16-17 верасьня ў Варшаве праходзіў Першы кангрэс беларускай культуры ў эміграцыі. Галоўнай яго мэтай быў пошук і стварэньне ўмоваў для разьвіцьця беларускай культуры і захаваньня культурнай спадчыны Беларусі.
Сярод сьпікераў і сьпікерак былі вядомыя беларускія дзеячы і дзяячкі, прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай культуры ў эміграцыі: Альгерд Бахарэвіч, Тацяна Нядбай, Андрэй Саўчанка, Андрэй Янушкевіч, Ганна Чыстасердава, Андрэй Дурэйка, Антаніна Сьцебур, Лена Прэнц і шмат іншых.
Падчас кангрэсу прайшлі дыскусіі на тэму культурнай эміграцыі ў мінулым і сучаснасьці, пра магчымасьці і шляхі ўзаемадзеяньня эўрапейскіх і беларускіх культурных арганізацый, прафэсійнае мастацтва, ролю культуры ў працэсе фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, выдавецкую справу, візуальнае мастацтва, беларускі тэатар, беларускае традыцыйнае мастацтва.
«Гэта не бэрлінская сьцяна — „Мы тут, а вы там“»
Адна з арганізатарак, прадстаўніца «Інбелкульту 2.0» пры фондзе «Вольны хор» Галіна Казіміроўская кажа, што пакуль яшчэ складана ацаніць маштаб кангрэсу, але ўжо ёсьць пазытыўныя вынікі.
«Ёсьць карысьць ад гэтых сустрэч, што пляцоўка кангрэсу была месцам дыялёгу, дзе можна выказацца, паслухаць думку разумных, глыбокіх людзей, гэта ўжо вельмі добра. Вынік такіх мерапрыемстваў — гэта сувязі па-за панэлямі».
Галіна дадае, што кангрэс стаў месцам, дзе можна паразмаўляць і зразумець, ці трэба аб’ядноўвацца, сынхранізаваць свае намаганьні.
«І тут гаворка не пра кіраваньне ці спробу сыстэматызаваць, ні ў якім разе. Гаворка пра спробу аб’яднацца, нават і нефармальна, каб проста дапамагаць адно аднаму».
Адна з мэтаў кангрэсу — быць прасторай, пляцоўкай для аб’яданьня, гарызантальных сувязяў, дадае Галіна.
«Мне як творцы здаецца, што я б адна тут ня выжыла. Мне было прасьцей тут уставаць на ногі разам з калектывам, з аднадумцамі. Мы разумеем, што шмат мастакоў, якія прыяжджаюць, застаюцца сам-насам, і магчыма, на кангрэсе яны знайшлі, з кім можна аб’яднацца».
Сувязь зь Беларусьсю застаецца, і яе немагчыма страціць, мяркуе Галіна.
«У Беларусі засталіся людзі, якія там працуюць дзеля беларушчыны, мы проста гэтага ня бачым і ня ўсё ведаем, але гэта ёсьць. Гэта не бэрлінская сьцяна — „Мы тут, а вы там“. На розных напрамках гэтыя сувязі застаюцца — у выглядзе кансультацый, размоў, абмеркаваньняў, стварэньня праектаў».
«Я хачу верыць у тое, што ўсё будзе больш ці менш добра»
Беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева кажа, што сытуацыя, калі шмат беларускіх дзеячаў і дзяячак зьехалі за мяжу, зусім ня новая, і гэты досьвед ранейшай беларускай эміграцыі можна выкарыстоўваць.
«Я думаю, мы проста працягваем тую самую працу. Безумоўна, гэта ўсё сумна, але, з другога боку, мы бачым, што цяпер сярод беларусаў за мяжой ёсьць нашмат больш цікавасьці да беларускай культуры, чым гэта было раней, да 2020-га».
Юля кажа, што мае аптымістычны погляд на сытуацыю, якая чакае нас у будучыні, і што падзелу на «яны і мы» ня будзе, хоць цяпер ён у нейкай ступені адчуваецца.
«Магчыма, гэта зьвязана з нашай фізычнай разарванасьцю. Але ёсьць інтэрнэт, які дапамагае трымаць кантакт, дапамагае беларусам, якія знаходзяцца ў Беларусі, напрыклад, купляць электронныя кнігі або глядзець тэатральныя пастаноўкі».
Паэтка дадае, што культурныя дзеячы і дзяячкі, якія знаходзяцца ў замежжы, маюць творчую свабоду, каб тварыць, гаварыць пра сытуацыю ў Беларусі.
«Але мы таксама мусім арыентавацца на тых беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне, каб яны маглі далучацца да таго, што мы робім і, магчыма, нам падаваць нейкія сыгналы, што там штосьці адбываецца. Я думаю, што такія сувязі ёсьць, проста яны не афішуюцца, не гучаць у СМІ. Я хачу верыць у тое, што ўсё будзе больш ці менш добра, бо бяз гэтай веры немагчыма працаваць».
«Беларусь вандруе па сьвеце з кожным зь беларусаў»
Беларускі пісьменьнік казаў падчас кангрэсу, што культура — гэта не абавязкова штосьці добрае, штосьці пазытыўнае.
«Культура — гэта стварэньне чагосьці. А ўжо чаму будзе служыць створанае, гэта зусім іншае пытаньне. Перад беларускай культурай стаіць некалькі вялікіх выклікаў. Вельмі вялікая праблема — падзел, які павялічваецца з кожным днём: тыя, хто зьехаў, і тыя, хто застаўся. Пакуль што мы яшчэ можам сказаць штосьці адно аднаму, але што будзе праз год, два, тры, пяць?».
Пісьменьнік кажа, што беларуская культура ўжо ператвараецца ў цалкам эмігранцкую і гэта, безумоўна, у нейкім сэнсе небясьпечна.
«Але рэч у тым, што Беларусь ня тоесная Рэспубліцы Беларусь у яе дзяржаўных межах. Беларусь — гэта штосьці большае. Я аднойчы параўнаў Беларусь з такой лятучай выспай: для яе ня так важная тэрыторыя, яна вандруе па сьвеце з кожным зь беларусаў. Кожны, хто зьяжджае, бярэ яе з сабой».
У такім сэнсе, мяркуе Альгерд, беларуская культура застанецца і захаваецца, але гэта таксама пытаньне асабістай адказнасьці.
«Калі ты гатовы ўзяць сваю Беларусь з сабой, значыць, яна будзе існаваць і культура будзе існаваць. Калі ты прыйшоў да высновы, што варта ўжо растварыцца ў культуры той краіны, куды ты пераехаў, то, значыць, не. Пытаньне асабістай адказнасьці і асабістага выбару».
«Нават у самых цяжкіх абставінах мы наўрад ці спынімся ствараць беларускае мастацтва»
Арт-мэнэджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка «Амбасады культуры» і Галерэі сучаснага мастацтва «Ў», галерэi «Падземка» Ганна Чыстасердава лічыць, што зараз трэба распрацаваць нейкі інструмэнт ці прастору для ўзаемадзеяньня паміж рознымі гульцамі беларускай культуры ў выгнаньні.
Ганна ня верыць, што беларуская культура за мяжой можа стаць цалкам эмігранцкай, а ў Беларусі застанецца іншая культура, магчыма, прарасейская.
«Я ня веру, бо ў Беларусі і ў беларусаў вельмі добрыя навыкі партызаншчыны і нават у самых цяжкіх абставінах мы наўрад ці спынімся ствараць беларускае мастацтва ў Беларусі ці за межамі».
Ганна бачыць вымушаную эміграцыю як моцны бок для таго, каб беларускія гульцы культуры ўзбагачаліся новымі ведамі, працай у новых кантэкстах.
«Зараз мы маем магчымасьць атрымаць дадатковую адукацыю, прайсьці нейкую практыку, папрацаваць з інстытуцыямі культуры і мастацтва ў іншых краінах. Я спадзяюся, што маладое пакаленьне тых, хто выехаў зь Беларусі, могуць вярнуцца туды ў зусім іншым прафэсійным статусе. Ну і я заўсёды імкнуся бачыць добрыя рэчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Халезін аб прэм’еры і новых фарматах «Дзікага паляваньня караля Стаха». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віктар Корбут: «У Польшчы, ЭЗ, увогуле ў сьвеце мой збор для архіву-музэю беларускай незалежнасьці ня мае аналягаў»