Аднак улады Польшчы ўжо абвясьцілі, што яны, са свайго боку, ня здымуць забарону на ўвоз украінскіх сельгаспрадуктаў. Раней зрабіць тое ж самае насуперак рашэньню Эўракамісіі паабяцалі Вугоршчына і Славаччына. Выканаць эўрапейскае рашэньне згодныя Баўгарыя і Румынія.
Як сказана ў заключэньні Эўракамісіі, дзякуючы таму, што з 2 траўня ўвялі часовыя захады па абмежаваньні імпарту збожжа з Украіны, «праблемы на рынках пяці краін ЭЗ зьніклі». Акрамя таго, Украіна абавязалася на працягу 30 дзён увесьці прававыя захады, каб пазьбегнуць масавага ўкіду сваёй сельгаспрадукцыі на эўрапейскі рынак.
Прэм'ер-міністар Польшчы Маравецкі ў пятніцу заявіў, што працягвае забарону на ўвоз украінскага збожжа, нягледзячы на нязгоду Эўракамісіі. «Таму што гэта ў інтарэсах польскіх фэрмэраў, – падкрэсьліў ён. – Мы ня будзем слухаць Бэрлін, мы ня будзем слухаць фон дэр Ляен, Туска або Вэбера», – дадаў кіраўнік польскага ўраду.
Украінскі прэмʼер Шмыгаль назваў рашэньне Польшчы папулізмам і паабяцаў, што Кіеў зьвернецца ў арбітраж УГА.
У Польшчы ў разгары перадвыбарчая кампанія: 15 кастрычніка тут пройдуць парлямэнцкія выбары.
- 2 траўня Эўракамісія часова забараніла пастаўкі пшаніцы, кукурузы, рапсу і насеньня сланечніку з Украіны ў Баўгарыю, Вугоршчыну, Польшчу, Румынію і Славаччыну. Гэта адбылося пасьля шматлікіх скаргаў гэтых краін на тое, што таннае ўкраінскае зерне, у тым ліку прызначанае для транзыту ў найбяднейшыя краіны сьвету, асядае на мясцовых рынках і складае непажаданую канкурэнцыю прадукцыі мясцовых фэрмэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча забараніла імпарт збожжа з Украіны дзеля аховы ўласнай сельскай гаспадаркі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар сельскай гаспадаркі Польшчы пайшоў у адстаўку праз украінскае збожжа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы міністар сельскай гаспадаркі расказаў, чаму Беларусь купіць за мяжой мільён тон збожжа