Служба дзяржаўнай бясьпекі Грузіі заявіла, што паплечнікі Саакашвілі, якія ваююць на баку Ўкраіны, нібыта рыхтуюць захоп улады

Будынак Службы дзяржаўнай бясьпекі Грузіі. Ілюстрацыйнае фота

Улады Грузіі сьцьвярджаюць, што плянуецца стварэньне «намётавага мястэчка», будаўніцтва барыкадаў паблізу цэнтральных праспэктаў Тбілісі, стратэгічных аб’ектаў і ўрадавых будынкаў.

У Службе дзяржаўнай бясьпекі (СДБ) Грузіі заявілі, што група асобаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Грузіі і за яе межамі, плянуе сёлета ў кастрычніку–сьнежні арганізаваць у краіне дэстабілізацыю і грамадзянскія закалоты, канчатковай мэтай якіх ёсьць зьмена ўлады гвалтоўным шляхам.

Праект Радыё Свабода «Эхо Кавказа» паведаміў пра гэта з спасылкай на прадстаўніка Службы дзяржаўнай бясьпекі Грузіі Бача Мгеладзэ.

Бача Мгеладзэ на брыфінгу 18 верасьня заявіў, што аўтарамі «рэвалюцыйнага сцэнара» выступаюць колішні намесьнік міністра ўнутраных спраў ва ўрадзе Міхэіла Саакашвілі, цяпер намесьнік кіраўніка вайсковай выведкі Ўкраіны Гіоргі Лорткіпанідзэ, былы ахоўнік Саакашвілі Міхаіл Батурын, а таксама камандзір дзейнага ва Ўкраіне «Грузінскага легіёну» Мамука Мамулашвілі.

Пачатак акцый зьвязаны з публікацыяй справаздачы Эўракамісіі аб выкананьні Грузіяй рэкамэндацыяў для атрыманьня статусу кандыдата на ўступ у ЭЗ і з канчатковым рашэньнем краін Эўразвязу.

«Чаканьне змоўцаў, якія рыхтуюцца да зрынаньня дзяржаўнай улады, разьлічана на тое, што апублікаваная выснова будзе адмоўнаю, што пры наяўных у іх інфармацыйных рэсурсах, пры штучна прымацаваным да ўраду цэтліку „прарасейскасьці“ створыць добрую глебу для грамадзкіх хваляваньняў і наступных закалотаў», — сказаў Мгеладзэ.

Улады Грузіі сьцьвярджаюць, што плянуецца стварэньне «намётавага мястэчка», будаўніцтва барыкадаў паблізу цэнтральных праспэктаў, стратэгічных аб’ектаў і ўрадавых будынкаў, «іншыя супрацьпраўныя дзеяньні, якія зьмяшчаюць элемэнты сурʼёзнай правакацыі».

У СДБ Грузіі сьцьвярджаюць, што Гіоргі Лорткіпанідзэ і Міхаіл Батурын плянуюць арганізаваць выбух на тэрыторыі «намётавага мястэчка», што прывядзе да ахвяраў сярод дэманстрантаў і праваахоўнікаў, а таксама да «бязладнай страляніны паміж праваахоўнымі органамі і пратэстоўцамі».

«У прыватнасьці, арганізатары разглядаюць магчымасьць рэалізацыі ў Грузіі сцэнару, аналягічнага падзеям украінскага „Эўрамайдану“ ў 2014 годзе», — заявілі ў СДБ.

У грузінскай спэцслужбе таксама кажуць, што «перападрыхтоўка грузінскай моладзі», якая павінна зрабіць у Грузіі «Эўрамайдан», праходзіць паблізу польска-ўкраінскай дзяржаўнай мяжы пры ўдзеле сэрбскай арганізацыі Canvas (створана былымі лідэрамі руху «Отпор», які ўдзельнічаў у зрынаньні югаслаўскага прэзыдэнта Слобадана Мілошавіча).

Якіх-небудзь доказаў падрыхтоўкі «Эўрамайдану» у СДБ Грузіі не прадэманстравалі. Прадстаўнік спэцслужбы заявіў, што ведамства плянуе зьвярнуцца ў гэтым пытаньні «ў адпаведныя ведамствы краін-партнэраў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў Польшчы, Літве і Ўкраіне нібыта рыхтуюць сілавы пераварот у Беларусі

Раней улады Грузіі ня раз абвінавачвалі Міхэіла Саакашвілі ў падрыхтоўцы змовы. У 2014 годзе, напрыклад, сьцьвярджалі, што апазыцыя запрасіла актывістаў з Украіны і, больш за тое, ужо пачала сьпешна скупляць апоны ў вялікай колькасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі заклікаў грузінскія улады перадаць Саакашвілі Ўкраіне. Амбасадару Грузіі прапануюць пакінуць Украіну «для кансультацый»