Гэта паказьнік таго, што непасрэдная камунікацыя была парушаная», — сказаў Латушка.
Паводле яго сьцьвярджэньня, Лукашэнка цяпер «знаходзіцца ў няміласьці ў Пуціна».
«Ці атрымаецца яму растапіць гэты лёд? Думаю, наўрад ці. У любым выпадку гэта два ворагі. У кожнага свой інтарэс <...>. Лукашэнку трэба атрымаць як мага больш грошай. А пасьля хайпу на маршы Прыгожына, калі ён паспрабаваў на інфармацыйным полі адыграць гэта на сваю карысьць, што ён выратаваў Пуціна ледзь не ад сьмерці... Пуцін гэтага дараваць ня можа», — адзначыў палітык.
У сваю чаргу прэзыдэнту РФ Лукашэнка патрэбны, каб «атрымліваць садзеяньне ў той жудаснай вайне, якую ён вядзе супраць Украіны», «выкарыстоўваць рэсурс беларускі, тэрыторыю Беларусі і гэтак далей», удакладніў Латушка.
Акрамя таго, дадаў ён, «Лукашэнка пакрыўдзіўся [на Пуціна], што ён ужо не любімая жонка».