Незапатрабаваны палац у цэнтры Менску. Навошта Лукашэнку спатрэбілася яшчэ адна рэзыдэнцыя

Меркавана памяшканьне ў новай рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Менсаку. Стоп-кадар з расьследваньня BelPol

Мала у каго ёсьць сумнеў, што Лукашэнка захавае за сабой пасаду прэзыдэнта і адначасова будзе «абраны» старшынёй «усебеларускага народнага сходу» (УНС).

І вось цяпер атрымліваецца, што палац для старшыні УНС пабудаваны, але што зь ім рабіць, невядома. Бо малаверагодна, што Лукашэнка захоча ў яго пераехаць са сваёй цяперашняй рэзыдэнцыі ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам.

Сьцісла:

  • Паводле інфармацыі «Нашай нівы», палац у цэнтры Менску плянаваўся як рэзыдэнцыя старшыні УНС.
  • Пасьля 2020 году Лукашэнка зьбіраўся пакінуць пасаду прэзыдэнта і стаць кіраўніком УНС.
  • Але з таго часу, калі было прынятае рашэньне аб канстытуцыйнай рэформе, у краіне і сьвеце шмат што зьмянілася. Галоўная перамена ў тым, што Лукашэнка перадумаў пакідаць пасаду прэзыдэнта.
  • Новая рэзыдэнцыя, пэўна, так і застанецца без гаспадара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol апублікаваў расьсьледаваньне аб новай рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў цэнтры Менску коштам $14 млн

Навіна, якая зьявілася 18 верасьня, прагучала амаль сэнсацыйна. Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol апублікавала фільм-расьсьледаваньне аб рэканструкцыі чатырохпавярховага будынка ў цэнтры Менску. Расьсьледнікі ацэньваюць яе кошт амаль у $14,4 мільёна. Гэта раскошны палац: адзін толькі яршок у прыбіральні там каштуе 600 рублёў. Усё астатняе абсталяваньне адпаведнае. Відавочна, што на аздабленьні не эканомілі.

Мяркуецца, што гэта новая рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Бо для каго яшчэ сёньня ў Беларусі можа будавацца такі палац?

Цяпер няма адзінай думкі наконт таго, колькі рэзыдэнцый на гэты момант мае Лукашэнка. У незалежных мэдыя прыводзяцца розныя лічбы. Адны называюць 12, іншыя — 17 рэзыдэнцый. Здавалася б, няўжо чалавеку мала? Навошта яшчэ адна?

Інфармацыйны рэсурс «Наша ніва» спрабуе даць адказ на гэтую загадку. Паводле ягонай інфармацыі, гэты будынак плянаваўся як рэзыдэнцыя старшыні «ўсебеларускага народнага сходу».

Аднак зноў узьнікае пытаньне: навошта старшыні УНС такі палац? Напрыклад, у кіраўніка ўраду няма такога палаца, у старшыняў верхняй і ніжняй палат парлямэнту таксама няма. Ніколі не заходзіла размова пра будаўніцтва падобных палацаў для старшыняў Канстытуцыйнага ці Вярхоўнага судоў. А вось для старшыні УНС такая адмысловая раскошная рэзыдэнцыя спатрэбілася. Чаму?

Насамрэч адказ на загадку відавочны. Новы палац Лукашэнка, хутчэй за ўсё, вырашыў збудаваць для сябе.

Справа ў тым, што пасьля 2020 году ён зьбіраўся пакінуць пасаду прэзыдэнта. Пра гэта сьведчыць шмат фактаў. Яшчэ падчас знакамітага наведваньня прадпрыемства МЗКТ у бурлівыя жнівеньскія дні 2020 году, калі рабочыя скандавалі яму «Уходи!», ён адказваў, што, можа, і сыду, але не цяпер, не пад ціскам вуліцы, а трохі пазьней: вось прымем новую Канстытуцыю, пасьля правядзём датэрміновыя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Дарэчы, пра магчымасьць, імавернасьць датэрміновых выбараў Лукашэнка казаў некалькі разоў цягам 2020-2021 гадоў.

Пытаньне пра адстаўку Лукашэнкі на той час жорстка паставіла і Расея. 17 верасьня 2020 году пасьля перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў даў адметнае інтэрвію тэлеканалу RTVI, у якім заявіў: «Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Лукашэнка сам сказаў, што, магчыма, ён „заседзеўся“... Як сказаў беларускі лідэр, пасьля канстытуцыйнай рэформы ён будзе гатовы аб’явіць датэрмінова парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары».

Выступаючы на УНС у лютым 2021 году, сам Лукашэнка запэўніваў, што балятавацца на новы тэрмін не плянуе. «Гэта буду ня я! Будзе іншы кіраўнік дзяржавы», — заявіў ён. Таксама прагучала шматзначная фраза: «У якой ролі будзе цяперашні прэзыдэнт пасьля адыходу ад улады, час пакажа».

Хутка высьветлілася, што зусім аддаваць уладу Лукашэнка не зьбіраўся. Таму прыдумаў для сябе новую пасаду. Адмыслова для гэтага «усебеларускі народны сход» быў ператвораны ў амаль што галоўны дзяржаўны інстытут, да якога павінна перайсьці значная частка паўнамоцтваў ад прэзыдэнта і парлямэнту. Адпаведныя перамены былі замацаваны ў новай Канстытуцыі. Лукашэнка намеціў для сябе пасаду старшыні УНС.

І вось якраз для гэтай сытуацыі, калі Лукашэнка пакідае пасаду прэзыдэнта і становіцца старшынёй УНС, і было вырашана будаваць шыкоўны палац. Бо дзе ж ён будзе жыць? Амаль што адзіная асабістая маёмасьць, якую дэкляраваў Лукашэнка напярэдадні чарговых прэзыдэнцкіх выбараў (дэклярацыя кандыдатаў у прэзыдэнты прадугледжаная законам) — гэта дом у Шклове, у якім ён жыў да абраньня прэзыдэнтам з жонкай Галінай. Не вяртацца ж яму ў Шклоў! Вось тады, падобна, і было запушчана будаўніцтва гэтага палаца.

Але з таго часу, калі было прынятае рашэньне аб канстытуцыйнай рэформе, у краіне і сьвеце шмат што зьмянілася. Галоўная перамена палягае ў тым, што Лукашэнка перадумаў пакідаць пасаду прэзыдэнта. Па-першае, пратэсты ў Беларусі задушаныя, цяпер ніхто не патрабуе ад яго адстаўкі.

Па-другое, Расея гэтага ўжо не патрабуе. Падчас зацятай вайны РФ з Украінай і Захадам Пуціну патрэбен надзейны саюзьнік. Лукашэнка гэтую ролю выконвае, і ў такі крытычны час праводзіць нейкія экспэрымэнты — вялізная рызыка для Масквы.

Па-трэцяе, ён лічыць сваю адстаўку з пасады прэзыдэнта проста небясьпечнай. Бо можа выклікаць каляпс створанай ім сыстэмы з усімі непрыемнымі для сябе наступствам, і найперш што тычыцца ўласнай бясьпекі. Ён проста асьцерагаецца адказнасьці за тое, што нарабіў за апошнія тры гады.

Таму мала ў каго ёсьць сумнеў, што Лукашэнка захавае за сабой пасаду прэзыдэнта і адначасова будзе «абраны» старшынёй УНС.

І вось цяпер атрымліваецца, што палац для старшыні УНС пабудаваны, але што зь ім цяпер рабіць, невядома. Бо малаверагодна, што Лукашэнка захоча ў яго пераехаць са сваёй цяперашняй рэзыдэнцыі ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам. Там ён вырошчвае кавуны і бульбу, косіць траву, коле дровы, а ў цэнтры сталіцы гэта рабіць немагчыма.

Рызыкну зрабіць прагноз, што новая рэзыдэнцыя так і застанецца пустая, без гаспадара. Лукашэнка туды пераяжджаць ня будзе. А пасьля ягонага сыходу (калі-небудзь гэта мусіць здарыцца) пасада старшыні УНС увогуле зьнікне. Бо канструкцыя палітычнай сыстэмы з УНС відавочна штучная, яна разбалянсоўвае ўвесь мэханізм кіраваньня дзяржавай. Да таго ж гэты сход — нявыбарны орган і пры пераходзе да дэмакратыі ён стане анахранізмам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: Новая рэзыдэнцыя Лукашэнкі каштуе $14 млн. Аўдыё