Палата прадстаўнікоў пачала сваю восеньскую сэсію з ухваленьня законапраекту аб спыненьні дзеяньня пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе ў дачыненьні да Польшчы і Чэхіі.
Як паведамілі ў тэлеграм-канале Палаты прадстаўнікоў, праект закону распрацаваны па ініцыятыве Міністэрства замежных спраў Беларусі для «забесьпячэньня нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і спыняе выкананьне беларускім бокам абавязаньняў паводле пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе, падпісаным у Парыжы 19 лістапада 1990 году, у дачыненьні да Рэспублікі Польшчы і Чэскай Рэспублікі».
Беларусь ратыфікавала гэтае пагадненьне 21 кастрычніка 1992 году. Яно прадугледжвала абмежаваньне сумарных узроўняў звычайных узбраеньняў і тэхнікі ў пяці катэгорыях (танкі, баявыя браняваныя машыны, артылерыя, ударныя верталёты і баявыя самалёты), а таксама мэханізмы праверкі выкананьня абавязаньняў (абмен інфармацыяй і інспэкцыі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзіўныя гульні. Што адбываецца вакол Дамовы аб звычайных узброеных сілах у ЭўропеУрад Польшчы і Чэхіі (у сакавіку і жніўні адпаведна) спынілі свае абавязаньні ў гэтым пагадненьні перад Беларусьсю. Беларусь у адказ ухваліла люстэркавае рашэньне.
У практычным пляне гэта будзе азначаць, што Беларусь больш ня будзе перадаваць Польшчы і Чэхіі інфармацыю, якая датычыць звычайных узбраеньняў і тэхнікі, і прымаць інспэкцыі з Польшчы і Чэхіі. У дачыненьні да іншых дзяржаў Беларусь будзе выконваць свае абавязаньні, прадугледжаныя гэтым пагадненьнем.
Удзельнікамі пагадненьня аб звычайных узброеных сілах у Эўропе пасьля развалу СССР сталі 21 эўрапейская і 8 постсавецкіх краін. Расея выйшла з гэтага пагадненьня цалкам у траўні 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны Беларусі абвінаваціла Польшчу ў «сьвядомым парушэньні» дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе