У Міжнародным судзе ААН у Гаазе з 18 па 27 верасьня адбудуцца папярэднія слуханьні пазову Ўкраіны супраць Расеі ў сувязі з парушэньнем міжнароднай канвэнцыі аб папярэджаньні і пакараньні злачынства генацыду — у сувязі з расейскім поўнамаштабным ваенным уварваньнем ва Ўкраіну.
Украіна падала пазоў 27 лютага 2022 году, праз тры дні пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня. Раней суд пастанавіў, што да пазову Ўкраіны маюць права далучыцца 32 краіны, у тым ліку практычна ўсе эўрапейскія дзяржавы, а таксама Канада, Аўстралія і Новая Зэляндыя. Злучаным Штатам Амэрыкі суд адмовіў з фармальнай прычыны.
У ходзе папярэдніх слуханьняў расейскі бок павінен даказаць, што справа не падсудная Міжнароднаму суду ААН.
«Прэтэнзіі Кіева фактычна зводзяцца да аспрэчваньня законнасьці правядзеньня ваеннай спэцыяльнай апэрацыі ў адпаведнасьці са Статутам ААН, а таксама статусу „ДНР“ і „ЛНР“. Згаданая канвэнцыя ня мае ніякага дачыненьня да гэтых пытаньняў», — заявілі раней у МЗС РФ.
Украінскі бок лічыць, што дзеяньні Расеі супраць Украіны маюць прыкметы генацыду. У якасьці аднаго з доказаў прыводзіцца гвалтоўны вываз дзяцей з Украіны — праз падазрэньне ў датычнасьці да гэтага раней Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Аднак сярод выстаўленых гэтым судом абвінавачваньняў генацыду няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН заявіла, што ня мае дастатковых доказаў, каб прызнаць ваенныя злачынствы Расеі генацыдам украінцаўУ пачатку верасьня кіраўнік Камісіі для расьсьледаваньня злачынстваў ва Ўкраіне ААН Эрык Мёзэ заявіў, што ў ААН па-ранейшаму «няма дастатковых доказаў для выкананьня прававых патрабаваньняў Канвэнцыі аб папярэджаньні злачынстваў генацыду і пакараньні за яго». У Кіеве гэтую думку раскрытыкавалі.
Калі суд ААН вызначыцца зь юрысдыкцыяй справы, то слуханьне па сутнасьці павінна адбыцца не раней за наступны год і можа зацягнуцца на гады.
У чэрвені Міжнародны суд ААН у Гаазе правёў слуханьні яшчэ аднаго пазову Ўкраіны супраць Расеі ў справе аб магчымым парушэньні расейскім бокам дзьвюх міжнародных канвэнцый: аб барацьбе зь фінансаваньнем тэрарызму і аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі. Гэты пазоў Украіна падала яшчэ ў 2017 годзе ў сувязі з анэксіяй Расеяй Крыму і ўзброенымі дзеяньнямі на Данбасе.
Міжнародны суд ААН — галоўны судовы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ён знаходзіцца ў Палацы міру ў Гаазе (Нідэрлянды) і вырашае судовыя спрэчкі паміж дзяржавамі ў адпаведнасьці з міжнародным правам. Расея ў цэлым прызнае сваю юрысдыкцыю, але адмаўляе ў асобных выпадках.
Гэты суд ня варта блытаць зь Міжнародным крымінальным судом (МКС), які таксама дзейнічае ў Гаазе, але не зьяўляецца органам ААН і не прызнаны Расеяй. Менавіта МКС выдаў ордэр на арышт Пуціна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзіцячая спэцапэрацыя. Хто вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь», — дасьледаваньне Беларускага расьсьледніцкага цэнтру