Азэрбайджан заявіў аб «антытэрарыстычнай апэрацыі» ў Карабаху. Армэнія сьцьвярджае, што яе войскаў там няма

Карабах. Ілюстрацыйнае фота

У Армэніі назвалі дэзынфармацыяй паведамленьне азэрбайджанскага боку аб інцыдэнце на дарозе з падрывам міны, у выніку якога нібыта загінулі два чалавекі.

Міністэрства абароны Азэрбайджану заявіла аб пачатку антытэрарыстычных захадаў «лякальнага характару» ў Карабаху і паведаміла пра гэта камандаваньню міратворчага кантынгенту Расеі і кіраўніцтву Турэцка-расейскага маніторынгавага цэнтру.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва Азэрбайджану Азертадж, рашэньне аб пачатку баявых дзеяньняў было ўхваленае пасьля «шэрагу тэрарыстычных атак узброеных сілаў Армэніі», а таксама замінаваньня армянскім бокам «азэрбайджанскай тэрыторыі» і ўмацаваньня абарончых пазыцыяў армянскіх вайскоўцаў.

Нагодай Азэрбайджану паслужыў падрыў міны на аўтамабільнай дарозе ў Карабаху, у выніку якога «загінулі цывільныя» і пацярпеў аўтамабіль з вайскоўцамі.

«У межах [антытэрарыстычных] захадаў з выкарыстаньнем высокадакладнай зброі на перадавой лініі і ў глыбіні выводзяцца з ладу пазыцыі фармаваньняў узброеных сіл Армэніі, іх доўгатэрміновыя агнявыя пазыцыі, а таксама баявыя сродкі і аб’екты вайсковага прызначэньня. Яшчэ раз заяўляем, што цывільнае насельніцтва і аб’екты цывільнай інфраструктуры ня ёсьць цэлямі, са строю выводзяцца толькі легітымныя вайсковыя цэлі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Рэакцыя Расеі

У Расеі празь некалькі гадзін пасьля заявы Азэрбайджану аб пачатку антытэрарыстычнай апэрацыі пацьвердзілі, што Баку перадаў Расеі інфармацыю пра яе за некалькі хвілінаў да пачатку баявых дзеяньняў.

«Расейскі бок настойліва заклікае бакі канфлікту спыніць праліцьцё крыві, тэрмінова спыніць ваенныя дзеяньні і вярнуцца на шлях палітыка-дыпляматычнага ўрэгуляваньня», — заявіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

Паводле яе, расейскі міратворчы кантынгент працягвае выконваць свае задачы. «Камандаваньне Расейскім міратворчым кантынгентам знаходзіцца ў сталым кантакце з прадстаўнікамі армянаў Карабаху і азэрбайджанскімі ўладамі з мэтай спыненьня агню і вяртаньня да рэалізацыі трохбаковых дамоўленасьцяў на найвышэйшым узроўні», — заявіла Марыя Захарава.

Армэнія сьцьвярджае, што яе войскаў у Карабаху няма

У Армэніі назвалі дэзынфармацыяй паведамленьне азэрбайджанскага боку аб інцыдэнце на дарозе з падрывам міны, у выніку якога нібыта загінулі два чалавекі.

Дзяржаўнае агенцтва Армэніі Armenpress паведаміла з спасылкай на армянскае Міністэрства абароны, што менавіта Азэрбайджан парушыў рэжым спыненьня агню і выкарыстаў агнястрэльную зброю і мінамёты.

Пазьней Міністэрства абароны Армэніі заявіла, што армянскіх узброеных сілаў у Нагорным Карабаху няма, і абвінаваціла Азэрбайджан у нанясеньні ракетных удараў па Стэпанакерце.

Іншых падрабязнасьцяў імавернага новага абвастрэньня паміж Азэрбайджанам і Армэніяй пакуль няма.

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян склікаў пасяджэньне Рады бясьпекі. Армянскія СМІ паведамляюць, што Расея не перадала Армэніі інфармацыю аб пачатку баявых дзеяньняў у Карабаху, хоць атрымала зьвесткі аб гэтым за некалькі хвілінаў да пачатку апэрацыі.

Нікол Пашыньян назваў дзеяньні Азэрбайджану спробай «уцягнуць Армэнію ў ваенную апэрацыю».

Прэм’ер Армэніі пацьвердзіў, што не атрымаў ад Расеі інфармацыі аб пачатку Азэрбайджанам баявых дзеяньняў. Нікол Пашыньян мяркуе, што расейскія міратворцы мусяць умяшацца ў сытуацыю. Ён таксама выказаў надзею, што і Рада бясьпекі ААН адрэагуе.

Рэакцыя Эўропы

Высокі прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль асудзіў ваенную эскаляцыю ў Нагорным Карабаху і гібель людзей. Паводле розных зьвестак, у Карабаху загінулі як мінімум дзьве асобы і 11 атрымалі раненьні.

«Насьпела неабходнасьць тэрміновага вяртаньня да дыялёгу паміж Баку і армянскім Карабахам. Гэтую ваенную эскаляцыю нельга выкарыстоўваць як нагоду для прымусу мясцовага насельніцтва пакінуць тэрыторыю. Гвалт неабходна спыніць, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для міру і перамоваў аб нармалізацыі. Для дасягненьня вынікаў перамоваў патрэбная сапраўдная прыхільнасьць усіх бакоў. Эўразьвяз па-ранейшаму ў поўнай меры зацікаўлены спрыяць дыялёгу», — адзначаецца ў заяве Бурэля.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія абвінавацілі адзін аднаго ў абстрэлах на мяжы. Ёсьць загінулыя

У ліпені Азэрбайджан прыпыніў рух цераз кантрольна-прапускны пункт у Лачынскім калідоры ў чаканьні расьсьледаваньня, пасьля таго як нібыта ў аўтамабілях Чырвонага Крыжа, якія ішлі з Армэніі, выявілі «розныя віды кантрабанды». Прыпыненьне руху ўзмацніла занепакоенасьць гуманітарным крызісам у Нагорным Карабаху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абвінаваціла Армэнію ў «недружалюбных кроках». У чым Ерэван «правініўся» перад Масквой


У сярэдзіне ліпеня прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў і прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян правялі ў Брусэлі (Бэльгія) новы раўнд мірных перамоваў. Пасярэднікам на іх быў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Шарль Мішэль, які назваў перамовы «шчырымі, сумленнымі і зьмястоўнымі». Аднак канкрэтных дамоўленасьцяў бакі тады не дасягнулі.

Расея таксама імкнецца стаць удзельніцай працэсу ўрэгуляваньня канфлікту вакол Нагорнага Карабаху. Масква прапанавала правесьці ў сябе саміт з удзелам дзьвюх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія абвінавацілі адзін аднаго ў абстрэлах на мяжы. Ёсьць загінулыя

Перад гэтым Ерэван пагадзіўся прызнаць тэрытарыяльную цэласнасьць Азэрбайджану, уключаючы Нагорны Карабах.

У той жа час Армэнія патрабуе міжнародных мэханізмаў абароны правоў і бясьпекі армянскага насельніцтва рэгіёну. Баку ж настойвае на тым, што такія гарантыі павінны давацца на нацыянальным узроўні, і адмаўляецца ад міжнароднага фармату.

Армэнія і Азэрбайджан вялі дзьве вайны за Нагорны Карабах, горны анкляў, населены пераважна армянамі, але міжнародна прызнаны часткай Азэрбайджану. Апошняя вайна ў канцы 2020 году доўжылася шэсьць тыдняў і прывяла да гібелі 7000 салдатаў з абодвух бакоў. У выніку вайны Азэрбайджан вярнуў кантроль над часткай Нагорнага Карабаху і сямю прылеглымі раёнамі. Вайна скончылася спыненьнем агню пры пасярэдніцтве Расеі, згодна зь якім Масква разгарнула каля 2000 вайскоўцаў для выкананьня міратворчых абавязкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарговы інцыдэнт у Карабаху: Азэрбайджан адмовіўся прапусьціць праз Лачынскі калідор калёну грузавікоў

Што папярэднічала цяперашняй сытуацыі ў Нагорным Карабаху

Нагорны Карабах (армянская назва Арцах) — горны рэгіён унутры тэрыторыі Азэрбайджану, у якім цягам стагодзьдзяў жылі і армяне, і азэрбайджанцы. Напярэдадні распаду Савецкага Саюзу насельніцтва тагачаснай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці прыблізна на 75% складалася з армянаў. У 1980-я гады нацыяналістычны рух імкнуўся аддзяліць рэгіён ад Азэрбайджану і далучыць яго да Армэніі. У выніку вайны на пачатку 1990-х гадоў загінулі каля 30 тысяч чалавек, і сэпаратысты, падтрыманыя Армэніяй, узялі гэтую тэрыторыю і некалькі прылеглых раёнаў Азэрбайджану пад свой кантроль.

Дыпляматычныя намаганьні ўрэгуляваць канфлікт не далі істотных вынікаў, і ў 2020 годзе пачалася новая вайна, якая цягнулася шэсьць тыдняў. У выніку замірэньня пры пасярэдніцтве Расеі быў фактычна зафіксаваны пераход пад кантроль Азэрбайджану часткі рэгіёну і сямі прылеглых да яго раёнаў.

У 2022 годзе Баку і Ерэван пачалі перамовы, якія мелі канчаткова разьвязаць канфлікт. Заяўленай мэтай Азэрбайджану было вярнуць кантроль над усёй тэрыторыяй Нагорнага Карабаху, і армянскі прэмʼер-міністар Нікол Пашыньян даваў сыгналы, што ён гатовы на гэта пайсьці.

Аднак армянскае кіраўніцтва Нагорнага Карабаху не хацела ісьці на такі крок. Яно выказвала занепакоенасьць, што абяцаньні Азэрбайджану мірна «рэінтэграваць» этнічных армянаў — гэта толькі дымавая заслона, за якой хаваецца плян назаўсёды выціснуць іх з гэтай тэрыторыі. Міжнародныя пасярэднікі спрабавалі знайсьці кампраміс, але марна.

1 студзеня 2024 году спыніла сваё існаваньне Нагорна-Карабаская рэспубліка, абвешчаная больш за 30 гадоў таму этнічнымі армянамі на тэрыторыі былой савецкай Нагорна-Карабаскай аўтаномнай вобласьці Азэрбайджану і не прызнаная ніводнай краінай сьвету.

Гэта адбылося ў выніку нападу Азэрбайджану на Нагорны Карабах увосень 2023 году. Азэрбайджанскія ўлады назвалі гэта «антытэрарыстычнай апэрацыяй». У выніку з Нагорнага Карабаху выехалі амаль усе этнічныя армяне, а Азэрбайджан абвясьціў яго сваёй тэрыторыяй і заявіў аб перамозе ў «Айчыннай вайне».