Аб’яднаньне былых беларускіх сілавікоў BelPol апублікавала фільм-расьсьледаваньне аб рэканструкцыі чатырохпавярховага будынку ў цэнтры Менску. Мяркуецца, што гэта новая рэзыдэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, расьсьледнікі ацэньваюць яе кошт амаль у $14,4 мільёна.
Рэзыдэнцыя, пра якую расказвае BelPol, месьціцца на вуліцы Чырвонаармейскай, 15. Гэта недалёка ад будынку адміністрацыі Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса. Раней у гэтым будынку знаходзіўся корпус «лечкамісіі», дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» пісала, што ў ім адкрываюць гарадзкі шматпрофільны клінічны цэнтар.
Ініцыятыва BelPol паведамляе, што атрымала «сотні дакумэнтаў», якія, паводле расьсьледнікаў, ніколі не публікаваліся ў адкрытым доступе: дэталёвыя пляны, дызайн-канцэпцыі, кантракты, дамовы аб пастаўках і каштарыс «на велізарныя сумы грашовых сродкаў, вылучаных зь дзяржаўнага бюджэту».
У відэа апавядаецца пра кошт некаторых дэталяў інтэрʼеру меркаванай рэзыдэнцыі Лукашэнкі. У прыватнасьці, альтанка на прылеглай тэрыторыі каштуе амаль 151 тысячу беларускіх рублёў (гэта каля $60 тысяч, за гэтыя грошы ў Менску можна купіць аднапакаёвую кватэру), чатыры канапы на першым паверсе — амаль 25,2 тысячы (каля $10 тысяч).
Расьсьледнікі на падставе атрыманых дакумэнтаў стварылі візуалізацыю рэзыдэнцыі. Там ёсьць басэйн з асобнай VIP-зонай і «дарожкай Кнайпа» з чатырма ванначкамі для ног з кантраснымі тэмпэратурамі і масажам ступняў. У SPA-зоне — два джакузі, звычайная саўна, крыясаўна, парная і хамам, два «душы ўражаньняў», басэйн, пяць лежакоў, сьнегагенэратар, масажны кабінэт, пакой адпачынку і пакой для посуду.
На другім паверсе працоўная прастора. Там разьмешчаныя кабінэты «начальнікаў структурных падразьдзяленьняў» з асобнымі прымальнямі, дзьве залі для перамоваў, прэс-цэнтар і канфэрэнц-заля на 49 чалавек.
На трэцім паверсе абедная заля зь вітражом на столі коштам больш за 72 тысячы беларускіх рублёў (каля $28,5 тысячы), «пакой для запрошаных», пакой для посуду, памяшканьне для пакаёвак, сэрвэрны пакой, пакой групы аховы і дзяжурнага адʼютанта зь відэасьцяной.
Ёсьць заля для нарадаў з васільковым столевым вітражом за амаль 225 тысяч беларускіх рублёў (каля $79 тысяч), бібліятэка, два электракамінкі, працоўны кабінэт з столевым вітражом за 78,3 тысячы (каля $31 тысячы) і спальня зь мяккімі сьценамі. У ванным пакоі з душам, унітазам і бідэ расьсьледнікі выявілі мыльніцу за 1656 рублёў (каля $660).
На апошнім, чацьвёртым паверсе рэзыдэнцыі месьцяцца тры кабінэты для пэрсаналу, кабінэты начальніка асабістай аховы і асабістага лекара, працэдурны кабінэт.
Агульны кошт усяго абʼекту — 43 645 943 беларускія рублі. BelPol прыводзіць кошт паводле курсу на 1 жніўня 2023 году — амаль $14,4 мільёна.
Ускосна пацьвярджаюць тое, што рэзыдэнцыя пабудаваная для Лукашэнкі, дакумэнты, падпісаныя начальнікам Галоўнага ўпраўленьня капітальнага будаўніцтва кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Яўгенам Галіным, памяшканьні для адʼютанта і асабістай аховы, адна спальні, адзін працэдурны кабінэт.
У гэты момант у Аляксандра Лукашэнкі ня менш за 17 рэзыдэнцыяў. Іншаземных гасьцей ён часьцей за ўсё прымае ў „Палацы незалежнасьці“, а жыве ў Астрашыцкім Гарадку пад Менскам.
У 2021 годзе выйшаў фільм тэлеграм-каналу Nexta «Лукашэнка. Залатое дно» пра рэзыдэнцыі ды іншыя абʼекты нерухомасьці, якімі, як сьцьвярджаюць, карыстаецца Лукашэнка. Паводле Nexta, на ўтрыманьне гэтай маёмасьці ідуць «дзясяткі мільёнаў даляраў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм пра маёмасьць Лукашэнкі за 2 дні паглядзелі 3 мільёны чалавек, яны пакінулі 230 тысяч падабаек і 35 тысяч камэнтароўСамой элітнай рэзыдэнцыяй аўтары расьсьледаваньня назвалі „Палац незалежнасьці“ ў Менску, у будаўніцтва якога, як заяўляў Лукашэнка, ня ўкладзена «ніводнага рубля бюджэтнага». Аднак на запыт у Міністэрства фінансаў Беларусі аб фінансаваньні будаўніцтва палацу адказалі, што грошы вылучаныя з нацыянальнага і менскага гарадзкога бюджэтаў. Экспэрты сьцьвярджаюць, што толькі на інфраструктуру палацу пайшло 250 мільёнаў даляраў.
Другая ананімная крыніца расказала, што ў палацы ёсьць лазьня, саўна, басэйн, зімовы сад, рабочыя кабінэты, мэдычны кабінэт, збраёўня, вінны склеп і гелікоптэрная пляцоўка. Агульная плошча палацу больш за 50 тысяч квадратных мэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каманда Навальнага: за паўтара года вайны на ўтрыманьне «яхты Пуціна» выдаткавалі каля $32 млн